1 САМУЭЛЯ 22 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

1 Сам 22

1 І пайшоў Давід адтуль, і ўцёк у пячору Адулям. І пачулі браты ягоныя і ўвесь дом бацькі ягонага, і ўсе пайшлі за ім туды.

2 І сабраліся да яго ўсе пакрыўджаныя, і тыя, што мелі даўгі, і засмучаныя ў духу, і ён стаўся іх правадыром. І было з ім каля чатырох сотняў чалавек.

3 Адтуль пайшоў Давід у Міц­пу, якая ў Мааве, і сказаў валадару Мааву: «Дазволь жыць у вас бацьку майму і маці маёй, пакуль выявіцца, што Бог зробіць са мною».

4 І ён прывёў іх перад аблічча валадара Мааву, і яны заставаліся ў яго ўсе дні, калі Давід хаваўся ва ўмацаваным месцы.

5 І сказаў прарок Гад Давіду: «Не заставайся ва ўмацаваным месцы, але зьбярыся і ідзі ў зямлю Юды». І вырушыў Давід, і прыйшоў у лес Хэрэт.

6 І пачуў Саўл, што заўважаны Давід і людзі, якія з ім. А Саўл сядзеў тады ў Гіве пад тамарыскам на ўзгорку, і дзіда была ў руцэ ягонай, а ўсе слугі ягоныя атачалі яго.

7 І сказаў Саўл слугам сваім, што былі з ім: «Слухайце, сыны Бэн’яміна! Ці ж сын Есэя дасьць вам усім палі і вінаграднікі? Ці ж вас усіх ён зробіць тысячнікамі і сотнікамі,

8 што вы запрысягліся супраць мяне. Ніхто не паведаміў у вушы мае пра запавет сына майго з сынам Есэя. Ніхто з вас не спачуваў мне і не паведаміў у вушы мае, што сын мой узбудзіў слугу майго супраць мяне, каб ён зрабіў засаду на мяне як гэта сёньня».

9 І адказаў Даэг Эдомец, які стаяў між слугамі Саўла, і сказаў: «Я бачыў сына Есэя ў Нобе ў Ахімэлеха, сына Ахітува.

10 І ён пытаўся ў ГОСПАДА дзеля яго, і даў яму ежу, і даў яму меч Галіята Філістынца».

11 І паслаў валадар, каб паклікалі сьвятара Ахімэлеха, сына Ахітува, і ўвесь дом бацькі ягонага, сьвятароў, якія ў Нобе. І ўсе яны прыйшлі да валадара.

12 І сказаў Саўл: «Слухай, сыне Ахітува!» Ён сказаў: «Вось я, гаспадару мой».

13 І сказаў яму Саўл: «Чаму запрысягліся вы супраць мяне, ты і сын Есэя, і даў ты яму хлябы і меч, і пытаўся дзеля яго ў Бога, каб ён паўстаў суп­раць мяне, як гэта сёньня?»

14 І адказаў валадару Ахімэлех, і сказаў: «Хто спасярод слугаў тваіх ёсьць так верны як Давід, зяць валадара? Ён стаіць на чале варты тваёй і шанаваны ў доме тваім.

15 Ці ж толькі сёньня я пытаўся дзеля яго ў Бога? Ніякім чынам! Няхай валадар не закідвае ў гэтай справе слузе твайму і ўсяму дому бацькі майго, бо слуга твой нічога ня ведае ў гэтай справе, ані малога, ані вялікага».

16 І сказаў валадар: «Ты сьмерцю памрэш, Ахімэлех, ты і ўвесь дом бацькі твайго».

17 І загадаў валадар слугам, якія атачалі яго: «Ідзіце і забіце сьвятароў ГОСПАДА, бо рука іхняя з Давідам, бо яны ведалі, што ён уцякае, і не паведамілі ў вушы мае». Але слугі валадара не хацелі падняць рукі сваёй на сьвятароў ГОСПАДА.

18 І сказаў валадар Даэгу: «Ты ідзі і забі сьвятароў». І Даэг Эдомец падыйшоў да сьвятароў, і забіў у той дзень восем­дзясят пяць чалавек, апранутых у ільняны эфод.

19 І напаў Саўл на сьвятарскі горад Ноб, і вострывам мяча пазабіваў мужчынаў і жанчынаў, дзяцей і немаўлят, валоў, аслоў і авечак.

20 І ўратаваўся адзін сын Ахімэлеха, сына Ахітува, на імя Абіятар, і ён уцёк да Давіда.

21 І Абіятар паведаміў Давіду, што Саўл забіў сьвятароў ГОСПАДА.

22 І сказаў Давід Абіятару: «Я ведаў у той дзень, калі быў там Даэг Эдомец, што ён паведаміць пра гэта Саўлу. Я вінаваты ў-ва ўсіх душах дому бацькі твайго.

23 Заставайся са мною, ня бойся! Хто шукае душы маёй, той шукае душы тваёй, але са мною ты будзеш выратаваны».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help