ЭЗРА 6 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Эзр 6

1 Тады валадар Дарый даў загад, і шукалі ў Бабілоне, у доме кнігаў, дзе складаюць скарбы.

2 І знойдзены ў замку Ахмэце, у палацы, які ў краіне Мідзянаў, адзін сувой, і ў ім напісана так: «Каб памятаць.

3 У першы год валадара Кіра, валадар Кір даў загад пра Дом Божы ў Ерусаліме: “Няхай будзе адбудаваны Дом на тым месцы, дзе ахвяроўваюць ахвяры, і няхай падмуркі ягоныя бу­дуць захаваныя. Вышыня ягоная — шэсьцьдзясят локцяў, шырыня ягоная — шэсьцьдзясят локцяў.

4 Шэрагаў з камянёў вялікіх — тры, і шэраг з дрэва — адзін. На выдаткі няхай даюць з дому валадара.

5 І начыньне Дому Божага, залатое і срэбнае, якое Навухаданосар вынес са сьвятыні ў Ерусаліме і перанёс у Бабілон, няхай будзе вернута і пойдзе ў сьвятыню ў Ерусаліме, на месца сваё, і паложыш ў Доме Божым”.

6 І цяпер, Татэнай, ваявода Зарэчча, і Шэтар-Базэнай, і таварышы вашыя Афарсатхейцы, якія ў Зарэччы, — аддаліцеся адтуль.

7 Пакіньце працу пры гэтым Доме Божым. Няхай ваявода Юдэйскі і старшыні Юдэйскія будуюць гэты Дом Божы на месцы ягоным.

8 І я даю загад пра тое, што вы маеце рабіць для гэтых старшыняў Юдэйскіх у будаўніцтве гэтага Дому Божага: з маёмасьці валадара, з падаткаў Зарэчча, старанна вяртайце выдаткі тых людзей, каб работа не спынялася.

9 І што будзе патрэбна, і бычкоў, і бараноў, і ягнятаў, на цэласпаленьне для Бога нябеснага, пшаніцы, солі, віна і алею, як скажуць сьвятары ў Ерусаліме, няхай выдаюць ім дзень у дзень, без занядбаньня,

10 каб яны ахвяроўвалі ахвяры, прыемныя Богу нябеснаму, і маліліся за жыцьцё валадара і сыноў ягоных.

11 І я даю загад, што кожнаму чалавеку, які зьменіць гэтае слова, будзе вынята бервяно з дому ягонага, і ён будзе падняты і прыбіты да яго, а дом ягоны за гэта будзе ператвораны ў руіну.

12 І Бог, Які зьмясьціў там імя Сваё, няхай зьнішчыць кожнага валадара і народ, які выцягнуў бы руку сваю, каб зьмя­ніць гэта на шкоду гэтаму Дому Божаму ў Ерусаліме. Я, Дарый, даў гэты загад. Няхай ён будзе дакладна выкананы».

13 Тады Татэнай, ваявода Зарэчча, Шэтар-Базэнай і таварышы іхнія, як загадаў Дарый валадар, так дакладна і зрабілі.

14 І старшыні Юдэйскія будавалі, і мелі посьпех паводле прароцтва Агея прарока і Захарыі, сына Іддо. I пабудавалі, і скончылі паводле загаду Бога Ізраіля і паводле загаду Кіра, і Дарыя, і Артаксэркса, валадароў Пэрсаў.

15 I быў скончаны Дом гэты ў трэці дзень месяца Адар у шостым годзе валадараньня Дарыя валадара.

16 I справілі сыны Ізраіля, сьвятары і лявіты, і рэшта сыноў выгнаньня асьвячэньня гэтага Дому Божага з радасьцю.

17 I ахвяравалі на асьвячэньне гэтага Дому Божага сто бычкоў, дзьвесьце бараноў, чатырыста ягнятаў і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх за ўсяго Ізраіля, паводле ліку каленаў Ізраіля.

18 I паставілі сьвятароў паводле служэньняў іхніх, і лявітаў паводле чэргаў іхніх на служэньне Божага, які ў Ерусаліме, паводле напісанага ў кнізе Майсея.

19 I сыны выгнаньня сьвяткавалі Пасху ў чатырнаццаты першага месяца,

20 бо ачысьціліся сьвятары і лявіты; усе яны, як адзін, былі чыстыя; і зарэзалі пасхальнае для ўсіх сыноў выгнаньня, братоў сваіх, і для сьвятароў, і для сябе.

21 I елі сыны Ізраіля, якія вярнуліся з выгнаньня, і ўсе, што аддзяліліся да іх ад нячыстасьці народаў зямлі, каб шукаць ГОСПАДА, Бога Ізраіля.

22 I сьвяткавалі Сьвята Праснакоў сем дзён з радасьцю, бо ГОСПАД узрадаваў іх і зьвярнуў да іх сэрца валадара Асірыі, каб умацаваць рукі іхнія пры будаўніцтве Дому ГОСПАДА, Бога Ізраіля.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help