ЯРЭМІЯ 8 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Яр 8

1 У той час, кажа ГОСПАД, выкідаючы, выкінуць з магілаў іхніх косткі валадароў Юды, косткі князёў іхніх, косткі сьвятароў, косткі прарокаў, косткі жыхароў Ерусаліму.

2 І выкінуць іх перад сонцам, і перад месяцам, і перад усім войскам нябесным, якія яны любілі, і якім служылі, і за якімі хадзілі, і якіх шукалі, і якім пакланяліся.

3 І будзе выбіраць лепш сьмерць, чым жыцьцё, уся рэшта, якая застанецца з роду гэтага ліхога ў-ва ўсіх месцах, у якія Я выганю іх, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.

4 І ты скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД. Хіба падаюць, і не ўстаюць? Хіба той, які адступіў, ня вернецца?

5 Чаму адступіў гэты народ Ерусаліму і ўсьцяж у адступніцтве? Яны ўхапіліся за падман, і ня хочуць навярнуцца”.

6 Я зважаў і слухаў. Ніхто не прамаўляе, няма нікога, хто каецца з прычыны ліхоты сваёй, кажучы: “Што ж я нарабіў?” Кожны бяжыць у бегу сваім, як конь, які нясецца ў бітве.

7 Нават бусел у небе ведае пару сваю, туркаўка, ластаўка і жораў захоўваюць час прылёту свайго, а народ Мой ня ведае суду ГОСПАДА.

8 Як вы можаце казаць: “Мы — мудрыя, з намі Закон ГОСПАДА”? Сапраўды, хлуслівае пяро пісараў зрабіла яго хлусьнёю.

9 Мудрыя будуць асаромлены, спалоханы і злоўлены. Вось, яны адкінулі слова ГОСПАДА, навошта ім мудрасьць?

10 Дзеля таго жонак іхніх Я аддам іншым, палі іхнія — уласьнікам, бо ад найменшага да найбольшага яны хцівыя да зыску. Ад прарока да сьвятара ўсе робяць хлусьню.

11 І лечаць раны дачкі народу Майго легкадумна, кажучы: “Мір, мір”, а міру няма.

12 Яны павінны саромецца, бо брыдоту рабілі. Але сорамам яны не саромяцца і чырванець ня ўмеюць. Дзеля таго ўпадуць яны паміж тых, якія падаюць, і ў час, калі Я наведваю іх, яны спатыкнуцца, кажа ГОСПАД.

13 Зьбіраючы, зьбяру іх, кажа ГОСПАД, ня будзе ані гронак на вінаградзе, ані фігаў на дрэве фігавым, і лістота зьвяне.

14 “Чаму ж мы сядзім? Зьбірайцеся і пойдзем у гарады ўмацаваныя, і там загінем, бо ГОСПАД, Бог наш, аддаў нас на загубу, і поіць нас вадой атрутнай, бо мы саграшылі супраць ГОСПАДА.

15 Мы чакаем міру, але няма нічога добрага, часу аздараўленьня, а вось, трывога!”

16 Ад Дана чуваць хрыпеньне коней іхніх, ад голасу іржаньня жарабцоў іхніх дрыжыць уся зямля. І прыйдуць яны, і зжаруць усю зямлю і поўню яе, горад і жыхароў ягоных у ім.

17 Вось, Я пасылаю супраць вас зьмеяў атрутных, ад якіх няма замовы, і яны будуць кусаць вас, кажа ГОСПАД.

18 Вясёласьць мая ў смутак, і сэрца маё млее ў-ва мне.

19 Вось, голас ляманту дачкі народу Майго з зямлі далёкай: “Няўжо няма ГОСПАДА на Сыёне? Няўжо няма ў ім валадара Ягонага?” Навошта яны зьневажалі Мяне ідаламі сваімі, марнымі чужымі?

20 Прайшло жніво, скончылася лета, а мы ня збаўленыя!

21 Дзеля няшчасьця дачкі народу майго я зламаны і сумны; жах ахапіў мяне.

22 Няўжо няма бальзаму ў Гілеадзе? Няўжо няма таго, хто лечыць? Дык чаму няма аздараўленьня для дачкі народу майго?

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help