ВЫХАД 12 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Вых 12

1 I сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону ў зямлі Эгіпецкай, кажучы:

2 «Месяц гэты няхай будзе ў вас пачаткам месяцаў; першым няхай ён будзе ў вас месяцам году.

3 Прамоўце да ўсёй грамады Ізраіля, кажучы: “У дзясяты гэтага месяца няхай возьме сабе кожны ягня для дому бацькоў, ягня на дом.

4 I калі малы дом, каб ягня, няхай возьме ён і сусед найбліжэйшы да дому ягонага, паводле ліку душаў; паводле таго, колькі кожны зьесьць, палічыце на ягня.

5 Ягня беззаганнае, самец аднагодак мае быць у вас; з авечак альбо з козаў возьмеце.

6 I будзеце захоўваць яго да чатырнаццатага дня гэтага месяца. І зарэжа яго ўся царква грамады Ізраіля адвячоркам.

7 I возьмуць кроў, і памажуць абодва вушакі і вершнікі ў дамах, у якіх будуць есьці яго.

8 І будуць есьці ў гэтую ноч мяса, сьпечанае на агні, і праснакі; з горкімі травамі будуць есьці.

9 Ня ешце з яго сырога або зваранага ў вадзе, але сьпечанае на агні, галаву ягоную з галёнкамі ягонымі і нутром ягоным.

10 I не пакідайце з яго да раніцы; і тое, што застанецца з яго да раніцы, спаліце на агні.

11 I гэтак будзеце есьці яго: няхай будуць сьцёгны вашыя падперазаныя, абутак ваш — на нагах вашых і кій ваш — у руцэ вашай, і ешце яго пасьпешліва. Гэта — Пасха для ГОСПАДА”.

12 I Я прайду па зямлі Эгіпецкай у гэтую ноч, і заб’ю кожнага першароднага ў зямлі Эгіпецкай, ад чалавека аж да скаціны, і над усімі багамі Эгіпту Я ўчыню суды. Я — ГОСПАД.

13 I будзе для вас кроў знакам на дамах, у якіх вы будзеце, і Я ўбачу кроў, і абміну вас, і ня будзе сярод вас плягі зьнішчэньня, калі Я буду забіваць у зямлі Эгіпецкай.

14 I будзе дзень гэты для вас на ўспамін, і будзеце сьвяткаваць яго як сьвята для ГОСПАДА ў пакаленьнях вашых; як пастанову вечную будзеце сьвяткаваць яго.

15 Сем дзён будзеце есьці праснакі; і ўжо ў першы дзень прыміце кісьлю з дамоў вашых; бо кожны, хто будзе есьці кіслае з першага дня да сёмага дня, душа таго будзе выгублена з Ізраілю.

16 А ў першы дзень — сьвяты збор, і ў сёмы дзень сьвяты збор будзе ў вас, ніякай работы ня будзеце рабіць у іх; толькі тое, што есьці кожнай душы, адно тое можна рабіць вам.

17 I захоўвайце Праснакоў, бо ў гэты дзень Я вывеў войска вашае з зямлі Эгіпецкай; і захоўвайце гэты дзень у пакаленьнях вашых як пастанову вечную.

18 У першы, у чатырнаццаты дзень месяца з вечара будзеце есьці праснакі аж да вечара дваццаць першага дня таго самага месяца.

19 Сем дзён кісьля няхай ня знойдзецца ў дамах вашых; бо хто будзе есьці кіслае, выгублена будзе душа тая з грамады Ізраіля, ці гэта прыхадзень, ці той, што нарадзіўся ў гэтай зямлі.

20 Нічога кіслага ня будзеце есьці; у-ва ўсіх сядзібах вашых будзеце есьці праснакі».

21 I паклікаў Майсей усіх старшыняў Ізраіля, і сказаў ім: «Выберыце і вазьміце сабе ягнятка паводле плямёнаў вашых і зарэжце яго пасхальную.

22 I вазьміце вязку ізопу, і занурыце ў кроў, якая ў мядніцы, і памажаце вершнік і абодва вушакі крывёю, якая ў мядніцы, і вы самі не выходзьце ніхто за дзьверы дому свайго аж да раніцы.

23 I пойдзе ГОСПАД, каб губіць Эгіпет, і ўбачыць кроў на вершніку і на абодвух вушаках, і пройдзе ГОСПАД каля дзьвярэй, і ня дасьць нішчыцелю ўвайсьці ў дамы вашыя, каб губіць.

