ДЗЕІ 18 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Дз 18

1 Пасьля ж гэтага Павал, зыйшоўшы з Атэнаў, прыйшоў у Карынт.

2 І, знайшоўшы нейкага Юдэя, на імя Акіла, родам з Понту, і жонку ягоную Прыскілу, якія толькі што прыйшлі з Італіі дзеля загаду Кляўдыя ўсім Юдэям пакінуць Рым, прыстаў да іх.

3 І як быў аднаго рамяства, заставаўся ў іх і працаваў, бо рамяство было майстраваньне намётаў.

4 А кожную суботу ён вёў гутаркі ў сынагозе і пераконваў Юдэяў і Грэкаў.

5 Калі ж прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, Павал быў пануканы Духам сьведчыць Юдэям пра Ісуса Хрыста.

6 А як яны працівіліся і блюзьнілі, абтросшы адзеньне, ён сказаў да іх: «Кроў вашая на галаве вашай! Я чысты. Ад цяпер іду да паганаў».

7 І, перайшоўшы адтуль, прыйшоў у дом нейкага, на імя Юст, які пакланяўся Богу, дом якога быў пры самай сынагозе.

8 А Крысп, начальнік сынагогі, паверыў у Госпада разам з усім домам сваім, і шмат Карыньцянаў, слухаючы, паверылі і былі ахрышчаныя.

9 Госпад жа сказаў Паўлу ў відзежы ўначы: «Ня бойся, але гавары і не маўчы,

10 бо Я з табою, і ніхто ня ўчыніць табе зло, бо шмат Майго народу ў горадзе гэтым».

11 І жыў год і шэсьць месяцаў, навучаючы ў іх слова Божага.

12 А калі Галіён стаў праконсулам Ахаі, Юдэі аднадушна накінуліся на Паўла і павялі яго да судовага пасаду,

13 кажучы, што ён намаўляе людзей пакланяцца Богу насуперак Закону.

14 Калі ж Павал меўся расчыніць вусны, сказаў Галіён да Юдэяў: «Калі б сапраўды была нейкая крыўда ці злачынства, о Юдэі, я б меў прычыну цярпець вас.

15 Калі ж спрэчка ідзе пра слова, і імёны, і Закон ваш, разглядайце самі, бо я судзьдзём у гэтым быць не хачу».

16 І пагнаў іх ад судовага пасаду.

17 А ўсе Грэкі, схапіўшы Састэна, начальніка сынагогі, білі яго перад судовым пасадам, Галіёна ж гэта ніколькі не клапаціла.

18 А Павал, прабыўшы яшчэ даволі дзён, разьвітаўшыся з братамі, паплыў у Сірыю, і з ім Прыскіла і Акіла. У Кенхрэях ён абстрыг галаву, бо зрабіў шлюбаваньне.

19 І прыйшоў у Эфэс, і пакінуў іх, а сам, увайшоўшы ў сынагогу, вёў гутаркі з Юдэямі.

20 Калі ж прасілі яго застацца ў іх на шмат часу, ён не згадзіўся,

21 але разьвітаўся з імі, сказаўшы: «Я мушу абавязкова справіць надыходзячае сьвята ў Ерусаліме. А зноў вярнуся да вас, калі Бог захоча». І вырушыў з Эфэсу.

22 І, зыйшоўшы ў Цэзарэі, узыйшоўшы і прывітаўшы царкву, пайшоў у Антыёхію.

23 І пабавіўшы нейкі час, выйшаў, праходзячы па чарзе Галятыйскую краіну і Фрыгію, умацоўваючы ўсіх вучняў.

24 А нейкі Юдэй, на імя Апалёс, родам Александрыец, муж красамоўны, прыйшоў у Эфэс, а быў ён моцны ў Пісаньнях.

25 Ён быў навучаны шляху Госпада і, палаючы духам, гаварыў і навучаў пра Госпада дакладна, ведаючы толькі хрышчэньне Янавае.

26 І ён пачаў адважна гаварыць у сынагозе. Пачуўшы ж яго, Акіла і Прыскіла адклікалі яго і выклалі яму дакладней шлях Божы.

27 А як ён хацеў пайсьці ў Ахаю, браты напісалі вучням, заклікаючы прыняць яго. Ён, прыйшоўшы, шмат дапамог тым, што былі паверыўшы праз ласку,

28 бо заўзята абвяргаў Юдэяў перад грамадою, паказваючы з Пісаньняў, што Ісус ёсьць Хрыстос.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help