ЯРЭМІЯ 32 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Яр 32

1 Слова, якое было ад ГОСПАДА да Ярэміі ў дзясятым годзе Сэдэкіі, валадара Юды, значыцца, у васямнаццатым годзе Навухаданосара.

2 Тады войска валадара Бабілонскага трымала ў аблозе Ерусалім, а Ярэмія прарок быў увязьнены на панадворку вартоўні ў доме валадара Юды.

3 Увязьніў яго там Сэдэкія, валадар Юды, кажучы: «Навошта ты прарочыш, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я аддам горад гэты ў рукі валадара Бабілонскага, і ён здабудзе яго.

4 А Сэдэкія, валадар Юды, не ўцячэ з рук Халдэйцаў, але выдаваньнем будзе выдадзены ў рукі валадара Бабілонскага, і будзе прамаўляць вуснамі сваімі ў вусны ягоныя, і вачыма сваімі ўбачыць вочы ягоныя.

5 І ён павядзе Сэдэкію ў Бабілон, і ён будзе там, пакуль Я не наведаю яго, кажа ГОСПАД, бо калі вы будзеце ваяваць з Халдэйцамі, не пашчасьціць вам”».

6 І сказаў Ярэмія: «Было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы:

7 “Вось, Ханамээль, сын Шальлюма, дзядзькі твайго, ідзе да цябе, кажучы: "Купі сабе поле маё, якое ў Анатоце, бо ты маеш права выкупу, каб набыць "”.

8 І прыйшоў да мяне Ханамээль, сын дзядзькі майго, паводле слова ГОСПАДА на панадворак вартоўні, і сказаў мне: “Купі, прашу, поле маё, якое ў Анатоце ў зямлі Бэн’яміна, бо ты маеш права спадчыны і выкупу. Купі сабе!” І я зразумеў, што гэта слова ГОСПАДА.

9 І я купіў поле ад Ханамээля, сына дзядзькі майго, поле, якое ў Анатоце, і адважыў яму срэбра, сямнаццаць сыкляў срэбра,

10 і напісаў дамову, і запячатаў, і ўзяў сьведкаў, і адважыў срэбра на вагах.

11 І потым я ўзяў дамову куплі, запячатаную паводле прыказаньня і пастановаў, і адкрытую.

12 І даў я дамову куплі Баруху, сыну Нэрыя, сына Махсэя, на вачах Ханамээля, дзядзькі майго, і на вачах сьведкаў, напісаных у дамове куплі, і на вачах усіх Юды, якія былі на панадворку вартоўні.

13 І я загадаў Баруху на вачах іхніх, кажучы:

14 “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вазьмі лісты гэтыя, дамову куплі запячатаную і дамову адкрытую, і зьмясьці у пасудзіну гліняную, каб захаваліся на шмат дзён.

15 Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: "Будуць яшчэ купляць дамы, палі і вінаграднікі ў зямлі гэтай"”.

16 І маліўся я да ГОСПАДА пасьля таго, як аддаў дамову куплі Баруху, сыну Нэрыя, кажучы:

17 “О, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, вось, Ты ўчыніў неба і зямлю вялікай сілаю Тваёю і рамяном Тваім узьнятым. Не складаная для Цябе ніякая рэч.

18 Ты зьяўляеш міласэрнасьць для тысячаў, але адплачваеш за беззаконьні бацькоў ва ўлоньне сыноў іхніх пасьля іх. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Тваё.

19 Ты вялікі ў радзе і магутны ў справах. Вочы Твае адкрытыя на ўсе шляхі сыноў чалавечых, каб даць кожнаму паводле шляхоў ягоных і паводле пладоў учынкаў ягоных.

20 Ты чыніў знакі і цуды ў зямлі Эгіпецкай, і аж да дня гэтага ў Ізраілі і сярод людзей, і Ты зрабіў Сабе імя, сёньня.

21 І Ты вывеў народ Твой, Ізраіль, з зямлі Эгіпецкай знакамі і цудамі, і рукою магутнаю, і рамяном узьнятым сярод трывогі вялікай.

22 І Ты даў ім зямлю гэтую, якую запрысяг даць бацькам іхнім, зямлю, якая ацякае ў мёд і малако.

23 І яны прыйшлі, і ўзялі яе на ўласнасьць, але ня слухалі голасу Твайго, і не хадзілі паводле Закону Твайго, і не рабілі ўсяго таго, што Ты загадаў ім. І Ты навёў на іх усё ліха гэтае.