24 I будзеце захоўваць слова гэтае, як пастанову для сябе і для сыноў вашых на вякі.

25 I станецца, што, калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую дасьць вам ГОСПАД, як Ён казаў, вы будзеце захоўваць служэньне гэтае.

26 I станецца, што скажуць вам сыны вашыя: “Што гэта за служэньне ў вас?",

27 а вы адкажаце: “Гэта ахвяра — Пасха для ГОСПАДА, Які абмінуў дамы сыноў Ізраіля ў Эгіпце, калі губіў Эгіпет, а дамы нашыя захаваў”». I схіліўся народ, і пакланіўся.

28 I пайшлі, і зрабілі сыны Ізраіля; як загадаў ГОСПАД Майсею і Аарону, так і зрабілі.

29 I сталася а палове ночы, і забіў ГОСПАД усіх першародных у зямлі Эгіпецкай, ад першароднага фараона, які сядзеў на пасадзе сваім, аж да першароднага вязьня, які ў вязьніцы, і ўсіх першародных у жывёлы.

30 I ўстаў фараон уначы, сам і ўсе слугі ягоныя, і ўвесь Эгіпет; і сталася вялікае галашэньне ў Эгіпце, бо не было дому, у якім не было б памерлага.

31 I паклікаў ён Майсея і Аарона ўначы, і сказаў: «Устаньце, выйдзіце з асяродзьдзя народу майго, і вы, і таксама сыны Ізраіля, і ідзіце, служыце ГОСПАДУ, як вы казалі.

32 Таксама авечак вашых, таксама валоў вашых вазьміце, як вы казалі, і ідзіце, і дабраславіце таксама мяне».

33 I прысьпешвалі Эгіпцяне народ, каб хутчэй выслаць яго з зямлі той, бо яны казалі: «Усе мы памром».

34 I панёс народ цеста сваё перш, чым яно скісла, дзежы свае, завязаныя ў шаты свае, на плячах сваіх.

35 I сыны Ізраіля зрабілі паводле слова Майсея, і пазычылі ў Эгіпцянаў начыньне срэбнае і начыньне залатое, і адзеньне.

36 I ГОСПАД даў ласку народу ў вачах Эгіпцянаў, і яны пазычалі ім; і абрабавалі яны Эгіпет.

37 I вырушылі сыны Ізраіля з Рамсэса ў Сукот каля шасьцісот тысячаў пешых мужчынаў, апрача дзяцей.

38 Таксама мноства плямёнаў выйшла з імі, і авечкі, і валы, набытак вельмі вялікі.

39 I сьпяклі яны з цеста, якое вынесьлі з Эгіпту, прэсныя аладкі, бо яно яшчэ ня скісла, бо яны былі выгнаныя з Эгіпту і не маглі затрымацца, і нават ежы не прыгатавалі сабе.

40 А аселасьці сыноў Ізраіля, колькі яны жылі ў Эгіпце, быў чатырыста трыццаць гадоў.

41 I сталася па заканчэньні чатырыста трыццаці гадоў, што ў гэтым самы дзень выйшла ўсё войска ГОСПАДА з зямлі Эгіпецкай.

42 Гэта ноч чуваньня для ГОСПАДА, калі Ён вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, і гэтая самая ноч — чуваньне перад ГОСПАДАМ для ўсіх сыноў Ізраіля ў пакаленьні іхнія.

43 I сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону: «Вось пастанова Пасхі: ніякі чужынец ня будзе есьці яе.

44 А кожны слуга — чалавек, набыты за срэбра, калі ты абрэжаш яго, можа есьці яе.

45 Прыхадзень і найміт ня будзе есьці яе.

46 У адным доме маеце есьці яе, не выносьце мяса вонкі з дому, і косткі яе не ламіце.

47 Уся грамада Ізраіля мае рабіць гэта.

48 I калі чужынец будзе жыць з табою, і ўчыніць Пасху ГОСПАДА, абрэж у яго ўсіх мужчынаў, і тады няхай наблізіцца, каб рабіць яе, і будзе ён як тутэйшы ў зямлі; але ніхто неабрэзаны ня будзе есьці яе.

49 Адзін закон будзе для тутэйшага і для чужынца, што жыве сярод вас».

50 I зрабілі гэта ўсе сыны Ізраіля; як ГОСПАД загадаў Майсею і Аарону, так і зрабілі.

51 I сталася, што ў той самы дзень ГОСПАД вывеў сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай паводле дружынаў іхніх.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help