ЭЗЭКІЭЛЬ 10 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Эзк 10

1 І я глядзеў, і вось над прасьцягам, раскінутым над галовамі херувімаў, было штосьці, быццам шафір, а з выгляду падобнае да пасаду.

2 І Ён сказаў чалавеку гэтаму, апранутаму ў ільняную шату: «Увайдзі паміж колаў пад херувімамі, і напоўніўшы далоні свае вугольлем агністым з месца паміж херувімамі, раскінь яго па горадзе». І ён увайшоў туды на вачах маіх.

3 А херувімы стаялі з правага боку сьвятыні, калі чалавек той туды ўваходзіў, і воблака запоўніла ўнутраны панадворак.

4 І слава ГОСПАДА паднялася з-над херувімаў да парогу сьвятыні, і сьвятыня напоўнілася воблакам, а панадворак быў поўны бляску славы ГОСПАДА.

5 І быў чуцён шум крылаў херувімаў аж на вонкавым панадворку, падобны да голасу Бога Усемагутнага, калі Ён прамаўляе.

6 А калі чалавеку таму, апранутаму ў ільняную шату, Ён даў такі загад: «Вазьмі агонь спаміж колаў, спаміж херувімаў», — той пайшоў і стаў побач з коламі.

7 Тады адзін з херувімаў выцягнуў руку ў накірунку агню, які між херувімамі, і, узяўшы яго, паклаў на далоні чалавека, апранутага ў ільняную шату. Той узяў і выйшаў.

8 А пад крыламі херувімаў зьявілася нешта накшталт рукі чалавечай.

9 Я глядзеў, і вось, пры боку херувімаў чатыры колы, па адным коле побач кожнага херувіма. Выгляд тых колаў — нібы бляск хрызаліту.

10 І выглядалі яны так, нібы кожнае з чатырох мела тую самую форму, і быццам адно кола знаходзілася ў другім.

11 І калі яны рухаліся, рухаліся ў чатырох сваіх напрамках, не адварочваліся, калі рухаліся ў тым напрамку, куды вяла іх галава, і рухаліся за ёй, і не адварочваліся, калі рухаліся.

12 Усё іх цела, плечы, рукі, крылы і колы ў-ва ўсіх чатырох былі запоўненыя кругом вачыма.

13 І я чуў, што колам была дадзена назва “гальгаль”.

14 Кожная жывая мела па чатыры абліччы. Першае было аблічча вала, другое — аблічча чалавека, трэцяе — аблічча ільва, а чацьвёртае — аблічча арла.

15 І падняліся херувімы. І была гэта тая самая істота, якую я бачыў над ракою Кевар.

16 Калі херувімы ішлі, рухаліся таксама пры боку іхнім колы, а калі херувімы падымалі крылы, каб падняцца з зямлі, колы не адрываліся ад боку іхняга.

17 Калі херувімы затрымліваліся, таксама і яны затрымліваліся, а калі падымаліся, падымаліся таксама і яны разам з імі, бо дух жывой быў у іх.

18 І адыйшла слава ГОСПАДА ад парогу сьвятыні, і затрымалася над херувімамі.

19 І херувімы ўзьнялі крылы, і паляцелі, і падняліся з зямлі на вачах маіх, і тыя колы разам з імі, і затрымаліся каля ўваходу ўсходняй брамы сьвятыні ГОСПАДА, і слава Бога Ізраіля супачывала над імі ўгары.

20 Была гэта тая самая жывая, якую я бачыў пад Богам Ізраіля над ракою Кевар, і я даведаўся, што гэта былі херувімы.

21 Кожны з іх меў чатыры абліччы і чатыры крылы, а пад крыламі — штосьці накшталт рук чалавечых.

22 Выгляд абліччаў іхніх быў падобны да тых самых абліччаў, якія я бачыў над ракою Кевар. Кожны рухаўся проста перад сабою.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help