БЫЦЬЦЁ 14 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Бц 14

1 І сталася ў дні Амрафэля, валадара Шынаару, і Арыёха, валадара Элясару, і Кедарляамэра, валадара Эляму, і Тыдаля, валадара Гаіму,

2 пачалі яны вайну супраць Бэры, валадара Садому, і Біршы, валадара Гаморы, і Шынава, валадара Адмы, і Шэмэвэра, валадара Цэвоіму, і валадара Бэлі або Цаару.

3 Усе яны злучыліся ў даліне Сыддым, яна Мора Салёнае.

4 Дванаццаць гадоў служылі яны Кедарляамэру, а ў трынаццатым годзе ўзбунтаваліся.

5 А ў чатырнаццатым годзе прыйшоў Кедарляамэр і валадары, якія з ім, і пабілі Рэфаімаў у Аштэрот-Карнаіме, і Зузімаў у Гаме, і Эмімаў у Шавэ-Кірыятаіме,

6 і Харэяў на гары іхняй Сэір аж да Эль-Парану, што ў пустыні.

7 І вярнуліся яны, і прыйшлі да Эн-Мішпату, які Кадэш, і пабілі ўсю краіну Амалека, а таксама Амарэяў, што жылі ў Хацацон-Тамары.

8 І выйшаў валадар Садому, і валадар Гаморы, і валадар Адмы, і валадар Цэвоіму, і валадар Бэлі або Цаару, і пашыхтаваліся ў даліне Сыддым да бою

9 з Кедарляамэрам, валадаром Эляму, і Тыдалем, валадаром Гаіму, і Амрафэлем, валадаром Шынаару, і Арыёхам, валадаром Элясару, чатыры валадары супраць пяці.

10 І былі ў даліне Сыддым ямы, ямы смалавыя. І ўцякалі валадары Садому і Гаморы, і ўпалі ў тыя, а астатнія ўцяклі на гару.

11 І ўзялі ўсю маёмасьць Садому і Гаморы і ўсе запасы харчоў, і пайшлі.

12 І ўзялі яны Лота, сына брата Абрама, і маёмасьць ягоную, і пайшлі. А ён жыў у Садоме.

13 І прыйшоў адзін з тых, што ўцяклі, і паведаміў Абраму Гебраю, які жыў каля дубровы Мамрэ Амарэя, брата Эшколя і брата Анэра, якія заключылі запавет з Абрамам.

14 І пачуў Абрам, што ўзяты ў палон брат ягоны, і ўзброіў трыста васямнаццаць спраўных сваіх, народжаных у доме яго, і рушыў у пагоню аж пад Дан.

15 І, падзяліўшыся, напаў на іх ноччу, ён і слугі ягоныя, і разьбіў іх, і гнаў іх аж да Ховы, што зьлева ад Дамаску.

16 І вярнуў ён усю маёмасьць, а таксама Лота, брата свайго, і маёмасьць ягоную, і жанчынаў, і народ.

17 І выйшаў валадар Садому насустрач яму, калі ён вяртаўся пасьля пабіцьця Кедарляамэра і валадароў, што з ім былі, у даліну Шавэ, яна даліна Валадарская.

18 І Мэльхісэдэк, валадар Салему, вынес хлеб і віно, а ён быў сьвятаром Бога Найвышэйшага,

19 і дабраславіў яго, і сказаў: «Дабраслаўлёны Абрам праз Бога Найвышэйшага, Пана неба і зямлі.

20 І дабраслаўлёны Бог Найвышэйшы, Які аддаў ворагаў тваіх у рукі твае». І даў яму дзесяціну з усяго.

21 І сказаў валадар Садому Абраму: «Аддай мне людзей, а маёмасьць вазьмі сабе».

22 І сказаў Абрам валадару Садому: «Узьнімаю руку маю да ГОСПАДА, Бога Найвышэйшага, Пана неба і зямлі,

23 што ані ніткі, ані раменьчыка ад сандалаў, нічога не вазьму з усяго таго, што тваё, каб ты не сказаў: “Я ўзбагаціў Абрама”,

24 акрамя таго, што зьелі юнакі, і акрамя часткі для людзей, якія хадзілі са мною. Анэр, Эшколь і Мамрэ няхай возьмуць частку сваю».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help