ЛІКІ 8 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Лікі 8

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Прамоў да Аарона і скажы яму: “Калі будзеш запаль­ваць лямпы, на пярэднім баку сьвечніка павінны гарэць сем лямпаў”».

3 Аарон зрабіў гэтак і на пярэднім баку сьвечніка запаліў лямпы, як загадаў ГОСПАД Майсею.

4 Такі вось быў выраб сьвечніка: куты ён быў з золата, ад падставы аж да кветак быў куты паводле ўзору, які паказаў ГОСПАД Майсею, і так ён зрабіў сьвечнік.

5 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

6 «Вазьмі лявітаў спаміж сыноў Ізраіля і ачысьці іх.

7 Ачысьці іх так: пакрапі іх вадой ахвяры за грэх, і няхай паголяць яны ўсё цела сваё, і няхай вымыюць адзеньне сваё, і будуць чыстымі.

8 І возьмуць цяля са статку і ахвяру хлебную з мукі, запраўленай алеем, а другое цяля са статку ты возьмеш у ахвяру за грэх.

9 І прывядзеш лявітаў перад Намёт Спатканьня, і зьбярэш ўсю грамаду сыноў Ізраіля.

10 І прывядзеш лявітаў перад аблічча ГОСПАДА, і сыны Ізраіля пакладуць на лявітаў рукі свае.

11 І Аарон як патрэсванае перад абліччам ГОСПАДА ахвяруе лявітаў ад сыноў Ізраіля, і будуць яны служыць ГОСПАДУ.

12 А лявіты ўскладуць рукі свае на галовы цялят, і ты аднаго з іх складзеш у ахвяру за грэх, а другога — у ахвяру цэласпаленьня для ГОСПАДА, каб перапрасіць за лявітаў.

13 І паставіш лявітаў перад абліччам Аарона і сыноў ягоных, і ахвяруеш іх як патрасанае ГОСПАДУ.

14 І аддзеліш лявітаў спаміж сыноў Ізраіля, і лявіты будуць Маімі.

15 А потым няхай прыходзяць лявіты, каб служыць у Намёце Спатканьня, і ты ачысьціш іх, і ахвяруеш іх як ахвяру патрэсваньня.

16 Бо яны Мне аддадзены спасярод сыноў Ізраіля. Узяў Я іх у сыноў Ізраіля замест усіх першародных, якія адкрыва­юць улоньне.

17 Бо Мае ўсе першародныя з сыноў Ізраіля, як з людзей, так і з жывёлы. Ад таго дня, у які Я выгубіў усё першароднае ў зямлі Эгіпецкай, Я іх пасьвяціў для Сябе.

18 І ўзяў Я лявітаў замест усіх першародных спаміж сыноў Ізраіля.

19 І Я даю лявітаў Аарону і сынам ягоным спаміж сыноў Ізраіля, каб яны служылі Мне за сыноў Ізраіля ў Намёце Спатканьня, каб перамольваць ГОСПАДА за сыноў Ізраіля, і ня будзе кары на сыноў Ізраіля, калі наблізяцца сыны Ізраіля да Сялібы».

20 Дык Майсей і Аарон і ўся грамада сыноў Ізраіля зрабілі з лявітамі гэтак; усё, што загадаў ГОСПАД Майсею адносна лявітаў, так і зрабілі з імі сыны Ізраіля.

21 І ачысьціліся лявіты, і памылі адзеньне сваё, а Аарон, патрэсваючы, ахвяраваў іх ГОСПАДУ і перамольваў за іх Аарон, каб былі ачышчаныя.

22 Пасьля ўвайшлі лявіты, каб спаўняць службу сваю ў Намёце Спатканьня перад абліччам Аарона і сыноў ягоных. Як загадаў ГОСПАД Майсею адносна лявітаў, так і зрабілі з імі.

23 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

24 «Гэта адносна лявітаў: ад дваццаці пяці гадоў і вышэй няхай прыходзяць яны і слу­жаць у Намёце Спатканьня;

25 а калі будуць мець пяцьдзясят гадоў, няхай не спаўняюць службы і больш не працуюць,

26 а будуць дапамагаць братам сваім у Намёце Спатканьня ў спаўненьні службы, і служэньня ня будуць выконваць. Так зробіш з лявітамі адносна службы іхняй».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help