2 ВАЛАДАРОЎ 4 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Вал 4

1 Адна ўдава спасярод жонак сыноў прарокаў клікала да Элісэя, кажучы: «Мой муж, слуга твой, памёр. А ты ведаеш, што слуга твой баяўся ГОСПАДА. Але прыйшоў ліхвяр, каб забраць сабе абодвух дзяцей маіх у нявольнікі».

2 І сказаў ёй Элісэй: «Што магу зрабіць для цябе? Скажы мне, што маеш у доме сваім?» Яна сказала: «Служка твая ня мае ў доме анічога, акрамя збанка з алеем».

3 І сказаў: «Ідзі, пазыч сабе посуд у-ва ўсіх суседзяў сваіх, посуд пусты, і яго нямала.

4 І вярніся, і замкні дзьверы за сабою і сынамі тваімі, і налівай у-ва ўсе гэтыя пасудзіны, а напоўненыя адстаўляй».

5 І яна пайшла ад яго, і замкнула дзьверы за сабою і за сынамі сваімі, і яны падносілі ёй посуд, а яна налівала.

6 І сталася, калі ўвесь посуд быў поўны, сказала яна сыну свайму: «Прынясі мне яшчэ пасудзіну». Але ён сказаў ёй: «Ня маю больш посуду». І спыніўся алей.

7 І пайшла яна, і паведаміла чалавеку Божаму, а ён сказаў ёй: «Ідзі, прадай алей і вярні доўг пазычальніку твайму. А ты і сыны твае жывіце з таго, што засталося».

8 І сталася, што аднаго дня Элісэй праходзіў праз Шунэм. І там багатая жанчына затрымала яго, каб паеў хлеба. І колькі разоў ён там праходзіў, заходзіў туды падсілкавацца хлебам.

9 І сказала яна мужу свайму: «Вось, я ведаю, што той чалавек Божы, які заўсёды прахо­дзіць каля нас, — сьвяты.

10 Дык зробім верхні пакойчык, і паставім у ім ложак, стол, зэдлік і сьвечнік, і станецца, калі ён зойдзе да нас, застанецца там».

11 І сталася аднаго дня, што ён зайшоў туды, і падняўся ў верхні пакойчык, і там заначаваў.

12 І сказаў ён слузе свайму Гехазію: «Пакліч Шунамянку гэтую». І ён паклікаў яе, і яна стала перад абліччам ягоным.

13 І сказаў: «Скажы ёй: “Вось, ты так рупішся пра нас з такой руплівасьцю. Што зрабіць для цябе? Можа, пагаварыць праа цябе з валадаром або з начальнікам войска?”» А яна сказала: «Я жыву сярод народу свайго».

14 І ён сказаў: «Дык што зрабіць для яе?» І Гехазі сказаў: «На жаль, яна ня мае сына, а муж ейны стары».

15 І сказаў: «Пакліч яе!» І ён паклікаў яе, і яна стала каля дзьвярэй.

16 І ён сказаў: «У вызначаны час паводле часу жыцьця ты будзеш песьціць сына». І яна адказала: «Гаспадару мой, чалавек Божы, не падманвай служкі тваёй».

17 І зачала жанчына, і нара­дзіла сына ў вызначаны час паводле часу жыцьця, як прамовіў да яе Элісэй.

18 І рос той хлопчык. І сталася аднаго дня, што пайшоў ён да бацькі свайго, да жняцоў,

19 і сказаў ён бацьку свайму: «Галава мая! Галава мая!» І сказаў слузе: «Занясі яго да маці ягонай!»

20 Забраў яго і занёс да маці ягонай. І ён сядзеў на каленях у яе да паўдня, і памёр.

21 Яна ўзыйшла, і палажыла яго ў ложак чалавека Божага, і замкнула за сабою, і выйшла.

22 І паклікала яна мужа свайго, і сказала: «Прыйшлі мне, калі ласка, аднаго са слугаў і асьліцу, і я пайду да чалавека Божага, і вярнуся».

23 І ён сказаў ёй: «Навошта ідзеш да яго сёньня? Не маладзік, не субота» Але яна сказала: «Супакой».

