1 САМУЭЛЯ 16 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

1 Сам 16

1 І сказаў ГОСПАД Самуэлю: «Дакуль ты будзеш сумаваць дзеля Саўла, якога Я адкінуў, каб ён ня быў валадаром над Ізраілем. Напоўні рог свой алеем і ідзі. Я пасылаю цябе да Есэя з Бэтлеему, бо сярод сыноў ягоных Я ўбачыў для Сябе валадара».

2 І сказаў Самуэль: «Як я пайду? Пачуе пра гэта Саўл і заб’е мяне». І сказаў яму ГОСПАД: «Возьмеш з сабою ялаўку і скажаш: “Іду скласьці ахвяру ГОСПАДУ”.

3 І запросіш Есэя на ахвяру, а Я дам табе ведаць, што маеш рабіць, і ты памажаш таго, пра каго Я скажу табе».

4 І зрабіў Самуэль так, як ГОСПАД прамовіў. І прыйшоў ён у Бэтлеем. І напалохаліся старшыні гораду, сустрэўшы яго, і спыталіся: «Ці мірны прыход твой?»

5 Ён сказаў: «Мірны. Я прыйшоў, каб скласьці ахвяру ГОСПАДУ. Асьвяціцеся і хадзіце са мною скласьці ахвяру». І асьвяціў Есэя і сыноў ягоных, і паклікаў іх на ахвяру.

6 І прыйшлі яны, і ўбачыў Самуэль Эліява, і сказаў: «Без сумніву, перад ГОСПАДАМ памазанец Ягоны!»

7 Але ГОСПАД сказаў Самуэлю: «Не глядзі на выгляд ягоны, ані на высокі рост ягоны, бо Я яго адкінуш. Бо Я ня так, як глядзіць чалавек, бо чалавек бачыць вачыма, а ГОСПАД бачыць сэрца».

8 І паклікаў Есэй Абінадава, і прывёў яго перад аблічча Самуэля, але ён сказаў: «Ня гэтага выбраў ГОСПАД».

9 І прывёў Есэй Шамму, але сказаў: «І гэтага ня выбраў ГОСПАД».

10 І прыводзіў Есэй сем сыноў сваіх да Самуэля, але Самуэль казаў Есэю: «Ня выбраў ГОСПАД анікога з іх».

11 І сказаў Самуэль Есэю: «Ці гэта ўсе хлопцы твае?» Ён адказаў: «Застаўся яшчэ адзін, найменшы, ён пасьвіць авечкі». І сказаў Самуэль Есэю: «Пашлі па яго і прывядзі яго. Не пачнем, пакуль ён ня прыйдзе».

12 І паслаў ён па яго, і прывёў яго, а быў ён руды, меў прыгожыя вочы і зграбную постаць. І сказаў ГОСПАД: «Устань, памаж яго, бо гэта ён».

13 І ўзяў Самуэль рог з алеем, і памазаў яго ў прысутнасьці братоў ягоных. І зыйшоў на Давіда Дух ГОСПАДА ад таго дня. А Самуэль падняўся і вярнуўся ў Раму.

14 І пакінуў Дух ГОСПАДА Саўла, і авалодаў ім дух ліхі ад ГОСПАДА.

15 І сказалі Саўлу слугі ягоныя: «Мучыць цябе ліхі дух ад Бога.

16 Гаспадару наш, дай загад, і слугі твае, якія пры табе, адшукаюць чалавека, які грае на гусьлях, каб ён, калі будзе цябе мучыць дух ліхі ад Бога, граў табе рукою сваёю, і будзе добра табе».

17 І сказаў Саўл слугам сваім: «Знайдзіце мне чалавека, які грае добра на гусьлях, і прывядзіце яго да мяне».

18 І адказаў адзін з юнакоў, і сказаў: «Вось, я бачыў сына Есэя з Бэтлеему, які ўмее граць на гусьлях. Ён — чалавек мужны і дужы, моцны ў слове, і прыгожы, і ГОСПАД ёсьць з ім».

19 І паслаў Саўл пасланцоў да Есэя, і сказаў: «Прышлі да мяне Давіда, сына твайго, які пасьвіць авечак».

20 І ўзяў Есэй пяць хлябоў, буклак з віном і адно казьляня, і паслаў праз Давіда, сына свайго, Саўлу.

21 І прыйшоў Давід да Саўла, і стаў перад ім. І Саўл палюбіў яго вельмі, і стаўся ён у яго збраяносцам.

22 І паслаў Саўл да Есэя, кажучы: «Давід застанецца ў мяне, бо ён знайшоў ласку ў вачах маіх».

23 І, калі дух, Богам, агартаў Саўла, Давід браў гусьлі і граў рукою сваёй. І Саўлу была палёгка, і ён адчуваў сябе добра, бо адступаўся ад яго ліхі дух.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help