ДРУГАЗАКОНЬНЕ 24 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Друг 24

1 Калі чалавек возьме жонку і станецца яе мужам, і яна ня знойдзе ласкі ў вачах ягоных, бо ён знайшоў у ёй нешта паганае, няхай ён напіша ёй ліст разводны, дасьць яго ў рукі ейныя і выправіць яе ў дом ейны.

2 А калі яна выйдзе з дому свайго, і пойдзе, і стане жонкаю іншага,

3 і зьненавідзіць яе другі муж, і напіша ёй ліст разводны, і дасьць яго ў рукі ейныя, і выправіць яе ў дом ейны або калі памрэ другі муж, які ўзяў яе за жонку,

4 ня можа першы муж ейны, які выправіў яе, вярнуць яе і ўзяць за жонку, бо яна ўжо апаганена; гэта брыдота перад абліччам ГОСПАДА. Не пагань зямлі, якую дае табе на ўлас­насьць ГОСПАД, Бог твой.

5 Калі чалавек нядаўна ўзяў жонку, няхай не ідзе ў войска і няхай не накладаецца на яго нейкі абавязак, але няхай застаецца вольны ў доме сваім і няхай адзін год радуецца з жонкаю сваёй, якую ўзяў.

6 Нельга браць у заклад жорны ці камень млыновы, бо гэта браць душу ў заклад.

7 Калі будзе знойдзены чалавек, які схапіў душу з братоў сваіх, сыноў Ізраіля, і зьняволіў яго, і прадаў яго, няхай памрэ злачынца, і вынішчыш зло спасярод сябе.

8 Захоўваючы, захоўвай пільна, калі хвароба праказы, каб рабіць тое, чаму вучаць вас сьвятары лявіты. Што я загадаў ім, тое выконвайце старанна.

9 Памятай, што зрабіў ГОСПАД, Бог твой, з Мірыям у дарозе, калі выйшлі вы з Эгіпту.

10 Калі бліжняму твайму пазычыш нейкую рэч, ня ўвойдзеш у дом ягоны, каб узяць нешта ў заклад,

11 але будзеш стаяць звонку, а чалавек, якому ты пазычыў, прынясе табе заклад навонкі.

12 Калі гэта чалавек бедны, ня ляжаш спаць з закладам ягоным,

13 але зьвярні яму заклад да заходу сонца, каб спаў ён у адзе­ньні сваім і дабраславіў цябе, і гэта будзе табе ў праведнасьць перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго.

14 Не прыгнятай найміта, беднага і ўбогага, з братоў тваіх ці прыхадняў тваіх, якія ў зямлі тваёй і ў брамах тваіх.

15 У той самы дзень аддай яму плату ягоную, і няхай ня зойдзе над ёй сонца, бо ён — бедны, і з гэтага жыве душа ягоная, каб ня клікаў ён супраць цябе ГОСПАДА і не было на табе грэху.

16 Ня будуць паміраць бацькі за сыноў, і сыны ня будуць паміраць за бацькоў, але няхай кожны памірае за грэх свой.

17 Не судзі крывадушна прыхадня і сіраты; і ад удавы не бяры адзеньня ў заклад.

18 Памятай, што ты быў нявольнікам у Эгіпце і выбавіў цябе адтуль ГОСПАД, Бог твой; дзеля таго і я табе загадваю рабіць гэта.

19 Калі будзеш жаць жніво тваё на полі тваім і забудзешся снапа на полі, не вяртайся забраць яго, але няхай застаецца ён для прыхадня, сіраты і ўдавы, каб дабраславіў цябе ГОСПАД, Бог твой, у-ва ўсім, што будуць рабіць рукі твае.

20 Калі будзеш зьбіраць аліўкі твае, не пераглядай галінкі, але няхай застануцца для прыхадня, сіраты і ўдавы.

21 Калі будзеш зьбіраць вінаград твой, не зьбірай гронак, якія засталіся, але няхай бу­дуць яны для прыхадня, сіраты і ўдавы.

22 І памятай, што ты быў нявольнікам у зямлі Эгіпецкай. Дзеля гэтага я загадваю табе рабіць гэта.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help