1 ВАЛАДАРОЎ 11 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

1 Вал 11

1 І валадар Салямон кахаў шмат жанчынаў чужынскіх, і дачку фараона, і Мааўлянак, і Аманянак, і Эдомак, і Сідонак, і Хетак,

2 з тых народаў, пра якія ГОСПАД сказаў сынам Ізраіля: «Не ўваходзьце да іх, і яны няхай не ўваходзяць да вас, бо яны прывабяць сэрцы вашыя да багоў іхніх». І да іх прыхіліўся Салямон каханьнем.

3 І меў ён семсот жонак княгіняў і трыста наложніцаў. І жонкі ягоныя прывабілі сэрца ягонае.

4 Калі быў ён ужо стары, жонкі ягоныя прывабілі сэрца ягонае да багоў чужых, і сэрца ягонае не было аддадзенае ГОСПАДУ, Богу ягонаму, як сэрца Давіда, бацькі ягонага.

5 І стаў Салямон хадзіць за Астартай, багіняй Сідонцаў, і за Мількомам, брыдотай Аманянаў.

6 І рабіў Салямон ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і ня быў цалкам з ГОСПАДАМ як Давід, бацька ягоны.

7 І тады пабудаваў Салямон ахвярнік для Кемоша, брыдоты Мааўскай, на гары насуп­раць Ерусаліму, і для Малек, брыдоты сыноў Амона.

8 І тое самае зрабіў ён усім сваім жонкам чужынкам, палячы кадзіла і складаючы ахвяры багам іхнім.

9 І загневаўся ГОСПАД на Салямона за тое, што ён адвярнуў сэрца сваё ад ГОСПАДА, Бога Ізраіля, Які зьяўляўся яму двойчы

10 і загадаў яму не хадзіць за багамі чужымі. Але ён не захаваў таго, што загадаў ГОСПАД.

11 І сказаў ГОСПАД Салямону: «За тое, што ты гэтае і не захаваў запавету Майго і пастановаў Маіх, якія Я загадаў табе, Я, забіраючы, забяру валадараньне ад цябе і аддам яго слузе твайму.

12 У дні твае, аднак, не зраблю гэтага дзеля Давіда, бацькі твайго, але з рукі сына твайго забяру яго.

13 І ўсё валадарства не забяру, але адно пакаленьне дам сыну твайму дзеля Давіда, слугі Майго, і дзеля Ерусаліму, які Я выбраў».

14 І паставіў ГОСПАД супраціўніка Салямону, Гадада Эдомца, з насеньня валадароў, якія ў Эдоме.

15 Калі Давід перамог Эдом, Ёаў, начальнік войска, прыйшоў хаваць забітых і выбіў усіх мужчынаў Эдомскіх,

16 бо быў там Ёаў і ўвесь Ізраіль шэсьць месяцаў, аж пакуль ня выбілі ўсіх мужчынаў у Эдоме.

17 І ўцёк Гадад, ён і Эдомцы, слугі бацькі ягонага, з ім, і зыйшоў у Эгіпет, а Гадад быў яшчэ малым хлопцам.

18 І выйшлі яны з Мадыяну, і прыйшлі ў Паран, і ўзялі з сабою людзей з Парану, і прыйшлі ў Эгіпет да фараона, валадара Эгіпецкага. А ён даў ім дом і харчаваньне і выдзяліў яму зямлю.

19 І знайшоў Гадад вялікую ласку ў вачах фараона, і ён даў Гададу за жонку сястру жонкі сваёй, сястру валадаркі Тахпэнэс.

20 І сястра Тахпэнэс нарадзіла яму Гэнубата, сына ягонага. І Тахпэнэс выгадавала яго ў доме фараона. І быў Гэнубат разам з сынамі фараона ў доме фараона.

21 І пачуў Гадад у Эгіпце, што Давід заснуў з бацькамі сваімі і што памёр Ёаў, начальнік войска, і сказаў Гадад фараону: «Дазволь мне вярнуцца ў зямлю сваю».

