ЭЗЭКІЭЛЬ 26 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Эзк 26

1 І сталася ў адзінаццатым годзе, у першы месяца, і было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

2 «Сыне чалавечы, за тое, што Тыр сказаў Ерусаліму: “Ага! Зламаная брама народаў; ён зьвяртаецца да мяне, я буду багаты, бо ён спустошаны”,

3 дзеля гэтага так кажа Гос­пад ГОСПАД: “Вось, Я супраць цябе, Тыр, і Я прывяду супраць цябе народы шматлікія, як мора ўздымае хвалі свае.

4 І яны зруйнуюць муры Тыру, і разваляць вежы ягоныя. І Я вымяту з яго пыл ягоны, і зраблю з яго голую скалу.

5 Ён станецца пасярод мора месцам, каб сушыць сеткі, бо Я прамовіў, кажа Госпад ГОСПАД, і будзе ён здабычай для народаў.

6 Дочкі ягоныя, якія на полі, пагінуць ад мяча, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД”.

7 Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, Я прывяду з поўначы супраць Тыру Навухаданосара, валадара Бабілону, валадара валадароў, з коньмі, калясьніцамі і вершнікамі, з войскам і мноствам народу.

8 І дочак тваіх, якія на полі, ён заб’е мячом, і паставіць супраць цябе вежу, і насыпле супраць цябе вал, і паставіць супраць цябе шчыт.

9 А галавіцу таранаў сваіх ён наставіць супраць муроў тваіх, і вежы твае разваліць мячамі сваімі.

10 Ад мноства коней ягоных пакрые цябе куродым іхні, ад грукату вершніка, колаў і калясьніцаў будуць дрыжаць муры твае, калі яны будуць уваходзіць у брамы твае, як пры ўваходзе ў здабыты горад.

11 Капытамі коней сваіх ён паб’е ўсе вуліцы твае, народ твой мячом пазабівае, а слупы магутнасьці тваёй паваліць на зямлю.

12 І разрабуюць багацьці твае, і забяруць тавары твае, і зруйнуюць муры твае, і дамы твае багатыя разбураць, а камяні твае, і дрэва тваё, і парахно тваё кінуць у сярэдзіну мора.

13 І Я спыню гук сьпеваў тваіх, і голас гусьляў тваіх ня будзе больш чутны.

14 І Я зраблю з цябе голую скалу, і ты станешся месцам, каб сушыць сеткі, больш ня будзеш адбудаваны, бо Я, ГОСПАД, прамовіў, кажа Госпад ГОСПАД”.

15 Гэта кажа Госпад ГОСПАД Тыру: “Ці ад гуку руйнаваньня твайго, калі будуць стагнаць параненыя, калі забіваньнем будуць забіваць пасярод цябе, не задрыжаць астравы?

16 І зыйдуць з вышыні пасадаў сваіх усе князі мора, скінуць з сябе плашчы свае, здымуць з сябе вышываныя шаты, апрануцца ў страх, сядуць на зямлі, і будуць дрыжаць без перапынку, і трэсьціся будуць з тваёй прычыны.

17 Яны будуць галасіць дзеля цябе і скажуць табе: “Як ты загінуў, як адарваны ад мора, горад слаўны, які быў моцным на моры, ты і жыхары твае, якія прыносілі страх свой усім жыхарам ягоным!

18 Цяпер дрыжаць астравы ў дзень загубы тваёй; стрывожыліся астравы, якія на моры, адыходам тваім”.

19 Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Калі Я зраблю цябе горадам спустошаным, як гарады, у якіх ніхто не жыве, калі навяду на цябе бездань, і накрыюць цябе воды вялікія,

20 Я скіну цябе да тых, якія зыйшлі ў магілу, да людзей старадаўніх, і пасялю цябе ў зямлі падземнай, як руіны адвечныя, з тымі, якія зыйшлі ў магілу, каб ня быў ты заселены і ня меў славы ў зямлі жывых.

21 Я зраблю цябе страхоцьцем, і ня будзе цябе. І будуць шукаць, і ня знойдуць ніколі, на вякі, кажа Госпад ГОСПАД”».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help