ЭЗЭКІЭЛЬ 34 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Эзк 34

1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

2 «Сыне чалавечы, прароч супраць пастыраў Ізраіля, прароч і кажы пастырам: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Гора пастырам Ізраіля, якія пась­вяць самі сябе! Ці ж пастыры не павінны пасьвіць авечак?

3 Вы малако спажываеце, у воўну апранаецеся, тлустае забіваеце, але авечак не пасьвіце.

4 Вы саслабелых не ўмацоўвалі, хворай не лекавалі; скалечанай не перавязвалі, заблукалай не вярталі назад, згубленай не шукалі, а абыходзіліся з імі з гвалтам і з прымусам.

5 І расьцярушыліся, бо ня мелі пастыра, і сталіся здабычаю ўсіх зьвяроў палявых, і разьбегліся.

6 Блукаюць авечкі Мае на ўсіх гарах і на кожным высокім узгорку, і па ўсім абліччы зямлі разьбегліся авечкі Мае, але ніхто не клапоціцца пра іх і ніхто не шукае іх.

7 Дзеля гэтага, пастыры, слухайце слова ГОСПАДА.

8 Як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД. За тое, што авечкі Мае сталіся здабычай і авечкі Мае сталіся спажывай для ўсіх зьвяроў палявых, бо ня мелі пастыра, бо пастыры Мае не шукалі авечак Маіх, але пасьвілі пастыры саміх сябе, а авечак Маіх ня пасьвілі,

9 дзеля гэтага, пастыры, слухайце слова ГОСПАДА.

10 Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я супраць пастыраў. І Я буду шукаць авечак Маіх з рук іхніх, і Я прыбяру іх, каб ня пасьвілі авечак, і ня будуць больш тыя пастыры пасьвіць саміх сябе; і Я вырву авечак Маіх з вуснаў іхніх, і ня будуць яны больш ім на спажываньне.

11 Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я Сам буду шукаць авечак Маіх і буду даглядаць іх.

12 Як аглядае пастух статак свой удзень, калі знаходзіцца сярод расьцярушаных авечак сваіх, так Я буду аглядаць авечак Маіх і вызвалю іх з усіх месцаў, у якія яны былі расьцярушаныя ў дзень хмары і імглы.

13 І Я выведу іх з народаў, і зьбяру іх з земляў, і вярну іх у зямлю іхнюю, і буду пасьвіць іх на гарах Ізраіля, пры ручаях і ў-ва ўсіх паселішчах зямлі.

14 Буду пасьвіць іх на пашах добрых, пашы іхнія будуць на высокіх гарах Ізраіля; там будуць адпачываць на пашах добрых, і на пашах сакавітых будуць пасьвіцца на гарах Ізраіля.

15 Я буду пасьвіць авечак Маіх і дам супачынак ім, кажа Госпад ГОСПАД.

16 Згубленую знайду, заблукалую прывяду, скалечаную перавяжу, хворую ўмацую, а тлустую і дужую зьнішчу. Буду пасьвіць іх паводле суду”.

17 А вам, авечкі Мае, гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, Я буду судзіць паміж авечкай і авечкай, паміж баранамі і казламі.

18 Ці ж мала вам, што вы пасьвіцеся на пашы добрай? Чаму рэшту пашы вашай вы топчаце нагамі вашымі? І вы п’іцё ваду чыстую, а астатнюю каламуціце нагамі вашымі?

19 І авечкі Мае пасьвяцца на тых, якія вы стапталі нагамі вашымі, і п’юць тое, што вы скаламуцілі нагамі вашымі”.

20 Дзеля гэтага так кажа Гос­пад ГОСПАД да іх: “Вось, Я Сам буду судзіць паміж авечкай тлустай і авечкай худою.

21 За тое, што вы ўсіх слабых адпіхвалі бакамі і плячыма і папіхалі іх рагамі вашымі, аж пакуль не павыганялі іх прэч,

22 Я дапамагу авечкам Маім, і яны больш ня будуць здабычай, і буду судзіць паміж авечкай і авечкай.

23 І Я пастаўлю для іх аднаго пастыра, слугу Майго Давіда, і ён будзе пасьвіць іх. Ён бу­дзе пасьвіць іх, і ён будзе для іх пастырам.

24 А Я, ГОСПАД, буду для іх Богам, а слуга Мой Давід будзе князем сярод іх. Я, ГОСПАД, прамовіў.

25 І Я заключу з імі запавет супакою, і прыбяру зьвяроў ліхіх з зямлі гэтай, і яны будуць жыць у пустыні бясьпечна, і будуць спаць у лясах.

26 І Я дам ім і ваколіцам узвышша Майго дабраславенства, і буду спасылаць дождж у свой час, гэта будзе дождж дабраславенства.

27 І дасьць дрэва палявое плод свой, і зямля дасьць ураджай свой. І яны будуць жыць у бясьпецы ў зямлі сваёй, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі скрышу брускі ярма іхняга і вырву іх з рукі тых, якія зьняволілі іх.

28 І ня будуць яны больш здабычай для народаў, і зьвяры зямныя ня будуць жэрці іх, але яны будуць жыць у бясьпецы, і ня будзе іх пужаць.

29 І Я пастаўлю ім парасьць для славы, і ня будуць яны больш гінуць з голаду на зямлі, і ня будуць больш зносіць зьнявагі народаў.

30 І даведаюцца, што Я — ГОС­ПАД, Бог іхні, з імі, а яны — народ Мой, дом Ізраіля, кажа Госпад ГОСПАД.

31 Вы — авечкі Мае, авечкі пашы Маёй, вы — людзі, а Я — Бог ваш, кажа Госпад ГОСПАД”».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help