ДРУГАЗАКОНЬНЕ 34 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Друг 34

1 І ўзыйшоў Майсей з раўніны Мааву на гару Нэво, на вяршыню Пісга насупраць Ерыхону. І паказаў яму ГОСПАД усю зямлю Гілеад аж да Дану,

2 і ўсю Нэфталі, зямлю Эфраіма і Манасы, і ўсю зямлю Юды аж да Мора Заходняга,

3 Нэгеў і абшар раўніны Ерыхону, гораду пальмаў, аж да Цаару.

4 І сказаў ГОСПАД яму: «Гэта тая зямля, якую Я запрысяг Абрагаму, Ісааку і Якубу, кажучы: “Я дам яе насеньню твайму”. Бачыў ты яе вачыма сваімі, але ня ўвойдзеш у яе».

5 І памёр Майсей, слуга Божы, там, у зямлі Мааў, паводле з вуснаў ГОСПАДА.

6 І пахавалі яго ў даліне ў зямлі Мааў насупраць Бэт-Пэору. І ніхто ня ведае магілы ягонай па сёньняшні дзень.

7 Майсей меў сто дваццаць гадоў, калі памёр, але вочы ягоныя не былі прыцьмёныя, і сіла ягоная не пакінула яго.

8 І плакалі па Майсеі сыны Ізраіля на раўніне Мааву трыццаць дзён. І скончыліся дні жалобы па Майсеі.

9 І Егошуа, сын Нуна, на якога Майсей усклаў рукі свае, быў поўны духа мудрасьці. І слухалі яго сыны Ізраіля, і рабілі ўсё, як загадаў ГОСПАД праз Майсея.

10 І не паўстаў больш у Ізраілі прарок такі, як Майсей, якога ведаў ГОСПАД тварам у твар

11 і якога паслаў чыніць знакі і цуды ў зямлі Эгіпецкай перад фараонам, і перад слугамі ягонымі, і перад усёй зямлёй ягонай,

12 і рабіць усе рукі моцнай і ўсе страшныя, якія ўчыніў Майсей на вачах усяго Ізраіля.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help