ДАНІІЛ 9 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Дан 9

1 У першым годзе Дарыя, сына Ахашвэроша, з насеньня Мідзянаў, які валадарыў над валадарствам Халдэйскім,

2 у першы год валадараньня ягонага, я, Данііл, зразумеў з кнігаў лік гадоў, пра якія было слова ГОСПАДА да Ярэміі прарока, што маюць споўніцца семдзясят гадоў спусташэньню Ерусаліму.

3 І я зьвярнуў аблічча маё да Госпада Бога, каб шукаць ў малітве і ў маленьнях, у посьце, зрэбніцы і попеле.

4 І я маліўся да ГОСПАДА, Бога майго, і спавядаўся, і казаў: «Госпадзе, Божа вялікі і страшны, Які захоўваеш запавет і міласэрнасьць да тых, якія любяць Цябе і захоўваюць прыказаньні Твае!

5 Мы саграшылі і ўчынілі беззаконьне, і зрабілі нягодна, і збунтаваліся, і адступіліся ад прыказаньняў Тваіх і ад судоў Тваіх.

6 І мы ня слухалі слугаў Тваіх, прарокаў, якія прамаўлялі ў імя Тваё да валадароў нашых, князёў нашых, бацькоў нашых і да ўсяго народу зямлі.

7 У цябе, Госпадзе, праведнасьць, а ў нас на абліччах сорам, як у гэты дзень, у мужоў Юды, і ў жыхароў Ерусаліму, і ў-ва ўсяго Ізраіля, блізкіх і далёкіх, у-ва ўсіх землях, куды Ты выгнаў іх за здраду іхнюю, якой яны здрадзілі Табе.

8 ГОСПАДЗЕ, сорам на абліччах у нас, у валадароў нашых, у князёў нашых, у бацькоў нашых, бо мы саграшылі супраць Цябе.

9 У Госпада, Бога нашага, літасьць і прабачэньне, хоць мы ўзбунтаваліся супраць Яго,

10 і ня слухалі голасу ГОСПАДА, Бога нашага, каб хадзіць паводле Законаў Ягоных, якія Ён даў нам праз рукі слугаў Сваіх, прарокаў.

11 І ўвесь Ізраіль парушыў Закон Твой, і яны адвярнуліся, каб ня слухаць голасу Твайго. І выліўся на нас праклён і прысяга, якія запісаныя ў Законе Майсея, слугі Божага, бо мы саграшылі супраць Яго.

12 І Ён споўніў слова Сваё, якое прамовіў супраць нас і супраць судзьдзяў нашых, якія судзілі нас, навёўшы на нас вялікае ліха, якое не рабілася пад усім небам і якое было ўчынена ў Ерусаліме.

13 Як напісана ў Законе Майсея, так прыйшло на нас усё гэтае ліха; але мы не залагодзілі аблічча ГОСПАДА, Бога нашага, адварочваючыся ад беззаконьня свайго і разумеючы праўду Тваю.

14 І чуваў ГОСПАД над гэтым ліхам, і навёў яго на нас, бо праведны ГОСПАД, Бог наш, у-ва ўсіх учынках Сваіх, якія Ён робіць, бо мы ня слухалі голас Ягоны.

15 І цяпер, Госпадзе, Божа наш, Які вывеў народ Твой з зямлі Эгіпецкай рукою моц­наю і зрабіў Сабе імя, як у гэты дзень, мы саграшылі і ўчынілі беззаконьне.

16 Госпадзе! Паводле ўсёй праведнасьці Тваёй няхай адвернецца гнеў Твой і абурэньне Тваё ад гораду Твайго Ерусаліму, сьвятой гары Тваёй, бо за грахі нашыя і за беззаконьні бацькоў нашых Ерусалім і народ Твой у ганьбе ў-ва ўсіх, хто навокал нас.

17 І цяпер пачуй, Божа наш, малітву слугі Твайго і маленьне ягонае, і няхай зазьзяе аблічча Тваё над сьвятыняй Тваёй, якая спустошана, дзеля, Госпадзе!

18 Нахілі, Божа мой, вуха Тваё і пачуй! Адчыні вочы Твае і паглядзі на спусташэньне нашае і на горад, які названы імем Тваім, бо не з прычыны праведнасьці нашай мы кладзем перад абліччам Тваім маленьні нашыя, але з прычыны вялікай літасьці Тваёй.

19 Госпадзе, пачуй! Госпадзе, прабач! Госпадзе, прыхілі вуха і зрабі, не затрымлівайся дзеля Сябе, Божа мой, бо імя Тваё названа над горадам Тваім і над народам Тваім».

20 І я яшчэ гаварыў і вызнаваў грэх мой і грэх народу майго Ізраіля, і складаў маленьне маё перад абліччам ГОСПАДА, Бога майго, за сьвятую гару Бога майго.

21 І калі я яшчэ гаварыў у малітве, муж гэты, Габрыэль, якога я бачыў у відзежы раней, сьпяшаючыся, пасьпяшаўся і дакрануўся да мяне ў часе вечаровай ахвяры хлебнай.

22 І ён даў мне разуменьне, і гаварыў са мной, і сказаў: «Данііле, цяпер я выйшаў, каб навучыць цябе разуменьню.

23 На пачатку маленьня твайго выйшла слова, і я прыйшоў распавесьці, бо ты найкаштоўнейшы. Дык разумей слова і зразумей відзеж.

24 Семдзясят тыдняў вызначана народу твайму і гораду сьвятому твайму, каб спыніць правіну, і скончыць грэху, і адкупіць беззаконьне, і прывесьці праведнасьць вечную, і запячатаць відзежы і прароцтвы, і памазаць Сьвятое Сьвятых.

25 Дык ведай і разумей: ад выхаду слова пра вяртаньне і адбудову Ерусаліму да Памазанца Правадыра — сем тыдняў і шэсцьдзясят два тыдні, і вернецца, і будзе адбудаваная плошча і мур, але ў цяжкія часы.

26 І пасьля шасьцідзесяці двух тыдняў будзе забіты Памазанец, і ня будзе Яго, а горад і сьвятыню зьнішчыць народ правадыра, які прыйдзе, і канец ягоны — як паводка, і аж да канца вайны вызначана спусташэньням.

27 Ён зацьвердзіць запавет для многіх у адзін тыдзень, і ў палове тыдня спыніцца ахвяра крывавая і ахвяра хлебная, і на крыле будзе агіда спусташэньня аж да канца, калі вызначаны выльецца на спусташальніка».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help