1 САМУЭЛЯ 18 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

1 Сам 18

1 І скончыў Давід размову з Саўлам, і душа Ёнатана прыхілілася да душы Давіда, і палюбіў яго Ёнатан, як душу сваю.

2 І з таго дня ўзяў яго Саўл да сябе, і ня даў яму вярнуцца ў дом бацькі свайго.

3 І заключыў Ёнатан запавет з Давідам, бо палюбіў ён яго як душу сваю.

4 І зьняў з сябе Ёнатан шату, якая на ім, і даў яе Давіду, і астатняе адзеньне сваё, і нават меч, лук і пояс свой.

5 І хадзіў Давід усюды, куды пасылаў яго Саўл, і ўсюды меў посьпех. І паставіў яго Саўл начальнікам над ваярамі, і ён быў добрым у вачах усяго народу, а таксама ў вачах слугаў Саўла.

6 І, калі ішлі, калі вяртаўся Давід, перамогшы Філістынцаў, выходзілі жанчыны з песьнямі і танцамі, з бубнамі і гусьлямі насустрач валадару Саўлу.

7 І танчылі жанчыны, і сьпя­валі, паўтараючы: «Пабіў Саўл тысячы, а Давід — дзясяткі тысячаў».

8 І вельмі ўзлаваўся Саўл, і кепскімі былі ў вачах ягоных словы гэтыя, і ён сказаў: «Давіду даюць дзясяткі тысячаў, а мне даюць толькі тысячы; яму толькі валадараньня не хапае».

9 Ад таго дня глядзеў Саўл на Давіда крывым вокам.

10 А на другі дзень апанаваў Саўла ліхі дух, Богам, і ён шалеў у доме сваім. І Давід як штодзень граў на гусьлях, а Саўл трымаў дзіду ў руцэ.

11 І кінуў Саўл дзіду рукою сваёй, і сказаў: «Прыб'ю Давіда да сьцяны». Але Давід ухіліўся, і было так два разы.

12 І баяўся Саўл Давіда, бо ГОСПАД быў з ім, а ад Саўла адвярнуўся.

13 І адсунуў Саўл яго ад сябе, і прызначыў яго тысячнікам, і ён выходзіў і ха­дзіў перад абліччам народу.

14 І на ўсіх шляхах сваіх меў Давід посьпех, і ГОСПАД з ім.

15 І ўбачыў Саўл, што ўсё ідзе пасьпяхова, і меў страх перад ім.

16 А ўвесь Ізраіль і Юда любілі Давіда, бо ён выходзіў і хадзіў перад абліччам іхнім.

17 І сказаў Саўл Давіду: «Вось старэйшая дачка мая Мэраб. Я дам яе табе за жонку, але будзь у мяне мужным і вядзі войны ГОСПАДА». А Саўл казаў: «Не мая рука будзе суп­раць яго, але будзе суп­раць яго рука Філістынцаў».

18 І сказаў Давід Саўлу: «Хто я і якое жыцьцё маё, або якая сям'я бацькі майго ў Ізраілі, каб быць мне зяцем валадара?»

19 Але калі наблізіўся час аддаць за Давіда Мэраб, дачку Саўла, яна была аддадзена за жонку Адрыэлю з Мэхолы.

20 І дачка Саўла, Міхаль, пакахала Давіда. І паведамілі пра гэта Саўлу, і была гэтая справа слушная ў вачах ягоных.

21 І сказаў Саўл: «Аддам яму яе, і будзе яна для яго пасткаю, і будзе супраць яго рука Філістынцаў». І другі раз сказаў Саўл Давіду: «Сёньня будзеш зяцем маім».

22 І загадаў Саўл слугам сваім: «Пагаварыце з Давідам паціху, кажучы: “Вось, ты падабаешся валадару, і ўсе слугі ягоныя любяць цябе, дык будзь зяцем валадара”».

23 І гаварылі гэтыя словы слугі Саўла ў вушы Давіду, і Давід сказаў: «Ці ж не малая гэта рэч у вачах вашых, каб я стаў зяцем валадару? Я ж чалавек бедны і нязначны».

24 І паведамілі гэта слугі Саўлу, кажучы, якія словы казаў Давід.

25 І сказаў Саўл: «Так скажыце Давіду: “Валадар не патрабуе ніякай платы за нявесту, але толькі сто скуравінак Філістынскіх, каб адпомсь­ціць ворагам валадара”». Бо думаў Саўл гэтак выдаць Давіда ў рукі Філістынцаў.

26 І паведамілі слугі валадара Давіду словы гэтыя, і была слушная справа гэтая ў вачах Давіда, каб стаць зяцем валадара.

27 Яшчэ ня скончыліся прызначаныя дні, а Давід устаў і пайшоў з ваярамі сваімі, і забіў дзьвесьце Філістынцаў, і прынёс Давід скуравінкі іхнія, і адлічыў іх валадару, каб быць зяцем валадара. І аддаў Саўл дачку сваю Міхаль за жонку яму.

28 І ўбачыў Саўл, і зразумеў, што ГОСПАД з Давідам, а Міхаль, дачка Саўла, кахае яго.

29 І тым больш пачаў Саўл баяцца Давіда, і стаўся Саўл ворагам Давіду ў-ва ўсе дні.

30 А валадары Філістынцаў выходзілі, але колькі разоў нападалі яны, Давід меў посьпех большы, чым слугі Саўла, і вельмі слаўным сталася імя ягонае.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help