1 ВАЛАДАРОЎ 9 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

1 Вал 9

1 І сталася, калі Салямон скончыў будаваць дом ГОСПАДА і дом валадара, і ўсё, што Салямон задумаў і хацеў зрабіць,

2 зьявіўся Салямону ГОСПАД другі раз, як быў аб’явіўшыся яму ў Гібэоне.

3 І сказаў ГОСПАД яму: «Я пачуў малітву тваю і маленьне тваё, якія ты прыносіў да Мяне, і Я асьвяціў Дом гэты, які ты пабудаваў, каб было там імя Маё на вякі. І будуць там вочы Мае і сэрца Маё ў-ва ўсе дні.

4 Таксама ты, калі будзеш хадзіць перад абліччам Маім, як хадзіў Давід, бацька твой, у чысьціні сэрца і ў справядлівасьці, і будзеш выконваць усё, што Я загадаў табе, калі захаваеш прысуды Мае і пастановы Мае,

5 Я пастаўлю пасад валадараньня твайго над Ізраілем на вякі, як Я прамовіў Давіду, бацьку твайму, кажучы: “Ня будзе адкінуты ў цябе чалавек ад пасаду Ізраіля”.

6 А калі адвернецеся ад Мяне вы і сыны вашыя, і ня будзеце захоўваць прыказаньні Мае і пастановы Мае, якія Я даў вам, і пойдзеце, і будзеце служыць багам чужым, і пакланяцца ім,

7 Я зьмяту Ізраіля з аблічча зямлі, якую Я даў ім, і Дом, які Я асьвяціў для імя Майго, адкіну ад аблічча Майго. І станецца Ізраіль у прыказку і насьмешку ўсім народам,

8 а Дом гэты будзе купай друзу. Кожны, хто пройдзе каля яе, зьдзівіцца, і засьвішча, і скажа: “Чаму ГОСПАД зрабіў гэта зямлі гэтай і Дому гэтаму?”

9 І скажуць: “За тое, што яны пакінулі, ГОСПАДА, Бога свайго, Які вывеў бацькоў іхніх з зямлі Эгіпецкай, а яны прытуліліся да багоў чужых, і пакланяліся ім, і служылі ім. Дзеля гэтага ГОСПАД спаслаў на іх усё гэтае зло”».

10 І сталася праз дваццаць гадоў, у якія Салямон будаваў два дамы, Дом ГОСПАДА і дом валадара,

11 а Хірам, валадар Тыру, даваў Салямону дрэва кедровае і кіпарысавае, і золата, усё, што патрабаваў, валадар Салямон даў Хіраму дваццаць гарадоў у зямлі Галілейскай.

12 І выйшаў Хірам з Тыру паглядзець гарады, якія даў яму Салямон, і не спадабаліся яны вачам ягоным.

13 І сказаў ён: «Што гэта за гарады, якія ты мне даў, браце мой?» І назваў ён іх зямлёй Кабуль аж да гэтага дня.

14 І паслаў Хірам валадару сто дваццаць талентаў золата.

15 Гэта велічыня падатку для працы, які вызначыў валадар Салямон, каб пабудаваць Дом ГОСПАДА і дом свой, і Мілло, і мур Ерусаліму, і Хацор, і Мэгіддо, і Гэзэр.

16 Фараон, валадар Эгіпту, калісьці напаў, і здабыў Гэзэр, і спаліў яго агнём, а Хананейцаў, жыхароў гораду, забіў. І аддаў гэты горад у пасагу дачцэ сваёй, жонцы Салямона.

17 І Салямон адбудаваў Гэзэр і Ніжні Бэт-Харон,

18 і Баалат, і Тамар у пустыні,

19 і ўсе гарады сьвірнаў, якія належалі салямону, і гарады для калясьніцаў, і гарады для коньнікаў, і ўсё, што надумаў Салямон, каб пабудаваць у Ерусаліме, у Лібане і ў-ва ўсёй зямлі панаваньня ягонага.

20 Увесь народ, які застаўся з Амарэйцаў, Хетаў, Пэрэзэяў, Хівеяў і Евусэяў, якія не былі з сыноў Ізраіля,

21 сыноў іхніх, якія засталіся ў зямлі і якіх сыны Ізраіля ня зьнішчылі, Салямон прызначыў для працаў нявольнічых да гэтага дня.

22 А з сыноў Ізраіля Салямон не зрабіў нікога нявольнікам, але былі яны ваярамі ягонымі, слугамі ягонымі, князямі ягонымі, вартай ягонай, возьнікамі калясьніцаў ягоных і коньнікамі ягонымі.

23 Тых князёў, якія наглядчыкамі над працамі Салямона, пяцьсот пяцьдзясят. Яны наглядалі над людзь­мі, якія выконвалі працу.

24 Калі дачка фараона перайшла з гораду Давіда ў дом свой, які пабудаваў ёй Салямон, тады ён пабудаваў Мілло.

25 Тры разы ў год Салямон складаў ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя на ахвярніку, які ён пабудаваў для ГОСПАДА, і кадзіў там перад абліччам ГОСПАДА, калі скончыў Дом.

26 І пабудаваў валадар Салямон караблі ў Эцыён-Гэбэры каля Эляту на беразе Мора Чырвонага ў зямлі Эдом.

27 І паслаў Хірам на караблі тыя слугаў сваіх, маракоў, абазнаных у моры, разам са слугамі Салямона.

28 І яны прыйшлі ў Афір, і ўзялі адтуль золата чатырыста дваццаць талентаў, і прывезьлі яго валадару Салямону.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help