ЯРЭМІЯ 38 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Яр 38

1 І пачулі Шэфатыя, сын Матана, і Гедалія, сын Пашхура, і Юхаль, сын Шэлеміі, і Пашхур, сын Малькіі, слова, якое прамовіў Ярэмія да ўсяго народу, кажучы:

2 «Гэта кажа ГОСПАД. Хто застанецца ў горадзе гэтым, памрэ ад мяча, голаду і заразы. А хто пяройдзе да Халдэйцаў, застанецца жыць, і будзе для яго душа ягоная, як здабыча, і будзе жыць.

3 Гэта кажа ГОСПАД. Горад гэты выдаваньнем будзе выдадзены ў рукі войска валадара Бабілонскага, і ён здабудзе яго».

4 І сказалі князі валадару: «Няхай памрэ, просім, чалавек гэты, бо ён аслабляе рукі ваяроў, якія засталіся ў горадзе гэтым, і рукі ўсяго народу, калі да іх прамаўляе падобныя словы. Бо чалавек гэты не шукае супакою для народу гэтага, але толькі ліха!»

5 І сказаў валадар Сэдэкія: «Вось, ён у руках вашых! Бо валадар ня можа нічога зрабіць супраць слова вашага».

6 І яны ўзялі Ярэмію, і ўкінулі яго ў яму Малькіі, сына валадара, якая на панадворку вартоўні, і спусьцілі Ярэмію на вяроўках. А ў яме не вады, але толькі балота; і загруз Ярэмія ў балоце.

7 І пачуў Эбэд-Мэлек з Кушу, адзін з эўнухаў, які быў у доме валадара, што Ярэмія ўкінуты ў яму, а валадар сядзеў у Браме Бэн’яміна.

8 І выйшаў Эбэд-Мэлек з дому валадара, і сказаў валадару, кажучы:

9 «Пане мой, валадару! Людзі гэтыя ўчынілі зло ў-ва ўсім, што зрабілі Ярэміі прароку, якога ўкінулі ў яму. І ён памрэ з голаду ў месцы гэтым, бо няма ўжо хлеба ў горадзе!»

10 І загадаў валадар Эбэд-Мэлеку з Кушу, кажучы: «Вазьмі ў руку тваю адсюль трыццаць чалавек і выцягні прарока Ярэмію з ямы перш, чым ён памрэ».

11 І Эбэд-Мэлек узяў людзей у руку сваю, і пайшоў у дом валадара пад скарбніцаю, і ўзяў адтуль падзёртую адзежу і зношаныя лахманы, і спусьціў іх на вяроўках да Ярэміі ў яму.

12 І сказаў Эбэд-Мэлек з Кушу Ярэміі: «Падлажы, прашу, сабе падзёртае адзеньне і зношаныя лахманы пад пахі рук тваіх і пад вяроўкі». І Ярэмія зрабіў гэтак.

13 І пацягнулі Ярэмію на вяроўках, і выцягнулі з ямы. І сядзеў Ярэмія на панадворку вартоўні.

14 І паслаў валадар Сэдэкія, і ўзяў Ярэмію прарока да сябе, да трэцяга ўваходу, які ў Доме ГОСПАДА. І сказаў валадар Ярэміі: «Спытаюся ў цябе пра адну рэч, і ты не схавай нічога ад мяне!»

15 І сказаў Ярэмія Сэдэкіі: «Калі я распавяду табе, ты, забіваючы, заб’еш мяне. А калі я дам табе раду, ты не паслухаеш мяне».

16 І прысягнуў валадар Сэдэкія патаемна Ярэміі, кажучы: «Як жывы ГОСПАД, Які зрабіў нам душу нашую, не заб’ю цябе, і ня выдам у рукі людзей, якія шукаюць душу тваю».

17 І сказаў Ярэмія Сэдэкіі: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Калі ты, выходзячы, выйдзеш да князёў валадара Бабілонскага, будзе жыць душа твая, і горад гэты ня будзе спалены агнём, і ты будзеш жыць, і дом твой.

18 А калі ня выйдзеш да князёў валадара Бабілонскага, тады горад гэты будзе выдадзены ў рукі Халдэйцаў, і яны спаляць яго агнём, і сам ты не ўцячэш ад рукі іхняй».

19 І сказаў валадар Сэдэкія Ярэміі: «Я баюся людзей Юды, якія перайшлі да Халдэйцаў, каб яны часам ня выдалі мяне ў рукі іхнія і каб тыя ня зьдзекваліся з мяне».

20 І сказаў Ярэмія: «Ня выдадуць. Паслухай, прашу, голаса ГОСПАДА, што я кажу табе, і будзе табе добра, і будзе жыць душа твая.

21 А калі ты адмовішся выйсьці, вось слова, якое паказаў мне ГОСПАД.

22 І вось, усе жанчыны, якія засталіся ў доме валадара Юды, ведзеныя да князёў валадара Бабілонскага, і яны галосяць: “Падманулі цябе і ашукалі цябе сябры твае; ногі твае ўгразьлі ў балоце, а яны ўцяклі”.

23 І ўсе жонкі твае і сыны твае будуць заведзены да Халдэйцаў, і ты не ўцячэш ад рук іхніх, бо схопіць цябе рука валадара Бабілонскага, і горад гэты будзе спалены агнём».

24 І сказаў Сэдэкія Ярэміі: «Няхай ніхто ня ведае пра словы гэтыя, і ты не памрэш!

25 А калі пачуюць князі, што я гаварыў з табой, і прыйдуць яны да цябе, і скажуць: “Скажы нам, што ты гаварыў да валадара? Нічога не хавай перад намі, і мы не заб’ем цябе! Дык што табе гаварыў валадар?”,

26 тады ты скажаш ім: “Я прынёс маленьне маё перад аблічча валадара, каб мяне не вярнулі ў дом Ёнатана, каб я не памёр там”».

27 І прыйшлі да Ярэміі ўсе князі, і спыталіся яго. І ён адказаў ім паводле ўсіх тых словаў, якія загадаў яму валадар, і яны моўчкі ад яго, бо не пачулі словаў тых.

28 І сядзеў Ярэмія на панадворку вартоўні аж да дня, калі быў здабыты Ерусалім. І сталася, што быў здабыты Ерусалім.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help