2 ВАЛАДАРОЎ 14 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Вал 14

1 У другім годзе Егааша, сына Егаахаза, валадара Ізраіля, Амазія, сын Ёаша, стаў валадаром Юды.

2 Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі пачаў валадарыць, і дваццаць дзевяць гадоў быў валадаром у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Егааддан з Ерусаліму.

3 І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, але ня так, як Давід, бацька ягоны, і рабіў ён усё так, як Ёаш, бацька ягоны.

4 Толькі ўзгоркі не былі зьніш­чаныя, і народ складаў ахвяры, і кадзіў на ўзгорках.

5 І калі ўмацаваў ён валадараньне сваё ў руцэ сваёй, ён забіў слугаў сваіх, якія забілі валадара, бацьку ягонага.

6 Але сыноў іхніх не забіваў паводле таго, што напісана ў Кнізе Закону Майсея, як загадаў ГОСПАД, кажучы: «Бацькі ня будуць забіваныя за сыноў, а сыны ня будуць забіваныя за бацькоў, але кожны за грэх свой сьмерцю памрэ».

7 Ён пабіў дзесяць тысячаў Эдомцаў у Саляной Даліне і захапіў Сэлю ў бітве, і назваў імя яе Ёктээль, і так ёсьць да сёньня.

8 Тады паслаў Амазія пасланцоў да Егааша, сына Егаахаза, сына Егу, валадара Ізраіля, кажучы: «Прыйдзі і пабачым абліччы!»

9 І паслаў Егааш, валадар Ізраіля, Амазіі, валадару Юды, кажучы: «Цярніна на Лібане паслала да кедра на Лібане, кажучы: “Дай дачку сваю сыну майму за жонку”. Але прыйшлі зьвяры палявыя, якія на Лібане, і вытапталі цярніну.

10 Ты пабіў Эдома, і сэрца тваё ўзганарылася. Будзь сабе слаўны, але заставайся ў доме тваім! Навошта ты выклікаеш ліха, каб упаў ты і Юда з табою?»

11 Але Амазія не паслухаў. І выйшаў Егааш, валадар Ізра­іля, і ён і Амазія, валадар Юды, пабачылі абліччы ў Бэт-Шэмэшы, які ў Юдзе.

12 І Юда быў пабіты Ізраілем, і ўцёк кожны ў намёт свой.

13 І Егааш, валадар Ізраіля, схапіў Амазію, валадара Юды, сына Ёаша, сына Ахазіі, у Бэт-Шэмэшы, і завёў яго ў Ерусалім, і зрабіў вылом у муры Ерусаліму ад брамы Эфраіма аж да брамы Вуглавой на чатырыста локцяў

14 і забраў усё золата і срэбра, і ўсе рэчы, якія знаходзіліся ў Доме ГОСПАДА і ў скарбніцах дому валадара, і закладнікаў, і вярнуўся ў Самарыю.

15 А іншыя дзеяньні Егааша, і мужнасьць ягоная, з якою ваяваў ён супраць Амазіі, валадара Юды, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.

16 І супачыў Егааш з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Самарыі з валадарамі Ізраіля. І стаў валадаром пасьля яго Ерабаам, сын ягоны.

17 А Амазія, сын Ёаша, валадар Юды, жыў яшчэ пятнаццаць гадоў пасьля сьмерці Егааша, сына Егаахаза, валадара Ізраіля.

18 А іншыя дзеяньні Амазіі запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.

19 І зрабілі супраць яго змову ў Ерусаліме, і ён уцёк у Ляхіш. І паслалі за ім у Ляхіш, і там забілі яго.

20 І прывезьлі яго коньмі, і быў ён пахаваны ў Ерусаліме з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда.

21 А ўвесь народ Юды ўзяў Азарыю, які меў шаснаццаць гадоў, і паставілі яго валадаром на месца Амазіі, бацькі ягонага.

22 Ён адбудаваў Элят і вярнуў яго Юдзе пасьля таго, як супачыў валадар з бацькамі сваімі.

23 У пятнаццатым годзе Амазіі, сына Ёаша, валадара Юды, Ерабаам, сын Егааша, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на сорак адзін год.

24 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і не адвярнуўся ад усіх грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля.

25 Ён вярнуў межы Ізраіля ад уваходу ў Хамат і аж да мора Арабы паводле слова ГОСПАДА, Бога Ізраіля, якое Ён прамовіў праз слугу Свайго Ёну, сына Амітая, прарока, які быў з Гат-Гахэфэру.

26 Бо бачыў ГОСПАД горкую нядолю Ізраіля, бо не было ані нявольніка, ані вольнага, хто б дапамог Ізраілю.

27 І не прамовіў ГОСПАД, каб выкараніць імя Ізраіля з-пад неба, і выратаваў яго рукою Ерабаама, сына Егааша.

28 А іншыя дзеяньні Ерабаама, і мужнасьць ягоная, з якой ён ваяваў і з якою вярнуў Ізраілю Дамаск і Хамат Юдэйскі, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.

29 І супачыў Ерабаам з бацькамі сваімі, валадарамі Ізраіля, і стаў валадаром пасьля яго Захарыя, сын ягоны.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help