СУДЗЬДЗЯЎ 4 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Суд 4

1 Пасьля сьмерці Эгуда сыны Ізраіля зноў пачалі рабіць ліхое ў вачах ГОСПАДА.

2 І аддаў іх ГОСПАД у рукі Явіна, валадара Ханаану, які валадарыў у Хацоры. Начальнікам войска ягонага быў Сісэра, які жыў у Харашэт-Гагаіме.

3 І клікалі сыны Ізраіля да ГОСПАДА, бо Явін меў дзевяцьсот калясьніцаў жалезных і дваццаць гадоў бязьлітасна ўціскаў сыноў Ізраіля.

4 У гэты час судзіла Ізраіль Дэбора прарочыца, жонка Ляпідота.

5 Яна сядзела пад пальмаю Дэборы паміж Рамаю і Бэтэлем на гары Эфраіма. І прыходзілі да яе сыны Ізраіля на суд.

6 Яна паслала і паклікала Барака, сына Абінаама, з Кадэш-Нэфталі, і сказала яму: «Гэта загадаў ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Ідзі і вядзі войска на гару Табор, і вазьмі з сабою дзесяць тысячаў ваяроў з сыноў Нэфталі і з сыноў Завулёна.

7 А Я прывяду да цябе да ручая Кішон Сісэру, начальніка войска Явіна, і калясьніцы ягоныя, і ўсё мноства ягонае, і аддам яго ў рукі твае”».

8 І сказаў ёй Барак: «Калі ты пойдзеш са мною, і я пайду, а калі ня пойдзеш са мной, я не пайду».

9 Яна сказала: «Я пайду з табою, але ў гэтай выправе ты не здабудзеш славы, бо ў рукі жынчыны аддасьць ГОСПАД Сісэру». І ўстала Дэбора, і пайшла з Баракам у Кадэш.

10 А Барак сабраў сыноў Завулёна і Нэфталі ў Кадэшы, і вырушыў з дзесяцьцю тысячамі ваяроў, і пайшла з імі Дэбора.

11 А Хэвэр Кенэянін аддзяліўся ад іншых сыноў Кенэя, братоў сваіх, сыноў Хавава, цесьця Майсея, і разлажыўся табарам каля дуба ў Цаананіме каля Кадэшу.

12 І даведаўся Сісэра, што Барак, сын Абінаама, вырушыў на гару Табор.

13 І сабраў Сісэра ўсе калясьніцы свае, дзевяцьсот калясьніцаў жалезных, і ўсе дружыны свае, якія меў, і загадаў ім прыйсьці з Харашэт-Гагаіму да ручая Кішон.

14 І сказала Дэбора Бараку: «Устань, бо ў гэты дзень ад­дасьць ГОСПАД у рукі твае Сісэру. Сам ГОСПАД пойдзе перад табою». І зыйшоў Барак з гары Табор, і разам з ім дзесяць тысячаў ваяроў.

15 Тады ГОСПАД навёў жах на Сісэру і на ўсе калясьніцы ягоныя, і на ўсё мноства войска ягонага перад вострывам мяча Барака. І сам Сісэра выскачыў з калясьніцы, і ўцякаў пешшу.

16 А Барак гнаў калясьніцы і войска аж да Харашэт-Гагаіму. І ўсё войска Сісэры загінула ад вострыва мяча, і ніводзін не ацалеў.

17 А Сісэра ўцякаў пешшу і прыбег да намёту Яэлі, жонкі Хэвэра Кенэяніна. Бо быў мір між Явінам, валадаром Хацору, і домам Хэвэра Кенэяніна.

18 І Яэль выйшла з намёту на спатканьне Сісэры, і сказала яму: «Увайдзі да мяне, пане мой, увайдзі, ня бойся». Ён увайшоў у намёт яе, і яна накрыла яго кілімам.

19 Ён сказаў ёй: «Дай мне, калі ласка, крыху вады, бо я вельмі засьмягшы». Яна адкрыла буклак з малаком і дала яму напіцца, а потым зноў накрыла яго.

20 сказаў ёй: «Пастой каля ўваходу ў намёт, і калі хто прыйдзе і будзе пытацца ў цябе: “Ці ёсьць тут хто?”, ты адкажы: “Нікога няма”».

21 Тады Яэль, жонка Хэвэра, узяла калок ад намёту і молат, і ўвайшла ціха да яго, і прабіла яго скроні калком, і ўткнуўся ў зямлю, а ён спаў ад зьнямогі, і памёр.

22 І вось Барак, гонячыся за Сісэрам, надыйшоў. Яэль выйшла да яго і сказала: «Хадзем, я пакажу табе чалавека, якога ты шукаеш». Ён, калі ўвайшоў да яе, убачыў Сісэру, што ляжаў мёртвы, з калком у скронях.

23 У той дзень прынізіў Бог Явіна, валадара Ханаану, перад абліччам сыноў Ізраіля.

24 І мацнела рука сыноў Ізраіля, і цяжэла рука іхняя над Явінам, валадаром Ханаану, пакуль яны ня зьнішчылі Явіна, валадара Ханаану.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help