ЛІКІ 19 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Лікі 19

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:

2 «Вось пастанова Закону, якую загадаў ГОСПАД. Прамоў да сыноў Ізраіля, і няхай яны прывядуць да цябе рудую карову без заганы, на якую яшчэ не было ўскладанае ярмо.

3 І аддасьцё яе Элеазару сьвятару, і ён выведзе яе па-за табар, і заб’іцё яе перад абліччам ягоным.

4 І Элеазар сьвятар памо­чыць палец свой у крыві ейнай, і пакропіць сем разоў крывёю ейнай пярэдні бок Намёту Спатканьня.

5 І спаляць карову гэтую перад вачыма ягонымі, і скуру ейную, і кроў ейную, і нячыстасьць ейную спаляць.

6 І возьме сьвятар дрэва кедровае, гізоп і ніткі кармазыновыя, і кіне ў нутро каровы, якая гарыць у агні.

7 І памые сьвятар шаты свае, і абмые цела сваё ў вадзе, і ўвойдзе ён у табар, і будзе нячысты сьвятар аж да вечара.

8 І той, хто спальваў карову, памые шаты свае ў вадзе, і абмые цела сваё ў вадзе, і нячысты будзе ён аж да вечара.

9 І зьбярэ чалавек чысты попел каровы, і высыпе па-за табарам у месцы чыстым, і ён будзе для грамады сыноў Ізраіля захаваны для вады ачышчэньня. Гэта за грэх.

10 Той, хто зьбіраў попел каровы, вымые адзеньне сваё і будзе нячысты аж да вечара. Гэта пастанова вечная як для сыноў Ізраіля, так і для прыхадняў, якія ў іх жывуць.

11 Хто дакранецца нябожчыка, будзе нячысты сем дзён.

12 Павінен ён ачысьціцца ў трэці і сёмы дзень, і будзе чысты. Калі ў трэці дзень і ў сёмы дзень ня будзе ачышчаны, ня будзе чысты.

13 Кожны, хто дакрануўся нябожчыка і не ачысьціўся, ро­біць нячыстай Сялібу ГОСПАДА; будзе вынішчана душа тая з Ізраіля, бо вада ачышчэньня не пакрапіла яго, і ён будзе нячысты, і нячыстасьць ягоная застанецца на ім.

14 Гэта закон адносна чалавека, які памёр у намёце. Кожны, хто ўвойдзе ў гэты намёт, і кожны, хто ў ім знаходзіцца, будзе нячысты сем дзён.

15 І кожная пасудзіна адкрытая, якая ня мае накрыўкі, прымацаванай на шнурку, будзе нячыстай.

16 І кожны, хто на абліччы поля дакранецца або забітага мячом, або памёршага, або костак людзкіх, або магілы, будзе нячысты сем дзён.

17 І возьмуць для нячыстага попел той спаленай за грэх і нальюць на яго жывой вады ў посуд.

18 І чалавек чысты возьме гізоп, і памочыць яго ў вадзе, і пакропіць намёт, і ўвесь посуд, і людзей, якія былі ў ім, і таго, хто дакрануўся костак, або забітага, або памёршага, або магілы.

19 І пакропіць чалавек чысты таго, хто нячысты, у трэці і сёмы дзень, і ачысьціць яго ў сёмы дзень. Чалавек памые адзеньне сваё і абмые сябе ў вадзе, і вечарам будзе чысты.

20 Але калі той, хто нячысты, ня будзе ачышчаны, бу­дзе зьнішчана душа яго спаміж царквы, бо ён зрабіў нячыстай Сялібу ГОСПАДА; вадою ачышчэньня ён не абмыты, ён нячысты.

21 Гэта будзе для вас пастанова вечная. І той, хто кропіць вадой ачышчэньня, вымые адзеньне сваё; і той, хто дакранецца вады ачышчэньня, нячысты будзе аж да вечара.

22 І ўсё, да чаго дакранецца нячысты, і душа, якая яго дакранецца, будзе нячыстай аж да вечара».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help