ЯРЭМІЯ 36 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Яр 36

1 І сталася ў чацьвёртым годзе Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, і было слова да Ярэміі ад ГОСПАДА, кажучы:

2 «Вазьмі сабе скрутак кнігі і запішы на ім усе словы, якія Я прамовіў да цябе пра Ізраіль, пра Юду і пра ўсе народы ад дня, калі Я прамаўляць да цябе, ад дзён Ёсіі аж да дня сёньняшняга.

3 Можа, пачуе дом Юды пра ўсё ліха, якое Я маю намер учыніць ім, і адвернецца кожны ад шляху свайго ліхога, і Я прабачу беззаконьні іхнія і грахі іхнія».

4 І паклікаў Ярэмія Баруха, сына Нэрыя, і напісаў Барух з вуснаў Ярэміі ў скрутку кнігі ўсе словы ГОСПАДА, якія Ён прамовіў яму.

5 І загадаў Ярэмія Баруху, кажучы: «Мне забаронена і я не магу ўвайсьці ў Дом ГОСПАДА.

6 Таму пойдзеш ты і прачытаеш са скрутка словы ГОСПАДА, якія ты напісаў з вуснаў Маіх, у вушы народу ў Доме ГОСПАДА ў дзень посту. Таксама ў вушы ўсяго Юды, які прыходзіць з гарадоў сваіх, прачытаеш.

7 Можа, дойдзе маленьне іхняе перад аблічча ГОСПАДА, і яны адвернуцца ад шляху свайго ліхога? Бо вялікі гнеў і лютасьць, пра якія прамовіў ГОСПАД народу гэтаму».

8 І Барух, сын Нэрыя, зрабіў усё, што загадаў яму Ярэмія прарок, каб прачытаў з кнігі словы ГОСПАДА ў Доме ГОСПАДА.

9 І сталася ў пятым годзе Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, што ў дзявятым месяцы быў аб’яўлены пост перад абліччам ГОСПАДА для ўсяго народу ў Ерусаліме і для ўсяго народу, які прыходзіў з гарадоў Юды ў Ерусалім.

10 І прачытаў Барух з кнігі ў вушы народу словы Ярэміі ў Доме ГОСПАДА ў пакоі Гемарыі, сына Шафана, пісара, на верхнім панадворку каля ўваходу ў Браму Новую Дома ГОСПАДА.

11 І пачуў Міхей, сын Гемарыі, сына Шафана, усе словы ГОСПАДА з кнігі.

12 І ён зыйшоў у дом валадара ў пакоі пісара. І вось, там сядзелі ўсе князі: Элішама, пісар, і Дэлая, сын Шэмаі, і Эльнатан, сын Ахбора, і Гемарыя, сын Шафана, і Сэдэкія, сын Хананіі, і іншыя князі.

13 І паведаміў ім Міхей усе словы, якія пачуў, калі Барух чытаў з кнігі ў вушы народу.

14 І паслалі ўсе князі да Баруха Егудыя, сына Нэтаніі, сына Шэлеміі, сына Кушы, кажучы: «Вазьмі ў руку тваю скрутак, з якога ты чытаў у вушы народу, і прыходзь!» І ўзяў Барух, сын Нэрыі, скрутак у руку сваю, і прыйшоў да іх.

15 І яны сказалі яму: «Сядзь, калі ласка, і прачытай гэта ў вушы нашыя». І прачытаў Барух ў вушы іхнія.

16 І сталася, калі яны пачулі ўсе словы гэтыя, яны спалохаліся адзін перад адным і сказалі Баруху: «Паведамляючы, паведамім валадару ўсе словы гэтыя».

17 І запыталі яны ў Баруха, кажучы: «Скажы, калі ласка, нам, як ты напісаў усе словы гэтыя з вуснаў ягоных?»

18 І Барух сказаў ім: «Вуснамі сваімі ён дыктаваў мне ўсе словы гэтыя, а я запісваў іх атрамантам у кнізе».

19 І сказалі князі Баруху: «Ідзі, схавайся, ты і Ярэмія, і няхай ніхто ня ведае, дзе вы».

20 І яны пайшлі да валадара на панадворак, а скрутак пакінулі ў пакоі пісара Элішамы, і паведамілі ў вушы валадара.

21 І паслаў валадар Егудыя, каб прынёс скрутак. І Егудый узяў яго з пакоя Элішамы пісара, і прачытаў яго ў вушы валадара і ў вушы ўсіх князёў, якія стаялі пры валадары.

22 А валадар сядзеў у доме зімовым у дзявятым месяцы, і перад абліччам ягоным жарніца з распаленым.

23 І сталася, калі Егудый прачытваў тры ці чатыры слупкі, адразаў іх валадар сьцізорыкам пісарскім і кідаў у агонь, які у жарніцы, пакуль увесь скрутак не згарэў у агні, які у жарніцы.

24 І не спалохаліся, і не разьдзёрлі шатаў сваіх валадар і ўсе слугі ягоныя, якія слухалі ўсе словы гэтыя.

25 І хоць Эльнатан, Дэлая і Гемарыя прасілі валадара не паліць скрутак, ён іх не паслухаў.

26 І загадаў валадар Ерахмээлю, сыну валадара, і Сэраі, сыну Азрыэля, і Шэлеміі, сыну Абдээля, схапіць Баруха пісара і Ярэмію прарока, але ГОСПАД схаваў іх.

27 І было слова ГОСПАДА да Ярэміі пасьля таго, як валадар спаліў скрутак са словамі, якія Барух напісаў з вуснаў Ярэміі, кажучы:

28 «Павярніся і вазьмі сабе іншы скрутак, і напішы на ім усе словы папярэднія, якія былі ў першым скрутку, які спаліў Егаякім, валадар Юды.

29 А пра Егаякіма, валадара Юды, скажаш: “Гэта кажа ГОСПАД. Ты спаліў скрутак гэты, кажучы: "Навошта ты напісаў у ім, кажучы: “Прыходзячы, прыйдзе валадар Бабілонскі і зьнішчыць зямлю гэтую, і вынішчыць з яе людзей і быдла”?"

30 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД пра Егаякіма, валадара Юды. Ня будзе ў яго таго, хто будзе сядзець на пасадзе Давіда. Труп ягоны будзе выстаўлены на сьпёку ўдзень і на холад уначы.

31 І Я наведаю яго і насеньне ягонае, і слугаў ягоных за беззаконьні іхнія, і навяду на іх, і на жыхароў Ерусаліму, і на мужоў Юды ўсё ліха, пра якое Я прамовіў да іх, а яны ня слухалі”».

32 І Ярэмія ўзяў іншы скрутак, і даў яго Баруху, сыну Нэрыі, пісару, і той напісаў на ім з вуснаў Ярэміі ўсе словы кнігі, якую спаліў Егаякім, валадар Юды. І было дададзена да іх яшчэ шмат падобных словаў.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help