24 Вось, валы падыходзяць да гораду, каб здабыць яго, і горад будзе аддадзены ў рукі Халдэйцаў, якія ваююць супраць яго, на пажыву мяча, голаду і заразы. Тое, што Ты прамовіў, зьдяйсьняецца, і, вось, Ты бачыш!

25 А Ты, Госпадзе ГОСПАДЗЕ, сказаў мне: "Купі сабе поле за срэбра і пакліч сьведкаў", а горад будзе аддадзены ў рукі Халдэйцаў!”»

26 І было слова ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:

27 «Вось, Я — ГОСПАД, Бог кожнага цела. Ці можа быць для Мяне нечаканай нейкая справа?

28 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: “Вось, Я аддам горад гэты ў рукі Халдэйцаў і ў руку Навухаданосара, валадара Бабілонскага, і ён здабудзе яго.

29 І ўвойдуць у яго Халдэйцы, якія ваююць супраць гораду гэтага, і падкладуць агонь пад горад гэты, і спаляць яго, і дамы, у якіх складалі ахвяры Баалу на дахах іхніх і вылівалі ахвяры вадкія іншым багам, каб гнявіць Мяне.

30 Бо ад маладосьці сваёй сыны Ізраіля і сыны Юды рабілі толькі ліхоту на вачах Маіх, бо сыны Ізраіля толькі гнявілі Мяне ўчынкамі рук сваіх, кажа ГОСПАД.

31 Бо прычынай гневу Майго і абурэньня Майго стаўся для Мяне горад гэты ад дня, калі пабудавалі яго, аж да дня сёньняшняга. Я адкіну яго ад аблічча Майго,

32 за ўсе злачынствы сыноў Ізраіля і сыноў Юды, якія яны рабілі, каб гнявіць Мяне, яны, валадары іхнія, князі іхнія, сьвятары іхнія і прарокі іхнія, і мужы Юды, і жыхары Ерусаліму.

33 І яны павярнуліся да Мяне патыліцаю, а не абліччам, і, хоць Я навучаў іх, устаючы ўначы і навучаючы, але яны не хацелі слухаць, каб прыняць настаўленьне.

34 І яны паставілі брыдоты свае ў Доме, над якім клікалі імя Маё, каб зьневажаць яго.

35 І яны пабудавалі ўзгоркі для Баала, якія ў даліне Бэн-Гіном, каб праводзіць праз агонь сыноў сваіх і дочак сваіх дзеля Малоха. Я не загадваў ім гэтага, і не прыходзіла на сэрца Маё, каб рабіць такую брыдоту і давесьці Юду да грэху”.

36 І цяпер гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля, пра горад гэты, пра які вы кажаце, што ён будзе выдадзены ў рукі валадара Бабілонскага мячом, голадам і заразай:

37 “Вось, Я зьбяру іх з усіх земляў, у якія Я выгнаў іх у гневе Маім і ў абурэньні вялікім, і вярну іх на месца гэтае, і дам ім жыць бясьпечна.

38 І будуць яны для Мяне народам, а Я буду для іх Богам.

39 І дам ім адно сэрца і адзін шлях, каб баяліся Мяне ў-ва ўсе дні, каб добра было ім і сынам іхнім пасьля іх.

40 І Я заключу з імі запавет вечны, што не адвярнуся ад іх, каб рабіць дабро ім, і страх Мой укладу ў сэрца іхняе, каб яны не адступаліся ад Мяне.

41 І Я буду цешыцца з іх, калі буду рабіць дабро для іх, і пасялю іх у зямлі гэтай у праў­дзе, з усяго сэрца Майго і з усёй душы Маёй”.

42 Бо гэта кажа ГОСПАД: “Як спаслаў Я на народ гэты ўсякае ліха вялікае, так Я спашлю на народ гэты ўсё дабро, якое абяцаў ім.

43 І будуць набываць палі ў зямлі гэтай, пра якую вы кажаце: "Гэта пустэча, без чалавека і бяз быдла, і яна аддадзена ў рукі Халдэйцаў".

44 І будуць купляць палі за срэбра, і будуць пісаць дамовы, і запячатваць іх, і клікаць сьведкаў у зямлі Бэн’яміна, у ваколіцах Ерусаліму, у гарадах Юды, у гарадах горных, у гарадах лагчынных і ў гарадах Нэгеву, бо Я вярну палонных іхніх, кажа ГОСПАД”».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help