2 ВАЛАДАРОЎ 23 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Вал 23

1 І паслаў валадар, і сабраліся да яго ўсе старшыні Юды і Ерусаліму.

2 І ўвайшоў валадар у Дом ГОСПАДА, і ўсе людзі Юды, і ўсе жыхары Ерусаліма з ім, і сьвятары, і прарокі, і ўвесь народ ад малога да вялікага. І прачытаў ён у вушы іхнія ўсе словы Кнігі Запавету, якую знайшлі ў Доме ГОСПАДА.

3 І стаў валадар на ўзвышэньні, і заключыў запавет перад абліччам ГОСПАДА, што яны будуць хадзіць за ГОСПАДАМ і будуць захоўваць прыказаньні Ягоныя, сьведчаньні Ягоныя і пастановы Ягоныя ўсім сэрцам і ўсёй душой, каб выканаць словы запавету гэтага, якія запісаныя ў кнізе гэтай. І ўвесь народ далучыўся да запавету.

4 І загадаў валадар Хількіі, вялікамі сьвятару, і іншым сьвятарам, і вартаўнікам парогаў, каб выкінулі са Сьвятыні ГОСПАДА ўсе рэчы, зробленыя для Баала, і для Астарты, і для ўсяго войска нябеснага. І ён спаліў усё гэта па-за Ерусалімам у даліне Кедрону, а попел іхні занёс у Бэтэль.

5 І прыбраў ён службітаў паганскіх, якіх паставілі валадары Юды, і якія кадзілі на ўзгорках у гарадах Юды і ў ваколіцах Ерусаліму, і якія кадзілі Баалу, сонцу, месяцу, сузор’ям і ўсяму войску нябеснаму.

6 І вынес ён з Дому ГОСПАДА Астарту, і па-за Ерусалім да ручая Кедрон, і спаліў яе каля ручая Кедрон, і сьцёр яе на парахно, і кінуў яе на магілы людзей простых.

7 І разваліў ён дамы распусьнікаў, якія былі пры Доме ГОСПАДА, дзе жанчыны ткалі адзеньне для Астарты.

8 І выгнаў ён усіх сьвятароў з гарадоў Юды, і апаганіў узгоркі, дзе сьвятары гэтыя кадзілі, ад Гевы да Бээр-Шэвы. І зруйнаваў узгорак брамы, які быў каля ўваходу ў браму Егошуа, начальніка гораду, з левага боку ад гарадзкой брамы.

9 І сьвятарам узгоркаў забараніў прыходзіць да ахвярніка ГОСПАДА ў Ерусаліме, толькі маглі яны есьці праснакі між братамі сваімі.

10 І апаганіў ён Тафэт, які ў даліне Бэн-Гінном, каб ужо ніхто не праводзіў сына свайго або дачку праз агонь для Малоха.

11 І прыбраў коней, якіх валадары Юды пасьвячалі сонцу, ад уваходу ў Дом ГОСПАДА каля жытла Натан-Мэлеха, эўнуха, якое на панадворку, і спаліў агнём калясьніцы сонца.

12 І ахвярнікі на даху верхняга пакоя Ахаза, якія зрабілі валадары Юды, і ахвярнікі, якія зрабіў Манаса ў абодвух панадворках Дому ГОСПАДА, валадар зьнішчыў, і прыбраў адтуль, а пыл ад іх укінуў у ручай Кедрон.

13 І апаганіў ён узгоркі насупраць Ерусаліму з правага боку гары Аліўнай, якія Салямон, валадар Ізраіля, паставіў для Астарты, брыдоты Сідонцаў, і для Кемоша, брыдоты Мааву, і для Мількома, брыдоты сыноў Амона.

14 І паразьбіваў ён слупы, і высек гаі, і засыпаў месца іхняе косткамі чалавечымі.

15 І таксама ахвярнік, які ў Бэтэлі, узгорак, зроблены Ерабаамам, сынам Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля, таксама ахвярнік гэты і ўзгорак разваліў, і спаліў, і сьцёр у пыл, і спаліў Астарту.

16 І глянуў Ёсія, і ўбачыў магілы, якія там на гары, і паслаў, і загадаў узяць косткі з магілаў, і спаліў іх на ахвярніку, і апаганіў яго паводле слова ГОСПАДА, якое абвясьціў чалавек Божы, што абвяшчаў падзеі гэтыя.

