ДЗЕІ 20 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Дз 20

1 А калі сьціхла замяшаньне, Павал, паклікаўшы вучняў і разьвітаўшыся, пайшоў, каб ісьці ў Македонію.

2 Прайшоўшы ж тыя краіны і многімі словамі падбадзёрыўшы іх, прыйшоў у Грэцыю.

3 І прабыўшы тры месяцы, калі сталася змова супраць яго ў Юдэяў, вырушыў у Сірыю, і прыйшла яму думка вярнуцца праз Македонію.

4 А праводзілі яго да Азіі Сапатэр з Бэрэі, а з Тэсалонцаў — Арыстарх, і Сэкунд, і Гай з Дэрбы, і Цімафей, а з Азійцаў — Тыхік і Трафім.

5 Яны, апярэдзіўшы, чакалі на нас у Траадзе.

6 А мы паплылі былі пасьля дзён праснакоў з Філіпаў і праз пяць дзён прыйшлі да іх у Трааду, дзе былі сем дзён.

7 А ў першы дзень пасьля суботы, калі вучні сабраліся пераламіць хлеб, Павал вёў гутарку з імі, маючы на заўтра выйсьці, і зацягнуў слова да паўночы.

8 Было ж даволі лямпаў у залі, дзе яны сабраліся.

9 А нейкі юнак, на імя Эўтых, які сядзеў на вакне і глыбока заснуў, як Павал доўга вёў гутарку, змораны ў сьне, упаў з трэцяга паверху ўніз і быў падняты мёртвы.

10 Павал жа, зыйшоўшы, упаў да яго і, абняўшы, сказаў: «Не хвалюйцеся, бо душа ягоная ў ім».

11 І, узыйшоўшы і пераламіўшы хлеб, і пакаштаваўшы, гутарыў даволі аж да сьвітаньня, і гэтак пайшоў.

12 А хлопца таго прывялі жывога і ўсьцешыліся нямала.

13 А мы, пайшоўшы наперад да карабля, вырушылі ў Ас, маючы забраць адтуль Паўла, бо гэтак ён загадаў, маючы сам ісьці пехатою.

14 Калі ж ён зыйшоўся з намі ў Асе, узяўшы яго, мы прыйшлі ў Мітылену.

15 Паплыўшы адтуль, мы назаўтра былі насупраць Хіёса, а на наступны дзень прысталі да Самосу і, пабыўшы ў Трагільлі, наступнага дня прыйшлі ў Мілет,

16 бо Павал судзіў абмінуць Эфэс, каб не губляць часу ў Азіі, бо ён сьпяшаўся быць, калі магчыма, у дзень Пяцідзясятніцы ў Ерусаліме.

17 А з Мілету, паслаўшы ў Эфэс, ён паклікаў старостаў царквы.

18 Калі ж яны прыйшлі да яго, ён сказаў ім: «Вы ведаеце, як я ад першага дня, у які прыйшоў у Азію, увесь час быў з вамі,

19 служачы Госпаду з усёй пакораю і з многімі сьлязьмі і спакусамі, якія здараліся са мною ад змоваў Юдэйскіх,

20 як не абмінуў я нічога карыснага, каб не абвясьціць вам і не навучаць вас перад грамадою і па дамах,

21 сьведчачы і Юдэям, і Грэкам пра навяртаньне да Бога і пра веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста.

22 І вось цяпер, зьвязаны Духам, іду я ў Ерусалім, ня ведаючы, што там сустрэне мяне,

23 адно Дух Сьвяты сьведчыць па гарадах, кажучы, што чакаюць мяне путы і прыгнёт.

24 Але я аніяк не зважаю на гэта і ня дбаю пра сваё жыцьцё, абы толькі ў радасьці скончыць бег мой і служэньне, якое атрымаў ад Госпада Ісуса — сьведчыць пра Эвангельле ласкі Божае.

25 І цяпер вось ведаю, што больш ня ўгледзіце аблічча майго вы ўсе, сярод якіх я хадзіў, абвяшчаючы Валадарства Божае.

26 Дзеля гэтага сьведчу вам у сёньняшні дзень, што я чысты ад крыві ўсіх,

27 бо не ўхіляўся абвяшчаць вам усю волю Божую.

28 Дык сьцеражыце самі сябе і ўвесь статак, у якім Дух Сьвяты паставіў вас за епіскапаў пасьвіць царкву Божую, якую Ён здабыў уласнай крывёю.

29 Бо я ведаю, што пасьля адыходу майго прыйдуць да вас ваўкі лютыя, якія ня будуць шкадаваць статак,

30 і спасярод вас саміх паўстануць людзі, якія будуць гаварыць сапсавана, каб пацягнуць вучняў за сабою.

31 Дзеля гэтага чувайце, памятаючы, што я тры гады ўдзень і ўначы не пераставаў са сьлязьмі настаўляць кожнага з вас.

32 І цяпер я аддаю вас, браты, Богу і слову ласкі Ягонае, што можа збудаваць і даць вам спадчыну з усімі, хто асьвечаны.

33 Ані срэбра, ані золата, ані адзеньня я ні ад каго не жадаў.

34 Вы ж самі ведаеце, што ў патрэбах маіх і тых, што былі са мною, паслугавалі рукі гэтыя.

35 У-ва ўсім перасьцерагаў я вас, што, гэтак працуючы, мусім падтрымліваць нядужых і памятаць словы Госпада Ісуса, як Ён сказаў: “Шчасьлівей даваць, чым браць”».

36 І, сказаўшы гэтае і ўкленчыўшы, ён маліўся з імі ўсімі.

37 Стаўся ж вялікі плач ва ўсіх, і, кідаючыся на шыю яму, цалавалі яго,

38 сумуючы найбольш дзеля слова, якое ён сказаў, што ўжо больш ня будуць бачыць аблічча ягонага. І праводзілі яго да карабля.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help