ЕГОШУА 22 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Ег 22

1 І паклікаў Егошуа Рубэна, Гада і паловы пакаленьня Манасы,

2 і сказаў ім: «Вы споўнілі ўсё, што вам загадаў Майсей, слуга ГОСПАДА, і слухалі голас мой у-ва ўсім, што я загадаў вам.

3 Вы не пакінулі братоў вашых усе гэтыя дні доўгія аж да сёньняшняга дня, і захавалі выкананьне прыказаньняў ГОСПАДА, Бога вашага.

4 І цяпер даў ГОСПАД, Бог ваш, супакой братам вашым, як абяцаў ім. Цяпер вяртайцеся і ідзіце ў намёты вашыя і ў зямлю ўласнасьці вашай, якую даў вам Майсей, слуга ГОСПАДА, за Ярданам.

5 Толькі пільна намагайцеся выконваць прыказаньні і закон, які загадаў вам Майсей, слуга ГОСПАДА. Любіце ГОСПАДА, Бога вашага, і хадзіце па ўсіх шляхах Ягоных, захоўвайце прыказаньні Ягоныя, туліцеся да Яго і служыце Яму ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёю».

6 І дабраславіў іх Егошуа, і адпусьціў іх, і яны вярнуліся ў намёты свае.

7 Адной палове калена Манасы Майсей даў уласнасьць у Башане, а другой палове Егошуа даў уласнасьць між братоў іхніх на заходнім беразе Ярдану. І Егошуа адпусьціў іх у намёты іхнія, і дабраславіў іх,

8 і сказаў ім, кажучы: «Вы вяртаецеся ў намёты свае з багацьцямі вялікімі, з мноствам жывёлы, срэбрам, золатам, медзьдзю, жалезам і вялікаю колькасьцю адзеньня; падзяліце здабычу з ворагаў вашых паміж братамі вашымі».

9 І павярнуліся сыны Рубэна, сыны Гада і палова калена Манасы, і пакінулі сыноў Ізраіля ў Шыло, што ў зямлі Ханаан, каб ісьці ў зямлю Гілеад, у зямлю ўласнасьці сваёй, у якой пасяліліся паводле з вуснаў ГОСПАДА праз Майсея.

10 І прыйшлі яны ў ваколіцы Ярдану ў зямлі Ханаан, і пабудавалі каля Ярдану ахвярнік, вялікі з выгляду.

11 І пачулі сыны Ізраіля, што сыны Рубэна, сыны Гада і палова калена Манасы пабудавалі ахвярнік каля Ярдану ў зямлі Ханаан на беразе сыноў Ізраіля.

12 І пачулі сыны Ізраіля, і сабралася ўся грамада Ізраіля ў Шыло, каб выйсьці ваяваць супраць іх.

13 І паслалі сыны Ізраіля да сыноў Рубэна, сыноў Гада і паловы калена Манасы ў зямлю Гілеад Пінхаса, сына Элеазара сьвятара,

14 а з ім дзесяць князёў, князя з кожнага дому бацькоў, з усіх каленаў Ізраіля, і кожны быў галавою дому бацькоў сваіх у дружынах Ізраіля.

15 Яны прыйшлі да сыноў Рубэна, сыноў Гада і паловы калена Манасы ў зямлю Гілеад і прамовілі да іх, кажучы:

16 «Гэта кажа ўся грамада ГОСПАДА: “Што гэта за нявер­насьць? Чаму вы няверныя Богу Ізраіля і пакінулі вы ГОСПАДА, пабудаваўшы сабе ахвярнік і ўзбунтаваўшыся сёньня суп­раць ГОСПАДА?

17 Ці мала вам беззаконьня з Пэору, ад якіх не ачысьціліся мы яшчэ да сёньняшняга дня і прыйшла пляга на грамаду ГОСПАДА?

18 А вы сёньня адступіліся ад ГОСПАДА і паднялі бунт супраць ГОСПАДА, а заўтра ўзгарыцца гнеў Ягоны на ўсю грамаду Ізраіля.

