ДЗЕІ 22 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Дз 22

1 «Мужы браты і бацькі! Паслухайце цяпер маю перад вамі абарону».

2 Пачуўшы, што ён прамовіў да іх на гебрайскай мове, яны больш замаўчалі і ён сказаў:

3 «Я сам Юдэй, народжаны ў Тарсе Кілікійскім, а ўзгадаваны ў горадзе гэтым ля ног Гамаліэля, старанна дысцыплінаваны ў Законе бацькоў, руплівец дзеля Бога, як і вы ўсе сёньня.

4 Я перасьледаваў шлях гэты ажно да сьмерці, зьвязваючы і аддаючы ў вязьніцу мужчынаў і жанчынаў,

5 як засьведчыць пра мяне і першасьвятар, і ўсе старшыні, ад якіх я, узяўшы пасланьні да братоў, пайшоў у Дамаск, каб і тых, якія там былі, прывесьці зьвязаных у Ерусалім дзеля пакараньня.

6 Сталася ж, калі я ішоў і набліжаўся да Дамаску, каля паўдня неспадзявана агарнула мяне вялікае сьвятло з неба.

7 І я ўпаў на зямлю, і пачуў голас, які гаварыў да мяне: “Саўле, Саўле, чаму ты перасьледуеш Мяне?”

8 А я адказаў: “Хто Ты, Госпадзе?” І Ён сказаў да мяне: “Я — Ісус з Назарэту, Якога ты перасьледуеш”.

9 Тыя ж, што былі са мною, бачылі сьвятло і перапалохаліся, а голасу Таго, Які гаварыў да мяне, ня чулі.

10 А я сказаў: “Што мне рабіць, Госпадзе?” Госпад жа сказаў да мяне: “Устаўшы, ідзі ў Дамаск, і там будзе табе сказана ўсё, што вызначана табе рабіць”.

11 А як ад славы сьвятла гэтага я ня бачыў, дык прыйшоў у Дамаск, ведзены за руку тымі, што былі са мною.

12 А нейкі Ананія, муж пабожны паводле Закону, засьведчаны ўсімі тамтэйшымі Юдэямі,

13 прыйшоўшы да мяне і стаўшы, сказаў мне: “Саўле, браце! Глядзі!” І я ў тую ж гадзіну ўгледзеў яго.

14 А ён сказаў: “Бог бацькоў нашых выбраў цябе, каб ты пазнаў волю Ягоную, і ўбачыў Праведнага, і пачуў голас з вуснаў Ягоных,

15 бо ты будзеш сьведкам Яму перад усімі людзьмі пра тое, што ты бачыў і чуў.

16 І цяпер што ты марудзіш? Устаўшы, ахрысьціся і змый грахі твае, прызваўшы імя Госпада”.

17 Сталася ж, як я вярнуўся ў Ерусалім і маліўся ў сьвятыні, ахапіла мяне захапленьне

18 і я ўбачыў Яго, Які казаў да мяне: “Сьпяшайся і ідзі хутчэй з Ерусаліму, бо ня прымуць сьведчаньня твайго пра Мяне”.

19 А я сказаў: “Госпадзе, яны ведаюць, што гэта я арыштоўваў і біў у сынагогах тых, якія вераць у Цябе.

20 І калі пралівана была кроў Стэфана, сьведкі Твайго, і я быў, стоячы і згаджаючыся на забойства яго, і пільнуючы адзеньне тых, што забівалі яго”.

21 І Ён сказаў да мяне: “Ідзі, бо Я да паганаў далёка пашлю цябе”».

22 А яны слухалі яго да гэтага слова, і ўзьнялі голас свой, кажучы: «Забяры з зямлі такога! Бо не належыцца жыць яму!»

23 А як яны крычалі, і кідалі адзеньне, і пыл падкідалі ў паветра,

24 тысячнік загадаў весьці яго ў табар, сказаўшы тартураваць яго, каб даведацца, дзеля якое віны гэтак крычалі на яго.

25 А калі расьцягнулі яго рамянямі, сказаў Павал да сотніка, які стаяў: «Ці ж можна вам тартураваць Рымскага чалавека, і без суду?»

26 Пачуўшы ж гэта, сотнік, пайшоўшы, паведаміў тысячніку, кажучы: «Глядзі, што ты маеш рабіць. Бо гэты чалавек — Рымлянін».

27 Падыйшоўшы, тысячнік сказаў яму: «Скажы мне, ці ты Рымлянін?» А ён прамовіў: «Так».

28 І адказаў тысячнік: «Я здабыў гэтае грамадзянства за вялікія грошы». А Павал прамовіў: «А я нарадзіўся».

29 Дык адразу адступіліся ад яго тыя, што меліся тартураваць яго. І тысячнік спалохаўся, даведаўшыся, што ён Рымлянін і што яны былі зьвязаўшы яго.

30 А назаўтра, хочучы даведацца напэўна, у чым абвінавачваюць яго Юдэі, зьняў з яго путы і загадаў прыйсьці першасьвятарам і ўсяму сынэдрыёну іхняму, і, вывеўшы Паўла, паставіў перад імі.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help