1 Гэта сказаў ГОСПАД: «Ідзі і купі ў ганчара збан гліняны, і старшыняў народу і старшыняў сьвятароў.
2 І выйдзі ў даліну Бэн-Гінном, якая пры ўваходзе ў браму Харсіт, і там будзеш абвяшчаць слова, якое Я прамоўлю табе.
3 І скажаш: “Слухайце слова ГОСПАДА, валадары Юды і жыхары Ерусаліму! Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я навяду няшчасьце на месца гэтае, так што ў кожнага, хто гэта чуе, зашуміць у вушах ягоных,
4 за тое, што вы пакінулі мяне і апаганілі месца гэтае, і кадзілі іншым багам, якіх ня ведалі ані вы, ані бацькі вашыя, ані валадары Юды, і вы напоўнілі месца гэтае крывёю нявінных,
5 і пабудавалі вышыні Баалу, каб паліць там сыноў сваіх у агні цэласпаленьняў для Баала, чаго Я не загадваў і не гаварыў, і гэта не прыходзіла ў сэрца Маё.
6 Дзеля гэтага, вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і больш ня будзе называцца месца гэтае Тафэт і даліна Бэн-Гінном, але Даліна забойства.
7 І Я зьнішчу раду Юды і Ерусаліму на месцы гэтым, і яны ўпадуць ад мяча перад абліччам ворагаў іхніх і ад рукі тых, якія шукаюць душы іхняй. І Я дам целы іхнія на жыраваньне птушкам нябесным і зьвярам зямным,
8 і зраблю народ гэты пустэчаю і насьмешкаю. Кожны, хто будзе паўз яго праходзіць, аслупянее і засьвішча дзеля ўсіх ранаў ягоных.
9 І Я зраблю, што яны будуць есьці целы сыноў сваіх і целы дочак сваіх, і кожны будзе есьці цела бліжняга свайго ў аблозе і прыгнёце, якім будуць прыгнятаць іх ворагі іхнія, і тыя, якія шукаюць душу іхнюю”.
10 І ты разьбі збан перад вачыма мужчынаў, якія пойдуць з табой,
11 і скажы ім: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Я гэтак разаб’ю народ гэты і горад гэты, як разьбіваецца посуд ганчара, які ня можа ўжо быць напраўлены. Будуць хаваць у Тафэце, таму што ня будзе месца на пахаваньне.
12 Я так зраблю месцу гэтаму, кажа ГОСПАД, і жыхарам ягоным, што горад гэты будзе такім, як Тафэт.
13 І стануцца дамы Ерусаліму і дамы валадароў Юды нячыстымі, як месца Тафэт, усе дамы, на дахах якіх палілі кадзіла для моцаў нябесных і складалі ахвяры вадкія для іншых багоў”».
14 І прыйшоў Ярэмія з Тафэту, куды яго паслаў ГОСПАД прарочыць, і стаў на панадворку Дома ГОСПАДА, кажучы ўсяму народу:
15 «Гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я навяду на горад гэты і на ўсе паселішчы ўсялякія беды, якія прамаўляў супраць іх, бо яны зрабілі цьвёрдым карак свой, каб ня слухаць словаў Маіх».
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.