ДЗЕІ 6 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Дз 6

1 А ў гэтыя дні, калі памножылася вучняў, сталася нараканьне Эліністаў на Гебраяў, што ў штодзённым служэньні занядбоўваюцца ўдовы іхнія.

2 Дванаццаць жа, паклікаўшы мноства вучняў, сказалі: «Ня гожа нам, пакінуўшы слова Божае, служыць пры сталах.

3 Дык нагледзьце спасярод вас, браты, сем засьведчаных мужоў, поўных Духа Сьвятога і мудрасьці, якіх мы паставім на гэтую патрэбу,

4 а мы будзем трываць у малітве і служэньні слова».

5 І спадабалася слова гэтае перад абліччам усяго мноства, і выбралі Стэфана, мужа, поўнага веры і Духа Сьвятога, і Філіпа, і Прохара, і Ніканора, і Тымона, і Пармэна, і Мікалая Антыяхійца, празэліта.

6 Іх паставілі перад апосталамі; і яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі.

7 І слова Божае расло, і вучні ў Ерусаліме вельмі множыліся лікам, і вялікая колькасьць сьвятароў паслухаліся веры.

8 А Стэфан, поўны веры і сілы, чыніў цуды і знакі вялікія ў народзе.

9 Паўсталі ж некаторыя з сынагогі, называнай Лібэртынскай, і Кірэнэйскай, і Александрыйскай, і тых, што з Кілікіі і Азіі, спрачаючыся са Стэфанам,

10 і ня здолелі супрацьстаць мудрасьці і Духу, Якім ён гаварыў.

11 Тады падбілі мужоў сказаць: «Мы чулі яго, як гаварыў словы блюзьнерскія на Майсея і Бога».

12 І падбухторылі народ, і старшыняў, і кніжнікаў, і, стаўшы, схапілі яго, і прывялі ў сынэдрыён.

13 І паставілі яны хлусьлівых сьведкаў, якія казалі: «Гэты чалавек не перастае гаварыць словы блюзьнерскія супраць гэтага сьвятога месца і супраць Закону,

14 бо мы чулі, як ён казаў, што Ісус з Назарэту зруйнуе месца гэтае і зьменіць звычаі, якія перадаў нам Майсей».

15 І ўсе тыя, што сядзелі ў сынэдрыёне, углядаючыся на яго, бачылі аблічча ягонае, нібыта аблічча анёла.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help