ЭЗРА 4 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Эзр 4

1 І пачулі ворагі Юды і Бэн’яміна, што сыны выгнаньня будуюць Дом для ГОСПАДА, Бога Ізраіля.

2 І прыйшлі яны да Зэрубабэля і да галоваў баць­коў, і сказалі ім: «Будзем і мы будаваць з вамі, бо і мы, як і вы, шукаем Бога вашага і ахвяруем ахвяры Яму ад дзён Эсар-Гадона, валадара Асірыі, які прывёў нас сюды».

3 І сказаў ім Зэрубабэль і Ешуа, і іншыя галовы бацькоў Ізраіля: «Не будаваць вам і нам Дом Богу нашаму. Мы адны будзем будаваць для ГОСПАДА, Бога Ізраіля, як загадаў нам Кір, валадар Пэрсаў».

4 І стаў народ зямлі той паслабляць рукі народу Юды і палохаць іх пры будаўніцтве.

5 І наймалі супраць іх дарадцаў, каб разбурыць намер іхні, праз усе дні Кіра, валадара Пэрсаў, аж да валадараньня Дарыя, валадара Пэрсаў.

6 А ў валадараньне Ахашвэроша, на пачатку валадараньня ягонага, напісалі скаргу на жыхароў Юды і Ерусаліму.

7 І ў дні Артаксэркса напісалі Бішлам, Мітрэдат, Табээль і іншыя таварышы іхнія да Артаксэркса, валадара Пэрсаў. І ліст быў напісаны па-арамейску і перакладзены на мову арамейскую.

8 Рэхум канцлер і Шымшай пісар напісалі адзін ліст суп­раць Ерусаліму да валадара Артаксэркса гэтак:

9 «Тады і тады. Рэхум канцлер, і Шымшай пісар, і іншыя таварышы іхнія — Дынэйцы, Афарсатхейцы, Тарпэлейцы, Афарсэйцы, Архейцы, Бабілонцы, Шушанцы, Дэгайцы, Элямцы,

10 і іншыя народы, якіх перасяліў Аснапар, вялікі і славуты, і пасяліў у горадзе Самарыі і ў іншых Зарэчча, і іншае».

11 Гэта водпіс лісту, які пасланы да: «Артаксэрксу валадару — слугі слугаў тваіх, людзі Зарэчча, і іншае.

12 Няхай будзе вядома валадару, што Юдэі, якія выйшлі ад цябе, прыйшлі да нас у Ерусалім, і горад бунтаўнічы і нягодны адбудоўваюць, і муры аднаўляюць, і падмуркі напраўляюць.

13 Цяпер няхай будзе вядома валадару, што калі горад гэты будзе адбудаваны і муры адноўленыя, ня будуць яны плаціць ані даніны, ані падатку, ані мыта, і прыбытку валадара будзе шкода.

14 І вось, мы солім сольлю з палацу, і зьнявагі валадару ня можам бачыць. Дзеля гэтага пасылаем і паведамляем валадару.

15 Няхай пашукаюць у кнізе запісаў бацькоў тваіх, і знойдзеш у кнізе запісаў, і даведаешся, што горад гэты — горад бунтаўнічы і шкодзіць валадарам і краям, і бунты паднімаюць у ім з дзён старадаўніх. За гэта горад гэты быў зруйнаваны.

16 Мы паведамляем валадару, што калі горад гэты будзе адбудаваны і муры ягоныя будуць адноўленыя, з гэтай прычыны ня будзе ў цябе часткі ў Зарэччы».

17 Валадар паслаў адказ: «Рэхуму канцлеру, і Шымшаю пісару, і іншым таварышам іхнім, якія жывуць у Самарыі і ў іншых Зарэчча. Супакой і іншае.

18 Ліст, які вы прыслалі нам, выразна прачыталі перада мною.

19 І ад мяне выйшаў загад, і шукалі, і знайшлі, што горад гэты з дзён старадаўніх паўставаў супраць валадароў, і былі ў ім бунты і паўстаньні,

20 і былі ў Ерусаліме валадары магутныя, якія панавалі ў-ва ўсім Зарэччы, і ім давалі даніну, падаткі і мыта.

21 І цяпер дайце загад, каб людзі гэтыя спыніліся і горад гэты не адбудоўваўся, пакуль ад мяне ня выйдзе загад.

22 І будзьце ўважлівыя, каб не зрабіць у гэтым недагляду. Навошта мае павялічвацца зло на шкоду валадарам?»

23 Як толькі водпіс гэтага ліста ад валадара Артаксэркса быў прачытаны перад Рэхумам і Шымшаем пісарам, і таварышамі іхнімі, яны, сьпяшаючыся, пайшлі ў Ерусалім да Юдэяў і спынілі іхнюю зброяй і гвалтам.

24 Тады спынілася праца пры Доме Божым, які ў Ерусаліме; і спынілася яна аж да другога году валадараньня Дарыя, валадара Пэрсаў.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help