1 Упаў Бэль, сагнуўся Нэво. Сталіся ідалы іхнія для зьвяроў і для скаціны. Тое, што насілі вы, палажылі як цяжар на змучаную.
2 Разам яны пазгіналіся і паваліліся, не змаглі вытрымаць цяжару, і душы іхнія пайшлі ў палон.
3 Паслухайце Мяне, дом Якуба і ўся рэшта дому Ізраіля, якіх Я ўзяў ад улоньня, насіў ад нараджэньня.
4 І да вашай старасьці Я — Той Самы, і да сівізны Я буду трымаць вас; Я зрабіў, і Я буду насіць, буду трымаць і збаўляць.
5 Да каго падобным і роўным вы зробіце Мяне? І з кім Мяне параўнаеце і да каго ўпадобніце?
6 Тыя, што выцягваюць золата з капшука і срэбра важаць на вагах, наймаюць залатара, каб зрабіў бога, і кленчаць перад ім, і пакланяюцца яму,
7 падымаюць яго на плечы і носяць, і стаўляюць яго на месцы ягоным; і ён стаіць, і з месца свайго ня рухаецца, а калі хто кліча яго, не адказвае і ад бяды не ратуе.
8 Памятайце пра гэта і будзьце дарослымі! Вазьміце гэта да сэрца, адступнікі!
9 Памятайце пра мінулыя, адвечныя, бо Я — Бог, і няма іншага Бога, няма падобнага да Мяне.
10 Я прадказваю ад пачатку тое, што мае быць, і наперад — тое, што ня сталася. Я кажу: «Рада Мая зьдзейсьніцца, і Я выканаю ўсю волю Маю».
11 Я клічу з усходу птушку драпежную, і з зямлі далёкай — чалавека, раду Маю. Што Я прамовіў, тое і споўню, і што вырашыў, тое і зраблю.
12 Слухайце Мяне, цьвёрдыя сэрцам, далёкія ад праведнасьці!
13 Я наблізіў праведнасьць Маю, яна ўжо недалёка, і збаўленьне Маё не замарудзіць, і Я дам на Сыёне збаўленьне, і Ізраілю — славу Маю.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.
