ЁЎ 33 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Ёў 33

1 Дык выслухай, Ёве, прамову маю і прыхілі вуха на ўсе словы мае.

2 Вось, я адкрываю вусны свае, і язык мой гаворыць у вуснах маіх.

3 Ад шчырага сэрца плывуць словы мае, і яснае веданьне кажуць вусны мае.

4 Дух Божы ўчыніў мяне, і дыханьне Усемагутнага ажывіла мяне.

5 Падрыхтуйся і стань перад абліччам маім, і прадстаў справу тваю.

6 Вось, я, як вусны твае перад Богам, таксама я з гліны ўфармаваны.

7 Вось страх мною няхай цябе не палохае, і рука мая няхай ня будзе цяжкаю над табою.

8 Тое, што ты гаварыў — у вушах маіх, і я чуў голас словаў тваіх:

9 “Чысты я, бяз грэху, беззаганны, і няма віны ў-ва мне.

10 Але знайшоў абвінавачваньне супраць мяне, і лічыць мяне ворагам Сваім.

11 Ён закаваў у кайданы ногі мае, пільнуе ўсе сьцежкі мае”.

12 Вось, у гэтым ты няправедны. Я адкажу табе, бо Бог большы за чалавека.

13 Чаму ты спрачаешся з Ім, што Ён не адказвае табе ніводнага слова?

14 Бог прамаўляе і адзін раз, і другі, а не зважае на гэта.

15 У сьне і ў відзежы начным, калі моцны сон агартае людзей і ў дрымоце на ложку,

16 адкрывае Ён вуха людзям, і палохае іх у зьявах,

17 каб адвярнуць чалавека ад учынкаў, і вызваліць яго ад пыхлівасьці,

18 каб захаваць душу ягоную ад магілы, і жыцьцё ягонае, каб не загінула ад дзіды.

19 Ён дакарае яго хваробаю на ложку ягоным і болем безупынным у костках ягоных.

20 І жыцьцё ягонае брыдзіцца хлебам, і душа ягоная — страваю найлепшаю.

21 Цела яго зьнікае на вачах, і косткі, звычайна ня бачныя, адкрываюцца.

22 Набліжаецца душа ягоная да магілы, і жыцьцё ягонае — да памёршых.

23 Калі пры ім анёл-абаронца, адзін з тысячы, які распавядзе чалавеку, у чым праведнасьць ягоная,

24 тады зьлітуецца над ім і скажа: “Выратуй яго, каб не ішоў ён у магілу, бо Я знайшоў выкуп”.

25 Тады цела ягонае стане, як у маладосьці, і вернецца ён у дні юнацтва свайго.

26 Ён будзе маліць Бога, і будзе спагадны яму, і ўбачыць аблічча ягонае радасным, і верне чалавеку праведнасьць ягоную.

27 І ён паглядзіць на людзей і скажа: “Я грашыў і чыніў няправасьць, і не аднагароджана мне.

28 Ён выкупіў душу маю, каб не трапіла ў магілу, і будзе бачыць сьвятло жыцьцё маё”.

29 Вось, усё гэта робіць Бог два, і тры разы з чалавекам,

30 каб адвесьці душу ягоную ад магілы, і прасьвятліць яго сьвятлом жывых.

31 Уважай, Ёве, паслухай мяне, і памаўчы, і я прамоўлю.

32 Калі маеш словы, адкажы мне. Прамоў, бо хачу, каб ты аказаўся праведным.

33 Калі ж ня маеш, паслухай мяне. Маўчы, і я навучу цябе мудрасьці».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help