1 САМУЭЛЯ 4 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

1 Сам 4

1 І было слова Самуэля да ўсяго Ізраіля. Ізраільцяне вырушылі на вайну супраць Філістынцаў і разлажыліся табарам каля Эбэн-Гаэзэру, а Філістынцы разлажылі табар свой у Афэку.

2 І выставілі Філістынцы шыхты супраць Ізраіля, і пачаўся бой. Ізраільцяне сталі адступаць перад Філістынцамі, і загінула ў тым баі на полі каля чатырох тысячаў ваяроў.

3 І вярнуўся народ у табар, і старшыні Ізраіля сказалі: «Чаму ўдарыў сёньня нас ГОСПАД у баі з Філістынцамі? Давайце прынясем з Шыло Каўчэг Запавету ГОСПАДА, і няхай ён будзе сярод нас, каб ратаваць нас ад рук ворагаў нашых».

4 І паслалі народ у Шыло, каб прынесьлі адтуль Каўчэг Запавету ГОСПАДА Магуцьцяў, Які сядзіць на херувімах. Пры Каўчэгу Запавету Божага былі два сыны Гэлія, Хофні і Пінхас.

5 Калі прынесьлі Каўчэг Запавету ГОСПАДА ў табар, загаманіў увесь Ізраіль голасам вялікім, аж задрыжэла зямля.

6 Гэты крык пачулі Філістынцы і пыталіся: «Што гэта за крык вялікі ў табары Гебраяў?» І даведаліся, што Каўчэг ГОСПАДА прыйшоў у табар.

7 І спалохаліся Філістынцы, і казалі: «Прыйшоў Бог у табар!» І сказалі яны: «Гора нам! Бо не было такога ані ўчора, ані пазаўчора.

8 Гора нам! Хто нас захавае ад рукі гэтага Бога магутнага? Гэта той самы Бог, які ўдарыў Эгіпет усякімі карамі ў пустыні.

9 Умацуйцеся і будзьце мужнымі, Філістынцы, каб не служылі вы Гебраям, як яны служылі вам. Будзьце мужнымі і ваюйце!»

10 І ваявалі Філістынцы, і перамаглі Ізраіля, так што кожны ўцёк у намёт свой. І параза гэтая была страшная, бо ў Ізраіля палегла трыццаць тысячаў пяхотнікаў.

11 І Каўчэг Божы быў узяты, і два сыны Гэлія, Хофні і Пінхас, былі забітыя.

12 Адзін Бэн’ямінец уцёк з бою і прыйшоў у Шыло ў падзёртым адзеньні і з абсыпанай пылам галавою.

13 Калі ён прыбег, Гэлій сядзеў на крэсьле каля брамы, гледзячы на дарогу, бо ён трывожыўся дзеля Каўчэга Божага. А чалавек той прыйшоў і паведаміў гораду, і ўвесь горад загаласіў.

14 І пачуў Гэлій голас крыку, і спытаўся: «Што азначае гармідар гэты?» А той чалавек пасьпяшаўся, і прыйшоў, і паведаміў Гэлію.

15 Гэлій меў дзевяноста восем гадоў, і вочы ягоныя саслабелі, і ён ня мог бачыць.

16 Уцякач сказаў Гэлію: «Я прыйшоў з месца бою, я — той, хто вырваўся сёньня з шыхтоў». Гэлій спытаўся: «Што сталася, сын мой?»

17 І адказаў вясьнік: «Ізраільцяне ўцяклі перад Філістынцамі, народ атрымаў страшную паразу, і абодва сыны твае, Хофні і Пінхас, загінулі, і Каўчэг Божы ўзяты».

18 Калі той сказаў пра Каўчэг Божы, Гэлій зваліўся з крэсла на кант брамы, і зламаў сабе карак, і памёр, бо ён быў стары і цяжкі. Ён судзіў Ізраіль сорак гадоў.

19 А нявестка ягоная, жонка Пінхаса, якая была цяжарная і мела хутка нарадзіць, калі даведалася, што Каўчэг Божы ўзяты і што сьвёкар ейны і муж загінулі, упала і нарадзіла, бо прыйшлі на яе болі радзінаў.

20 І калі канала, казалі ёй жанчыны, якія стаялі кругом яе: «Ня бойся! Ты нарадзіла сына». Але яна не адказала ім і не зьвярнула на іх увагі.

21 І назвала хлопчыка Іхавод, кажучы: «Адыйшла слава ад Ізраіля» з прычыны ўзяцьця Каўчэга Божага, а таксама сьмерці сьвёкра і мужа.

22 І паўтарыла: «Адыйшла слава ад Ізраіля, бо ўзяты Каўчэг Божы».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help