ЭЗРА 9 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Эзр 9

1 А калі скончыліся гэтыя, падыйшлі да мяне князі, кажучы: «Не аддзяліўся народ Ізраіля, і сьвятары, і лявіты ад народаў зямлі гэтай і агідаў іхніх, ад Хананейцаў, Хетаў, Пэрэзэяў, Евусэяў, Аманянаў, Мааўлянаў, Эгіпцянаў і Амарэйцаў,

2 бо яны пабралі сабе і сынам сваім дочак іхніх, і зьмяшалася насеньне сьвятое з народамі зямлі гэтай, і рука князёў і кіраўнікоў была першай у здрадзе гэтай ».

3 I калі я пачуў гэтае слова, разадраў адзеньне маё і плашч мой, і рваў валасы з галавы маёй і з барады маёй, і сядзеў збалелы.

4 І сабраліся да мяне ўсе, якія трымцяць перад словамі Бога Ізраіля, з прычыны здрады тых, што прыйшлі з выгнаньня; а я сядзеў збалелы аж да ахвяры вячэрняй.

5 І ахвяры вячэрняй я ўстаў з немарасьці маёй, і разадраўшы адзеньне маё і плашч мой, схіліўся на калені мае і выцягнуў рукі мае да ГОСПАДА, Бога майго,

6 і сказаў: «Божа мой! Я ў сораме і ганьбе, каб узьняць, Божа мой, аблічча маё да Цябе, бо беззаконьні нашыя памножыліся вышэй галавы, і правіны нашыя вырасьлі аж да неба.

7 Ад дзён бацькоў нашых аж да дня гэтага мы ў вялікай правіне; і за беззаконьні нашыя мы, валадары нашыя, сьвятары нашыя аддадзеныя ў руку валадароў земляў пад меч, у палон, на рабаваньне і на асаромленьне аблічча, як у дзень гэты.

8 І цяпер на хвіліну сталася нам ласка ад ГОСПАДА, Бога нашага, каб пакінуць нам рэшту і даць нам калок у месцы сьвятасьці Ягонай, каб асьвяціў вочы нашыя Бог наш і даў нам крыху ажыць у няволі нашай.

9 Бо мы — нявольнікі; але і ў няволі нашай не пакінуў нас Бог наш. І Ён прыхіліў да нас міласэрнасць валадароў Пэрсаў, каб яны далі нам ажыць, узьняць Дом Бога нашага, і адбудаваць руіны ягоныя, і даць нам агароджу ў Юдэі і ў Ерусаліме.

10 І цяпер, Божа наш, што скажам мы пасьля гэтага? Бо мы пакінулі прыказаньні Твае,

11 якія Ты загадаў праз слугаў Тваіх прарокаў, кажучы: “Зямля, у якую вы ідзіцё, каб узяць у спадчыну — зямля нячыстая праз нячыстасьць народаў зямлі гэтай, праз брыдоты іхнія, якімі напоўнілі яе ад краю да краю ў нячыстасьці сваёй.

12 І цяпер дачок сваіх не аддавайце за сыноў іхніх, і дачок іхніх не бярыце для сыноў сваіх, і не шукайце супакою іхняга і дабра іхняга на вякі, каб умацавацца вам і спажываць дабро зямлі, і пакінуць яе ў спадчыну сынам вашым на вякі”.

13 І пасьля ўсяго, што прыйшло на нас за ўчынкі ліхія нашыя і за правіны вялікія нашыя, — бо Ты, Божа наш, пакараў нас менш, чым беззаконьні нашыя, і даў нам рэшту, —

14 няўжо мы будзем ізноў парушаць прыказаньні Твае і сваячыцца з народамі брыдотаў гэтых? Ці не загневаешся Ты на нас аж да выгубленьня, так што ня будзе ані рэшты, ані ўратаванага?

15 ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля! Ты — праведны, бо мы засталіся як рэшта ў дзень гэты; і вось, мы ў правінах нашых перад абліччам Тваім, хоць не належыць нам стаяць перад абліччам Тваім за ўсё гэта».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help