ІСАЯ 28 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Іс 28

1 Гора кароне пыхлівасьці п’яніцаў Эфраіма, зьвялай кветцы слаўнай аздобы ягонай, якая на вяршыні даліны ўрадлівай, ап’янеўшы ад віна!

2 Вось, ад ГОСПАДА дужы і магутны, як бура з градам, як ураган зьнішчальны, як паводка залеўная, і кіне на зямлю рукою.

3 Нагамі будзе патаптана карона пыхлівасьці п’яніцаў Эфраіма.

4 І станецца, што зьвялая кветка слаўнай аздобы ягонай, якая на вяршыні даліны ўрадлівай, будзе як рана фіга перад жнівом, якую, калі нехта ўбачыць, зрывае далоняй сваёй і зьядае яе.

5 У той дзень ГОСПАД Магуцьцяў будзе каронай славы і велічнай дыядэмай для рэшты народу Свайго,

6 і духам правасудзьдзя для таго, хто сядзіць у судзе, і мужнасьцю для тых, хто адкідае ў бітве пры браме.

7 А гэтыя блукаюць ад віна, і ад сікеры хістаюцца, сьвятар і прарок блукаюць ад сікеры, напіліся віна, хістаюцца ад сікеры, блукаюць у відзежы, спатыкаюцца ў пастановах.

8 Бо ўсе сталы поўныя ванітаў і запэцканыя, што няма месца.

9 Каго такі будзе вучыць веданьню? І каму будзе тлумачыць вучэньне? Дзецям, аднятым ад малака? Немаўлятам, аднятым ад грудзей?

10 Бо прыказаньне за прыказаньнем, прыказаньне за прыказаньнем, правіла за правілам, там крыху і там крыху.

11 Бо незразумелымі вуснамі і языком чужым будзе прамаўляць да народу гэтага

12 Той, Які сказаў ім: «Вось супачынак! Дайце супачыць змучанаму! Вось адпачынак!» Але яны не хацелі слухаць.

13 І было да іх слова ГОСПАДА: «Прыказаньне за прыказаньнем, прыказаньне за прыказаньнем, правіла за правілам, там крыху і там крыху», каб яны пайшлі і ўпалі на сьпіну, і разьбіліся, і каб ублыталіся, і каб былі схопленыя.

14 Дзеля гэтага паслухайце слова ГОСПАДА, людзі блюзьнерчыя, якія пануеце над народам гэтым, які ў Ерусаліме.

15 Вы кажаце: «Мы заключылі запавет са сьмерцю і з адхланьню зрабілі дамову. Калі пройдзе біч навалы, ён ня дойдзе да нас, бо хлусьню мы зрабілі прыстанішчам нашым, і ў ашуканстве мы схаваліся».

16 Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: «Вось, Я кладу на Сыёне камень, камень выпрабаваны, вуглавы, каштоўны, моцна ўгрунтаваны. Хто верыць у Яго, ня будзе ўцякаць.

17 І Я пастаўлю суд як мерку і праведнасьць як грунтвагу, і град зьнішчыць прыстанішча хлусьні, і схоў ейны воды затопяць.

18 І будзе разарваны запавет ваш са сьмерцю, і дамова вашая з адхланьню не ўтрымаецца. Калі пройдзе біч навалы, будзеце імі стаптаныя.

19 Колькі разоў пойдзе, схопіць вас, бо будзе яна праходзіць кожную раніцу, і ўдзень, і ўначы, і будзеце з жахам чуць вестку.

20 Бо надта кароткім будзе ложак, каб выцягнуцца, і вузкім накрыцьцё, каб накрыцца.

21 Бо паўстане ГОСПАД, як на гары Перацым, як у даліне ў Гібэоне, будзе Ён гневацца, каб учыніць справу Сваю, дзіўную справу Сваю, каб выканаць работу Сваю, незвычайную работу Сваю.

22 І цяпер не насьміхайцеся, каб не заціснуліся кайданы вашыя; бо я чуў ад Госпада, ГОСПАДА Магуцьцяў, што прызначана зьнішчэньне для ўсёй зямлі.

23 Прыхіліце вуха і паслухайце голас Мой, будзьце ўважлівыя і паслухайце словы Мае!

24 Ці кожны дзень араты арэ для сяўбы, барануе і абрабляе ральлю сваю?

25 Ці ж ён, калі выраўняе аблічча ейнае, ня сее чарнуху і не рассыпае кмен? Ці ня сее ён пшаніцу і ячмень на выбраным месцы, і жыта ў межах яе?

26 І навучае яго пра такі парадак Бог ягоны, і вучыць яго.

27 Бо не малоцяць чарнухі зубцамі, не качаюць па кмене, але цэпам выбіваецца чарнуха, а кмен — палкаю.

28 Ці таўкуць збожжа? Не бясконца малоціць яго малацьбіт, ён цягае па ім кола возу свайго, але коні ягоныя не таўкуць яго.

29 Гэта таксама выйшла ад ГОСПАДА Магуцьцяў, Ён даў цудоўную раду, і вялікая мудрасьць Ягоная.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help