ЯРЭМІЯ 27 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Яр 27

1 На пачатку валадараньня Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, было слова ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:

2 «Гэта сказаў мне ГОСПАД. Зрабі сабе путы і ярмо, і ўзлажы сабе на шыю.

3 І пашлі іх да валадара Эдому, і валадара Мааву, і валадара сыноў Амона, і валадара Тыру, і валадара Сідону праз рукі пасланцоў, якія ўвайшлі ў Ерусалім да Сэдэкіі, валадара Юды.

4 І загадаеш ім для паноў іхніх, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Так маеце сказаць панам вашым:

5 "Я ўчыніў зямлю, чалавека і жывёлу, якія на абліччы зямлі, сілай Маёй вялікай і рамяном Маім узьнятым; і Я даю яе таму, хто правы ў вачах Маіх.

6 І цяпер Я аддаў усе землі гэтыя ў рукі Навухаданосара, валадара Бабілонскага, слугі Майго. Я аддаю яму таксама зьвяроў палявых, каб служылі яму.

7 І будуць служыць усе народы яму, і сыну ягонаму, і сыну сына ягонага, пакуль ня прыйдзе час таксама для зямлі ягонай, і зьняволяць яе народы шматлікія і валадары вялікія.

8 І станецца, што валадарствы, якія ня будуць служыць Навухаданосару, валадару Бабілонскаму, і якія ня схіляць карку свайго пад ярмо валадара Бабілонскага, Я наведаю народы гэтыя мячом, голадам і заразай, кажа ГОСПАД, аж пакуль не канец ім у руках ягоных.

9 І вы ня слухайце прарокаў вашых, і варажбітоў вашых, і сноў вашых, і прадказальнікаў вашых, і чараўнікоў вашых, якія вам гавораць, кажучы: “Ня будзеце служыць валадару Бабілонскаму”.

10 Бо яны прарочаць вам хлусьню, каб выгнаць вас з зямлі вашай, і Я вас выганю, і вы пагінеце.

11 А народ, які схіліць карак свой пад ярмо валадара Бабілонскага і будзе служыць яму, Я пакіну яго ў зямлі ягонай, кажа ГОСПАД, і ён будзе абрабляць яе і будзе жыць на ёй"”.

12 І да Сэдэкіі, валадара Юды, Я прамовіў паводле ўсіх словаў гэтых, кажучы: “Скарыце каркі свае пад ярмо валадара Бабілонскага, і служыце яму і народу ягонаму, і будзеце жыць.

13 Дзеля чаго вы маеце паміраць, ты і народ твой, ад мяча, голаду і заразы, як гэта прамовіў ГОСПАД пра народ, які ня будзе служыць валадару Бабілонскаму?

14 І ня слухайце словы прарокаў, якія кажуць: “Ня будзеце служыць валадару Бабілонскаму”, бо яны прарочаць вам хлусьню.

15 Бо Я не пасылаў іх, кажа ГОСПАД, і яны прарочаць у імя Маё хлусьню, каб Я выгнаў вас, і пагінеце вы і прарокі, якія прарочаць вам”.

16 І да сьвятароў і да народу гэтага Я прамовіў, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД. Ня слухайце словы прарокаў вашых, якія прарочаць вам: “Вось, начыньне Дому ГОСПАДА цяпер вернецца хутка з Бабілону”, бо яны прарочаць вам хлусьню.

17 Ня слухайце іх, служыце валадару Бабілонскаму, і будзеце жыць. Навошта горад гэты мае стацца руінамі?

18 А калі яны прарокі і слова ГОСПАДА з імі, няхай яны заступаюцца ў ГОСПАДА Магуцьцяў, каб начыньне, якое засталося ў Доме ГОСПАДА, і ў доме валадара Юды, і ў Ерусаліме, не перайшло ў Бабілон.

19 Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў пра слупы, пра мора мядзянае, пра падставы і пра рэшту начыньня, якое засталося ў горадзе гэтым,

20 якое не забраў Навухаданосар, валадар Бабілонскі, калі павёў у няволю з Ерусаліму ў Бабілон Ехонію, сына Егаякіма, валадара Юды, і ўсіх шляхетных Юды і Ерусаліму.

21 Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля, пра начыньне, якое засталося ў Доме ГОСПАДА, і ў доме валадара Юды, і ў Ерусаліме:

22 "Будзе яно перанесена ў Бабілон і там будзе аж да дня, у які Я наведаю іх, кажа ГОСПАД. І Я вазьму яго, і вярну на месца гэта"”».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help