ЯРЭМІЯ 35 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Яр 35

1 Слова, якое было Ярэміі ад ГОСПАДА ў дні Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, кажучы:

2 «Ідзі ў дом Рэхавічаў, і паразмаўляй з імі, і прывядзі іх у Дом ГОСПАДА ў адзін з пакояў, і дай ім піць віно».

3 І я ўзяў Яазанію, сына Ярэміі, сына Хабацыніі, і братоў ягоных, і ўсіх сыноў ягоных, і ўвесь дом Рэхавічаў,

4 і ўвёў іх у Дом ГОСПАДА, у пакой сыноў Ханана, сына Ігдаліі, чалавека Божага, які блізка пакою князёў, над пакоем Маасэі, сына Шальлюма, які пільнаваў парог.

5 І я паставіў перад абліччам сыноў дому Рэхава начыньні, напоўненыя віном, і келіхі, і сказаў ім: «Піце віно!»

6 А яны сказалі: «Ня будзем піць віна, бо Ёнадаў, сын Рэхава, бацька наш, загадаў нам, кажучы: “Ня будзеце піць віна ані вы, ані сыны вашыя на вякі.

7 І ня будзеце вы будаваць дамоў, ня будзеце сеяць насеньне, ня будзеце садзіць вінаграднікі і ня будзеце мець іх, але будзеце жыць у намётах усе дні вашыя, каб жылі вы шмат дзён на абліччы зямлі, на якой вы вандруеце”.

8 І мы паслухаліся голасу Ёнадава, сына Рэхава, бацькі нашага, у-ва ўсім, што ён загадаў нам, каб мы ня пілі віна ўсе дні нашыя, мы, жонкі нашыя, сыны нашыя і дочкі нашыя,

9 і каб мы не будавалі дамоў на пражываньне, і ня мелі ані вінаграднікаў, ані палёў, ані насеньня.

10 І мы жывем у намётах, і мы паслухмяныя і ходзім паводле ўсяго, што загадаў нам Ёнадаў, бацька наш.

11 І сталася, калі Навухаданосар, валадар Бабілонскі, напаў на зямлю гэтую, мы сказалі: “Хадзем, схаваемся ў Ерусаліме перад войскам Халдэйскім і перад войскам Араму!” Імы пасяліліся ў Ерусаліме».

12 І было слова ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:

13 «Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Ідзі і скажы мужам Юды і жыхарам Ерусаліму: “Ці вы не прынялі навучаньня, каб слухацца словаў Маіх? — кажа ГОСПАД.

14 Выкананыя словы Ёнадава, сына Рэхава, у якіх згадаў ён сынам ня піць віна, і яны ня п’юць да дня сёньняшняга, бо яны паслухмяныя загаду бацькі свайго, а Я прамаўляў да вас, устаючы ўначы і прамаўляючы, але вы не паслухалі Мяне!

15 І Я пасылаў да вас усіх слугаў Маіх, прарокаў, устаючы ўначы і пасылаючы, і кажучы: "Адвярніцеся, прашу, кожны ад шляху свайго ліхога і выпраўце ўчынкі вашыя, і не хадзіце за іншымі багамі, каб служыць ім, і будзеце жыць у зямлі, якую Я даў вам і бацькам вашым". Але вы не прыхілілі вуха сваё і не паслухаліся Мяне.

16 Бо выканалі сыны Ёнадава, сына Рэхава, прыказаньне бацькі свайго, якое ён загадаў ім, а народ гэты не паслухаўся Мяне!

17 Дзеля гэтага так кажа ГОС­ПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я навяду на Юду і на ўсіх жыхароў Ерусаліму ўсялякае ліха, якое Я прамовіў супраць іх. Бо Я прамаўляў да іх, а яны ня слухалі, і Я клікаў іх, а яны не адказвалі”».

18 А да дому Рэхавічаў сказаў Ярэмія: «Гэта кажа ГОС­ПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. За тое, што вы былі паслухмянымі прыказаньню Ёнадава, бацькі вашага, і захоўваеце ўсе прыказаньні ягоныя, і ходзіце паводле ўсяго, што ён загадаў вам,

19 дзеля гэтага так кажа ГОС­ПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Не застанецца Ёнадаў, сын Рэхава, бяз мужа, які будзе стаяць перад абліччам Маім праз усе дні”».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help