19 Калі думаеце, што зямля ўласнасьці вашай нячыстая, перайдзіце ў зямлю ўласнасьці ГОСПАДА, дзе Сяліба ГОСПАДА, і жывіце ў нас. Не бунтуйцеся суп­раць ГОСПАДА, і нас не бунтуйце, пабудаваўшы ахвярнік акрамя ахвярніка ГОСПАДА, Бога нашага.

20 Калі Ахан, сын Зэраха, парушыў загад ГОСПАДА адносна заклятага, ці ж гнеў ГОСПАДА не прыйшоў на ўсю грамаду Ізраіля? Ён адзін, няхай бы ён адзін і памёр за беззаконьне сваё!”»

21 І адказалі сыны Рубэна, сыны Гада і палова калена Манасы, і прамовілі да начальнікаў тысячаў Ізраіля:

22 «Бог багоў, ГОСПАД, Бог багоў, ГОСПАД, Ён Сам ведае гэта, і Ізраіль няхай ведае! Калі мы ў буньце і адступніцтве ад ГОСПАДА, не пашкадуе Ён нас у сёньняшнім дні.

23 І калі зрабілі мы ахвярнік, каб адступіць ад ГОСПАДА і складаць на ім цэласпаленьні і ахвяры хлебныя, і ахвяры мірныя, няхай Сам ГОСПАД разьбярэцца.

24 Ці ж не зрабілі мы гэта з руплівасьці і з думкаю, што скажуць заўтра сыны вашыя сынам нашым: “Што ў вас і ГОСПАДА, Бога Ізраіля?

25 ГОСПАД паставіў на Ярдане мяжу між намі і вамі, сыны Рубэна і сыны Гада, і таму вы ня маеце ніякай часткі ў ГОСПАДА!” І сыны вашыя адвернуць сыноў нашых ад страху перад ГОСПАДАМ.

26 І сказалі мы: “Паставім сабе ахвярнік не для цэласпаленьняў і не для ахвяраў крывавых,

27 але як сьведчаньне паміж намі і вамі, і паміж нашчадкамі нашымі, што мы хочам выконваць службу ГОСПАДА перад абліччам Ягоным праз цэласпаленьні нашыя, ахвяры крывавыя і ахвяры мірныя”. І ня скажуць заўтра сыны вашыя сынам нашым: “Вы ня маеце часткі ў ГОСПАДА”.

28 Калі яны так заўтра скажуць нам і нашчадкам нашым, мы скажам: “Вось падабенства ахвярніка ГОСПАДА, які зрабілі бацькі нашыя не для цэласпаленьняў, не для ахвяраў крывавых, але каб гэта было сьведчаньнем між намі і вамі”.

29 Далёкія мы, каб бунтавацца супраць ГОСПАДА і адварочвацца, каб не ісьці за Ім, пабудаваўшы ахвярнік для цэласпаленьняў, ахвяраў хлебных і ахвяраў крывавых, ахвярнік ГОСПАДА, Бога нашага, які перад Сялібай Ягонай».

30 І пачуў сьвятар Пінхас, і князі грамады, і начальнікі дружынаў Ізраіля, якія з ім, гэтыя словы, што прамовілі сыны Рубэна, сыны Гада і сыны Манасы, і былі яны добрымі ў вачах іхніх.

31 І Пінхас, сын Элеазара сьвятара, сказаў сынам Рубэна, сынам Гада і сынам Манасы: «Пераканаліся мы сёньня, што сярод вас ГОСПАД, бо вы не дапусьціліся нявернасьці адносна ГОСПАДА, і захавалі сыноў Ізраіля ад рукі ГОСПАДА!»

32 І Пінхас, сын Элеазара сьвятара, і князі вярнуліся ад сыноў Рубэна і сыноў Гада з зямлі Гілеад у зямлю Ханаан, да сыноў Ізраіля, якім прынесьлі словы гэтыя.

33 І справа гэтая была доб­рай у вачах сыноў Ізраіля, і дабраславілі Бога сыны Ізраіля, і не гаварылі больш, каб ісьці супраць іх ваяваць, каб спустошыць зямлю, абжытую сынамі Рубэна і сынамі Гада.

34 А сыны Рубэна і сыны Гада клікалі над ахвярнікам: «Гэта сьведка між намі, што ГОСПАД ёсьць Бог».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help