ДЗЕІ 28 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Дз 28

1 Тады, уратаваўшыся, мы даведаліся, што востраў называецца Мэліта.

2 Барбары ж зьявілі нам незвычайную людзкасьць, бо, распаліўшы агонь, прынялі нас усіх, бо быў дождж і сьцюжа.

3 А калі Павал набраў мноства ламачча і клаў на агонь, яхідна, выйшаўшы ад жару, прычапілася да рукі ягонай.

4 Калі ж барбары ўбачылі зьвера, які вісеў на руцэ ягонай, гаварылі між сабою: «Напэўна, чалавек гэты забойца, якому, уратаванаму ад мора, прысуд жыць не дазваляе».

5 А ён, абтросшы зьвера ў агонь, не дазнаў аніякага ліха.

6 Яны ж чакалі, што ён стане пухнуць ці раптам упадзе мёртвы. А доўга чакаючы і бачачы, што нічога благога з ім ня сталася, зьмянілі думку і казалі, што ён — бог.

7 А ў тым месцы былі палі першага вострава, на імя Публій, які, прыняўшы нас, тры дні прыязна гасьцяваў.

8 Сталася ж, што бацька Публія ляжаў, хворы на гарачку і крываўку. Павал, увайшоўшы да яго і памаліўшыся, усклаў на яго рукі і аздаравіў яго.

9 Калі ж гэта сталася, і іншыя хворыя на востраве прыходзілі, і былі аздароўленыя.

10 І яны ўшанавалі нас шанаваньнем вялікім, і, як мы адплывалі, далі, што было патрэбна.

11 А праз тры месяцы паплылі мы на Александрыйскім караблі са знакам Дыяскуры, які зімаваў на востраве,

12 і, прыстаўшы ў Сіракузах, заставаліся тры дні.

13 Адтуль, плывучы ўздоўж, прыйшлі мы ў Рэгію; і, як праз адзін дзень узьняўся паўднёвы вецер, на другі дзень прыйшлі ў Путэолі,

14 дзе, знайшоўшы братоў, былі запрошаныя імі застацца на сем дзён; і гэтак прыйшлі ў Рым.

15 Тамтэйшыя браты, пачуўшы пра нас, павыходзілі нам насустрач аж да Апіявае плошчы і Трох Корчмаў. Убачыўшы іх, Павал падзякаваў Богу і набраўся адвагі.

16 Калі ж мы прыйшлі ў Рым, сотнік перадаў вязьняў гетману, а Паўлу было дазволена жыць асобна з жаўнерам, які яго вартаваў.

17 Сталася ж, што праз тры дні Павал склікаў першых з Юдэяў, і калі яны зыйшліся, сказаў да іх: «Мужы браты! Нічога не зрабіўшы супраць народу ці звычаяў бацькоўскіх, я выдадзены як вязень з Ерусаліму ў рукі Рымлянаў.

18 Яны, дапытаўшы мяне, хацелі вызваліць, бо ніякае сьмяротнай віны на мне не было.

19 А як Юдэі працівіліся, я быў змушаны прызваць цэзара, але не таму, што меўся ў чым вінаваціць народ мой.

20 Дзеля гэтае прычыны я запрасіў вас, каб пабачыць і паразмаўляць. Бо за надзею Ізраіля я закаваны ў ланцугі гэтыя».

21 Яны ж сказалі да яго: «Мы ані лістоў адносна цябе не атрымалі з Юдэі, ані ніхто з братоў, што прыходзілі, не абвяшчаў і не гаварыў пра цябе нічога злога.

22 Лічым жа вартым пачуць ад цябе, як ты думаеш, бо пра герэзію гэтую вядома нам, што ўсюды ёй працівяцца».

23 Вызначыўшы ж яму дзень, большасьць прыйшла да яго ў гасподу. І ён з ранку да вечара выкладаў ім, сьведчачы пра Валадарства Божае і пераконваючы іх пра Ісуса з Закону Майсея і Прарокаў.

24 І адны былі перакананыя сказаным, а другія ня верылі.

25 І, не згаджаючыся між сабою, яны пайшлі, калі Павал сказаў адно слова: «Добра сказаў да бацькоў нашых Дух Сьвяты праз прарока Ісаю, кажучы:

26 “Ідзі да народу гэтага і скажы: ‘Слыхам пачуеце, і не зразумееце; і, гледзячы, глядзець будзеце, і ня ўбачыце,

27 бо атлусьцела сэрца народу гэтага, і вушамі з цяжкасьцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб ня ўбачылі вачыма і не пачулі вушамі, і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх’.”

28 Дык няхай будзе вам вядома, што паганам паслана збаўленьне Божае, яны і пачуюць».

29 І, як ён гэта сказаў, Юдэі выйшлі, маючы між сабою шмат спрэчак.

30 А Павал цэлыя два гады заставаўся ў сваёй нанятай кватэры і прыймаў усіх, якія прыходзілі да яго,

31 абвяшчаючы Валадарства Божае і навучаючы пра Госпада Ісуса Хрыста з усёй адвагаю без перашкоды.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help