22 Фараон сказаў яму: «Ці табе чаго не хапае ў мяне, што ты хочаш ісьці ў зямлю сваю?» Ён адказаў: «Няма, але прашу, адпусьці мяне».

23 І паставіў Бог яшчэ супраціўніка, Рэзона, сына Эліяды, які ўцёк ад Гададэзэра, валадара Цовы, гаспадара свайго.

24 Ён сабраў да сябе лю­дзей і стаўся правадыром аддзелу. І калі Давід перамог іх, яны пайшлі ў Дамаск, і там жылі, і валадарылі ў Дамаску.

25 І быў ён супраціўнікам Ізраіля ў-ва ўсе дні Салямона. І ненавідзеў ён Ізраіля, як і Гадад, і ён валадарыў у Сірыі.

26 І Ерабаам, сын Навата, Эфрацянін з Цэрэды, маці ягоная мела на імя Цэруя, удава. Гэты слуга Салямона падняў руку на валадара.

27 І вось такая была прычына, што ён падняў руку на валадара. Салямон будаваў Мілло і замураваў вылом ў горадзе Давіда, бацькі свайго.

28 А Ерабаам быў ваяр мужны. І бачыў Салямон юнака, што ён выконвае працу, і паставіў яго наглядчыкам над усімі работнікамі з дому Язэпа.

29 І сталася ў той час, што Ерабаам выйшаў з Ерусаліму, і знайшоў яго на шляху прарок Ахія з Шыло. А быў ён апрануты ў новы плашч, і толькі яны адны былі ў полі.

30 І зьняў Ахія новы плашч, які быў на ім, і падзёр яго на дванаццаць частак,

31 і сказаў Ерабааму: «Вазьмі сабе дзесяць частак, бо гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Вось, Я вырываю валадарства з рукі Салямона і даю табе дзесяць каленаў.

32 І толькі адно калена застанецца яму дзеля слугі Майго, Давіда, і дзеля гораду Ерусаліму, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраіля,

33 бо яны пакінулі Мяне і пакланяліся Астарце, багіні Сідонцаў, і Кемошу, богу Мааву, і Мількому, богу сыноў Амона, і не хадзілі шляхамі Маімі, каб рабіць слушнае ў вачах Маіх, пастановы Мае і прысуды Мае, як Давід, бацька ягоны.

34 Але Я не забяру з рукі ягонай усяго валадарства, бо Я паставіў яго князем у-ва ўсе дні жыцьця ягонага дзеля Давіда, слугі Майго, якога Я выбраў і які захоўваў прыказаньні Мае і пастановы Мае.

35 І Я забяру валадарства з рукі сына ягонага, і дам табе дзесяць каленаў.

36 А сыну ягонаму Я дам адно калена, каб сьветач Давіда, слугі Майго, перад абліччам Маім у-ва ўсе дні ў горадзе Ерусаліме, які Я выбраў Сабе, каб было там імя Маё.

37 А цябе Я ўзяў, і ты будзеш валадарыць над усім, чаго зажадае душа твая, і будзеш валадаром над Ізраілем.

38 І станецца, калі ты бу­дзеш слухаць усё, што Я загадаю табе, і будзеш хадзіць шляхамі Маімі, і будзеш рабіць слушнае ў вачах Маіх, захоўваючы пастановы Мае і прыказаньні Мае, як рабіў Давід, слуга Мой, Я буду з табой і пабудую табе дом трывалы, як пабудаваў Давіду, і дам табе Ізраіль.

39 І Я пакараю нашчадкаў Давіда, але не на ўсе дні”».

40 І спрабаваў Салямон за­біць Ерабаама, і ўстаў Ерабаам, і ўцёк у Эгіпет да Шышака, валадара Эгіпецкага, і быў у Эгіпце да сьмерці Салямона.

41 А іншыя дзеяньні Салямона, і ўсё, што ён рабіў, і муд­расьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў Салямона.

42 І дзён, калі Салямон валадарыў над усім Ізраілем у Ерусаліме сорак гадоў.

43 І супачыў Салямон з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І пачаў валадарыць замест яго Рэхабаам, сын ягоны.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help