СУДЗЬДЗЯЎ 7 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Суд 7

1 І ўстаў раніцаю Еруббаал або Гідэон, і ўвесь народ, які з ім, і разлажыліся табарам каля крыніцы Харод. А табар Мадыянцаў быў на поўнач ад яго, каля ўзгорка Морэ, у лагчыне.

2 І сказаў ГОСПАД Гідэону: «Залішне народу пры табе, каб у рукі ягоныя Я выдаў Мадыянцаў, бо Ізраіль можа ўзьвялічваць сябе, кажучы: “Рука мая вызваліла мяне”.

3 І цяпер скажы ў вушы народу, кажучы: “Хто баіцца і палахлівы, той няхай вернецца і зыйдзе з гары Гілеад”». І вярнулася з народу дваццаць дзьве тысячы, а засталося дзесяць тысячаў.

4 І сказаў ГОСПАД да Гідэона: «Яшчэ зашмат народу. Завядзі яго да вады, і Я выспрабую яго. Пра каго табе скажу, каб ішоў з табою, той няхай пойдзе, а каму ісьці забараню, той няхай ня пойдзе».

5 І зыйшоў народ да вады, і сказаў ГОСПАД Гідэону: «Хто языком сваім будзе хлёбаць ваду, як сабакі хлёбаюць, тых пастаў асобна, а тых, якія ўкленчыўшы на калені свае будуць піць ваду,».

6 І тых, якія хлёбалі ваду рукой, да вуснаў, было трыста чалавек. А ўсе астатнія пілі ўкленчыўшы.

7 І сказаў ГОСПАД Гідэону: «Трыма сотнямі людзей, якія хлёбалі ваду, Я збаўлю вас, і аддам Мадыянцаў у руку тваю, а ўвесь народ няхай ідзе, кожны на месца сваё».

8 І ўзяў народ ежу ў руку сваю і трубы. І ўсім іншым загадаў вярнуцца ў намёты свае, а тых трыста чалавек затрымаў пры сабе. Табар жа Мадыянцаў быў пад ім у лагчыне.

9 У тую ноч ГОСПАД сказаў яму: «Устань і ідзі ў табар, бо Я аддаю яго ў рукі твае.

10 Калі баішся ісьці адзін, няхай ідзе з табою ў табар Пура, слуга твой.

11 Калі ты пачуеш, што яны гавораць, тады ўмацуюцца рукі твае, і ты пойдзеш на табар». І зыйшоў ён і слуга ягоны Пура да самых вартаўнікоў табару.

12 А Мадыянцы, Амалек і ўсе сыны Усходу разьмясьціліся ў лагчыне, шматлікія, як саранча. І вярблюдаў іхніх было бяз ліку, як пяску, які на беразе мора.

13 І прыйшоў Гідэон, і вось, чалавек расказваў сон бліжняму свайму і казаў: «Я меў сон. І вось, бохан хлеба ячменнага прыкаціўся да табару Мадыянцаў, і калі дакаціўся да намёту, ударыў у яго і перавярнуў яго, і намёт разваліўся».

14 І адказаў бліжні ягоны, кажучы: «Гэта нішто іншае, як меч Гідэона, сына Ёаша, Ізраільцяніна. Аддаў Бог у рукі ягоныя Мадыянцаў і ўвесь табар іхні».

15 Калі Гідэон пачуў аповед пра сон і тлумачэньне ягонае, пакланіўся і вярнуўся ў табар Ізраіля, і сказаў: «Устаньце! Бо ГОСПАД аддаў у рукі вашыя табар Мадыянцаў».

16 І падзяліў ён трыста чалавек на тры аддзелы, і даў кожнаму з іх трубы і пустыя збаны, і паходні ўнутры збаноў.

17 І сказаў ім: «Глядзіце на мяне, і рабіце тое самае, што я. Калі я дайду да табару, што я буду рабіць, тое і вы рабіце.

18 Калі я затрублю ў рог, і вы трубіце ў рогі кругом табару і крычыце: “[Меч] ГОСПАДА і Гідэона!”»

19 І дайшоў Гідэон і сто мужчынаў, якія былі з ім, да самага табару на пачатку сярэдняй начной варты, калі толькі паставілі вартаўнікоў. І затрубілі яны ў рогі, і пабілі збаны, якія ў руках іхніх.

20 І затрубілі ў рогі тры аддзелы, і пабілі збаны, і ўзялі ў левую руку паходні, а ў правую — рогі, каб імі трубіць, і крычалі: «Меч ГОСПАДА і Гідэона!»

21 І стаяў кожны на месцы сваім вакол табару, а ў-ва ўсім табары пачалі бегаць і крычаць, і кінуліся ўцякаць.

22 І калі тыя трыста чалавек трубілі ў рогі, скіраваў ГОСПАД меч аднаго на другога ў-ва ўсім табары. І табар уцёк аж да Бэт-Гашыты ў кірунку Царэтану і Абэль-Мэхолы каля Табаты.

23 І сабраліся Ізраільцяне з Нэфталі і Асэра і з усяго Манасы, і гналіся за Мадыянцамі.

24 І Гідэон паслаў пасланцоў на ўсе горы Эфраіма, кажучы: «Выходзьце супраць Мадыянцаў і перахапіце ў іх праз воды Ярдану аж да Бэт-Бары». І сабраліся ўсе сыны Эфраіма, і заступілі броды на Ярдане аж да Бэт-Бары.

25 І захапілі яны двух князёў Мадыянскіх, Арэба і Зээба, і забілі Арэба ў Цур-Арэбе, а Зээба забілі ў Экэб-Зээбе. І гналіся за Мадыянцамі, а галовы Арэба і Зээба прынесьлі Гідэону за Ярдан.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help