1 І сталася ў трыццатым годзе, у чацьвёртым, у пятым месяца, і я сярод выгнанцаў над ракою Кевар. Адкрыліся нябёсы, і я бачыў відзеж Божы.
2 У пяты месяца, а гэта быў пяты год палону валадара Егаякіма,
3 было слова ГОСПАДА да Эзэкіэля, сына Бузі, сьвятара, у зямлі Халдэйцаў над ракою Кевар. І была там над ім рука ГОСПАДА.
4 І я ўбачыў, і вось, вецер гвалтоўны прыйшоў з поўначы, і хмара вялікая, і агонь палючы, і зьзяньне кругом, а ў сярэдзіне ягонай — нібыта бурштын, ў сярэдзіне агню.
5 А ў сярэдзіне ягонай было падабенства чатырох жывых; і мелі яны выгляд чалавека.
6 І кожная мела чатыры абліччы, і кожная мела чатыры крылы.
7 Ногі іхнія — ногі простыя, а стопы ног іхніх — як стопы ног цяляці; і блішчэлі яны, як медзь блішчастая.
8 Пад крыламі іхнімі рукі людзкія па чатырох баках іхніх. Абліччы і крылы ў-ва ўсіх чатырох.
9 І крылы іхнія прылягалі адны да другіх, і яны не адварочваліся, калі ішлі; кожная ішла проста перад абліччам сваім.
10 Абліччы іхнія выглядалі як аблічча чалавека і аблічча ільва з правага боку чатырох, і як аблічча вала з левага боку чатырох, і як аблічча арла ў чатырох.
11 Абліччы іхнія і крылы іхнія былі скіраваныя ўгару, два прылягалі адзін да аднаго, а два акрывалі целы іхнія.
12 І кожная ішла перад аблічча сваё, яны ішлі туды, куды іх Дух вёў, і ідучы, не адварочваліся ў хадзе сваёй.
13 А выгляд тых жывых — быццам гарачыя вуглі распаленыя, падобныя да паходняў, якія рухаюцца між тымі жывымі. Агонь зьзяў, і з агню выходзілі маланкі.
14 І жывыя ішлі і варочаліся назад, нібы маланкі.
15 І я бачыў тыя жывыя, а вось, адно кола на зямлі пры кожнай з тых чатырох жывых.
16 Выгляд тых колаў і выраб іхні — як выгляд хрызаліту, і ўсе чатыры мелі той самы выгляд, і выгляд іхні і выраб, нібыта адно кола было ў другім.
17 Яны ішлі ў хадзе сваёй на чатыры бакі; а калі ішлі, не адварочваліся ў хадзе сваёй.
18 Абруч іхні быў велізарны; і выгляд іх і абручоў іхніх у-ва ўсіх чатырох быў поўны вачэй кругом.
19 А калі ішлі гэтыя жывыя, ішлі колы іхнія разам з імі. Калі падымаліся з зямлі, падымаліся таксама колы.
20 Куды кіраваў іх Дух, каб ішлі, яны ішлі туды, куды Дух ісьці, і колы падымаліся з імі, бо дух жывой у колах.
21 Калі рухаліся, рухаліся, а калі спыняліся, і спыняліся; калі яны падымаліся з зямлі, і колы падымаліся, бо дух жывых у колах.
22 Над галовамі гэтых жывых было штосьці, быццам прасьцяг неба, быццам крышталь, які ірдзее, раскінуты над галовамі іхнімі ўгары.
23 А пад прасьцягам былі ўзьнятыя крылы іхнія, адно побач другога; і кожная мела па два, якімі закрывалі целы свае.
24 Калі яны ішлі, чуўся шум крылаў іхніх, як шум мноства водаў, як голас Усемагутнага, голас гоману, як гармідар табару; а калі яны спыняліся, крылы мелі апушчаныя.
25 І быў голас па-над прасьцягам, які быў над галовамі іхнімі. А калі яны спыняліся, крылы мелі апушчаныя.
26 А па-над прасьцягам, які быў над галовамі іхнімі, было штосьці, падобнае да пасаду, што мела выгляд камяня шафіру, і на тым падабенстве пасаду — быццам постаць чалавека на ім угары.
27 І ўбачыў я нібыта бляск бурштыну і нібыта выгляд агню ўнутры яго наўкола, ад таго, што выглядала як сьцёгны, і вышэй. А ўніз ад таго, што выглядала як сьцёгны, бачыў я штосьці, як агонь, і бляск вакол яго.
28 Як зьяўленьне вясёлкі на воблаках у дзень дажджлівы, такі быў выгляд бляску таго наўкола. Ён выгляд, падобны да славы ГОСПАДА. І я ўбачыў яе, і ўпаў на аблічча маё, і пачуў голас, які прамаўляў.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.