17 І сказаў: «Што гэта за помнік, які я бачу?» І сказалі яму жыхары гораду: «Гэта магіла чалавека Божага, які прыйшоў з Юды і абвясьціў тое, што ты зрабіў з ахвярнікам у Бэтэлі».

18 І сказаў ён: «Пакіньце яго. Няхай ніхто не чапае костак ягоных». І косткі ягоныя пакінулі некранутымі разам з косткамі прарока, які прыйшоў з Самарыі.

19 І таксама ўсе дамы ўзгоркаў, якія ў гарадах Самарыі і якія пабудавалі валадары Ізраіля, каб гнявіць, Ёсія разваліў і зрабіў з імі так, як зрабіў у Бэтэлі.

20 І пазабіваў ён усіх сьвятароў узгоркаў, якія там пры ахвярніках, і спаліў на іх косткі чалавечыя, і вярнуўся ў Ерусалім.

21 І загадаў валадар усяму народу, кажучы: «Спраўляйце Пасху ГОСПАДА, Бога вашага, як напісана ў кнізе Запавету гэтага».

22 Бо не была спраўляная Пасха ад дзён судзьдзяў, якія судзілі Ізраіля, і праз усе дні валадароў Ізраіля і валадароў Юды.

23 Толькі ў васямнаццатым годзе валадара Ёсіі спраўлялі Пасху ГОСПАДА ў Ерусаліме.

24 І таксама Ёсія вынішчыў тых, якія выклікалі духаў памерлых, і варажбітоў, і тэрафімаў, ідалаў і ўсе брыдоты, якія былі бачаныя ў зямлі Юды і ў Ерусаліме, каб выканаць словы Закону, запісаныя ў кнізе, якую знайшоў сьвятар Хількія ў Доме ГОСПАДА.

25 Перад ім не было такога валадара, які б навярнуўся да ГОСПАДА ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй, і ўсёю сілаю сваёй паводле ўсяго Закону Майсея, і пасьля яго не зьявіўся падобны яму.

26 Аднак ГОСПАД не спыніў ярасьці гневу Свайго, які ўзгарэўся супраць Юды за ўсе зьнявагі, якімі гнявіў Яго Манаса.

27 І сказаў ГОСПАД: «Нават Юду Я адкіну ад аблічча Майго, як Я адкінуў Ізраіля. І адкіну горад гэты, які Я выбраў, Ерусалім, і Дом, пра які Я сказаў: “Там будзе імя Маё!”»

28 А іншыя дзеяньні Ёсіі і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.

29 У дні ягоныя фараон Нэхо, валадар Эгіпту, пайшоў на валадара Асірыі на раку Эўфрат. І выйшаў насустрач яму валадар Ёсія, і, калі ўбачыў яго, быў забіты ім у Мэгіддо.

30 І павезьлі слугі ягоныя забітага на калясьніцы з Мэгіддо, і прывезьлі ў Ерусалім, і пахавалі яго ў магіле ягонай. А народ краіны ўзяў Егаахаза, сына ягонага, і памазаў яго, і паставіў яго валадаром на месца бацькі ягонага.

31 Егаахаз меў дваццаць тры гады, калі стаў валадаром, і валадарыў ён у Ерусаліме тры месяцы. Імя маці ягонай — Хамуталь, дачка Ярэміі з Лібны.

32 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, паводле ўсяго таго, што рабілі бацькі ягоныя.

33 І фараон Нэхо ўвязьніў яго ў Рыўлі, у зямлі Хамат, каб не валадарыў ён у Ерусаліме, і наклаў на краіну даніну — сто талентаў срэбра і талент золата.

34 І паставіў фараон Нэхо валадаром Эліякіма, сына Ёсіі, замест Ёсіі, бацькі ягонага, і зьмяніў імя ягонае на Егаякім. А Егаахаза ўзяў і завёў у Эгіпет, і ён там памёр.

35 І Егаякім даваў фараону срэбра і золата, і мусіў ён ападаткаваць зямлю, каб даваць срэбра паводле з вуснаў фараона, і ад кожнага чалавека ў зямлі паводле вызначанага падатку ён вымагаў срэбра і золата, каб даваць фараону Нэхо.

36 Егаякім меў дваццаць пяць гадоў, калі стаў валадаром, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Зэбіда, дачка Пэдаі з Румы.

37 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, усё, як рабілі бацькі ягоныя.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help