24 І яна асядлала асьліцу, і сказала слузе свайму: «Вядзі і ідзі! Не затрымоўвайся ў дарозе, пакуль не скажу табе».

25 І пайшла, і прыйшла да чалавека Божага на гару Кармэль. І сталася, калі чалавек Божы ўгледзеў яе здалёк, ён сказаў слузе свайму Гехазію: «Вось, тая Шунамянка.

26 Пабяжы насустрач ёй і скажы ёй: “Ці супакой у цябе? Ці супакой у мужа твайго? Ці супакой у сына твайго?”» І яна сказала: «Супакой».

27 І прыйшла яна на гару да чалавека Божага, і абняла ногі ягоныя, а Гехазі падыйшоў, каб адсунуць яе, але сказаў чалавек Божы: «Пакінь яе, бо душа ейная ў горычы, а ГОС­ПАД схаваў гэта ад мяне і не паведаміў мне».

28 А яна сказала: «Ці я прасіла гаспадара майго пра сына? Ці ж я не казала: “Не падманвай мяне”?»

29 І сказаў Гехазію: «Падперажы сьцёгны твае, і вазьмі кій мой у руку тваю, і ідзі! Калі сустрэнеш каго, не вітайся з ім, а калі цябе хто прывітае, не адказвай яму. І паложыш кій мой на аблічча хлопчыка».

30 І маці хлопца сказала: «Як жывы ГОСПАД і як жывая душа твая, не пакіну цябе!» І устаў, і пайшоў з ёю.

31 А Гехазі выперадзіў іх і палажыў кій на аблічча хлопца, але не было ані голасу, ані знаку. І Гехазі вярнуўся да яго, і паведаміў яму, кажучы: «Хлопец не прачнуўся».

32 І ўвайшоў Элісэй у дом, і вось, хлопчык ляжыць мёртвы на ложку ягоным.

33 І ўвайшоў ён, і замкнуў дзьверы за сабою, і маліў ГОСПАДА.

34 І падыйшоў, і лёг на хлопчыка, і прытуліў вусны свае да вуснаў ягоных, і вочы свае да вачэй ягоных, і далоні свае да далоняў ягоных, і прыціснуўся да яго, і грэў цела хлопчыка.

35 І вярнуўся, і хадзіў па доме туды і сюды, і ўзыйшоў, і прыціснуўся да яго, і хлопец пазяхнуў сем разоў і расплюшчыў хлопец вочы свае.

36 І паклікаў Гехазія, і сказаў: «Пакліч Шунамянку гэтую». І той паклікаў яе, і яна ўвайшла да яго, і ён сказаў: «Вазьмі сына твайго».

37 І яна ўвайшла, і ўпала да ног ягоных, і пакланілася да зямлі, і ўзяла сына свайго, і выйшла.

38 А Элісэй вярнуўся ў Гільгал. І быў голад у зямлі. І сыны прарокаў сядзелі перад абліччам ягоным, і ён сказаў слузе свайму: «Пастаў вялікі кацёл і звары поліўку для сыноў прарокаў».

39 І выйшаў адзін з іх у поле назьбіраць зеляніны. І знайшоў ён дзікую расьліну, і назьбіраў з яе дзікіх пладоў поўны плашч свой. І ён вярнуўся, і накідаў іх у кацёл з поліўкай, а ён ня ведаў, што гэта была.

40 І налілі людзям есьці. І калі яны паелі поліўку, закрычалі і сказалі: «Сьмерць у катле, чалавек Божы!» І не маглі есьці.

41 І сказаў: «Прынясіце мукі». І насыпаў ён ў кацёл, і сказаў: «Наліце людзям». І елі, і ў катле не было нічога ліхога.

42 І прыйшоў чалавек з Баал-Шалішу, і прынёс чалавеку Божаму хлеб з пяршынаў: дваццаць хлябоў ячменных і сьвежае збожжа ў мяху. І сказаў: «Дайце людзям, і няхай яны ядуць».

43 І сказаў паслугач ягоны: «Як я дам гэта сотні людзей?» А ён сказаў: «Дай людзям, і няхай ядуць, бо гэта кажа ГОСПАД: “Ешце і застанецца”».

44 І ён даў ім, і яны насыціліся, і яшчэ засталося паводле слова ГОСПАДА.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help