2 ЛЕТАПІСАЎ 18 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Лет 18

1 І было ў Язафата шмат багацьця і славы; і ён пасваячыўся з Ахавам.

2 І пайшоў ён праз некалькі гадоў да Ахава ў Самарыю. І ахвяраваў Ахаў мноства авечак і валоў для яго і для людзей, што з ім, і намовіў яго ісьці на Рамот Гілеадзкі,

3 І сказаў Ахаў, валадар Ізраіля, Язафату, валадару Юды: «Ці пойдзеш са мною на Рамот Гілеадзкі?» Той сказаў яму: «Як ты, так і я; як народ твой, так і народ мой; і я з табою на вайне».

4 І сказаў Язафат валадару Ізраіля: «Спытайся сёньня слова ГОСПАДА».

5 І сабраў валадар Ізраіля прарокаў чатырыста чалавек, і сказаў ім: «Ці ісьці нам на вайну на Рамот Гілеадзкі, ці стрымацца?» І яны сказалі: «Ідзі, і Бог аддасьць ў руку валадара».

6 І сказаў Язафат: «Ці няма тут яшчэ прарока ГОСПАДА? І мы спытаемся ў яго».

7 І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Ёсьць адзін чалавек, каб праз яго спытацца ў ГОСПАДА; але я ненавіджу яго, бо ён не прарочыць пра мяне добрае, але ўсе дні свае ліхое. Гэта Міхей, сын Імлі». І сказаў Язафат: «Не кажы так, валадару».

8 І паклікаў валадар Ізраіля аднаго эўнуха, і сказаў: «Прывядзі хутчэй Міхея, сына Імлі».

9 А валадар Ізраіля і Язафат, валадар Юды, сядзелі кожны на пасадзе сваім, апранутыя ў шаты валадарскія. І сядзелі яны каля ўваходу ў брамы Самарыі; і ўсе прарокі прарочылі перад імі.

10 І зрабіў сабе Сэдэкія, сын Кенааны, рогі жалезныя, і сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Імі будзеш бадаць Сірыйцаў, пакуль ня выгубіш іх”».

11 І ўсе прарокі прарочылі, кажучы: «Ідзі на Рамот Гілеадзкі, і будзеш мець посьпех, і аддасьць ГОСПАД ў руку валадара».

12 А пасланец, які пайшоў клікаць Міхея, прамовіў да яго, кажучы: «Вось, словы прарокаў аднолькава добрыя для валадара. І няхай слова тваё, прашу, будзе, як аднаго з іх, і ты гавары добрае».

13 І сказаў Міхей: «Як жывы ГОСПАД! Што скажа мне Бог, тое я буду гаварыць».

14 І прыйшоў ён да валадара, і сказаў яму валадар: «Міхею, ці ісьці нам на вайну на Рамот Гілеадзкі, ці стрымацца?» І той сказаў: «Ідзіце, і будзеце мець посьпех, і яны будуць аддадзены ў рукі вашыя».

15 І сказаў яму валадар: «Колькі разоў я павінен прысягаю абавязваць цябе, каб ты гаварыў мне толькі праўду ў імя ГОСПАДА?»

16 І ён сказаў: «Я бачыў увесь Ізраіль, расьцярушаны на гарах, як авечкі, у якіх няма пастуха. І сказаў ГОСПАД: “Няма ў іх гаспадара, няхай вернуцца кожны ў дом свой у супакоі”».

17 І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Ці не казаў я табе, што ён не прарочыць мне добрае, але толькі ліхое?»

18 І сказаў: «Таму слухайце слова ГОСПАДА. Я бачыў ГОСПАДА, Які сядзеў на пасадзе Сваім, і ўсё войска нябеснае стаяла праваруч і леваруч Яго.

19 І сказаў ГОСПАД: “Хто намовіць Ахава, валадара Ізраіля, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Гілеадзкім?” І казалі, і адзін казаў так, а другі казаў гэтак.

20 І выступіў дух, і стаў перад абліччам ГОСПАДА, і сказаў: “Я намоўлю”. І сказаў яму ГОСПАД: “Як?”

21 Той сказаў: “Я выйду і буду духам хлусьлівым у вуснах усіх прарокаў ягоных”. І сказаў: “Ты намовіш, і атрымаецца ў цябе; ідзі і зрабі гэтак”.

22 І цяпер, вось, ГОСПАД даў духа хлусьлівага ў вусны прарокаў тваіх, і ГОСПАД прамовіў пра цябе ліхое».

23 І наблізіўся Сэдэкія, сын Кенаана, і ўдарыў Міхея па шчацэ, і сказаў: «Якім гэта шляхам адыйшоў ад мяне Дух ГОСПАДА, каб гаварыць з табою?»

24 І сказаў Міхей: «Вось, ты ўбачыш ў той дзень, калі будзеш бегаць з пакою ў пакой, каб схавацца».

25 І сказаў валадар Ізраіля: «Вазьміце Міхея, і завядзіце яго да Амона, начальніка гораду, і да Ёаша, сына валадарскага,

26 і скажыце: “Гэта сказаў валадар. Пасадзіце яго ў вязьніцу і давайце яму хлеб скупа і ваду скупа, пакуль я вярнуся ў супакоі”».

27 І сказаў Міхей: «Калі ты сапраўды вернешся ў супакоі, не прамаўляў ГОСПАД праз мяне». І сказаў: «Слухайце, усе людзі!»

28 І пайшоў валадар Ізраіля і Язафат, валадар Юды, на Рамот Гілеадзкі.

29 І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Я пераапрануся і пайду ў бітву, а ты апрані шаты свае». І пераапрануўся валадар Ізраільскі, і яны пайшлі ў бітву.

30 А валадар Сірыі загадаў начальнікам калясьніцаў сваіх, якія былі ў яго, кажучы: «Ня біцеся ані з малым, ані з вялікім, але толькі з валадаром Ізраіля».

31 І сталася, што ўбачылі начальнікі калясьніцаў Язафата і сказалі: «Гэта валадар Ізраіля», — і атачылі яго, каб біцца з ім. І закрычаў Язафат, і ГОСПАД дапамог яму, і адвёў іх Бог ад яго.

32 І сталася, што ўбачылі начальнікі калясьніцаў, што гэта не валадар Ізраіля, і павярнулі ад яго.

33 І адзін чалавек ненарокам нацягнуў лук і трапіў у валадара Ізраіля паміж поясам і панцырам. І той сказаў возьніку: «Павярні руку тваю і вывязі мяне з табару, бо я паранены».

34 І разгарэлася бітва ў той дзень, і валадар Ізраіля стаяў на калясьніцы супраць Сірыйцаў аж да вечара, і памёр у часе заходу сонца.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help