ЛІКІ 21 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Лікі 21

1 І пачуў валадар Араду, Хананеец, які жыў у Нэгеве, што Ізраільцяне ідуць шляхам ад Атарыму, і напаў ён на Ізраіля, і ўзяў палонных.

2 І шлюбаваў Ізраіль ГОСПАДУ, і сказаў: «Калі Ты, выдаючы, выдасі народ гэты ў рукі нашыя, мы паложым закляцьце на гарады ягоныя».

3 І выслухаў ГОСПАД голас Ізраіля, і выдаў яму Хананейцаў, і яны палажылі закляцьце на іх і на гарады іхнія, і назвалі імя месцу гэтаму Харма.

4 І выйшлі яны ад гары Гор шляхам да Мора Чырвонага, каб абыйсьці зямлю Эдом. І ў часе дарогі душа народу страціла цярплівасьць.

5 І гаварыў народ супраць Бога і супраць Майсея: «Навошта вы вывелі нас з Эгіпту, каб мы памерлі ў пустыні? Няма хлеба, няма вады. І душы нашай абрыд гэты марны хлеб».

6 І паслаў ГОСПАД на народ палючых зьмеяў, і яны кусалі народ, і памерла шмат народу ў Ізраілі.

7 І прыйшоў народ да Майсея, і сказаў: «Саграшылі мы, бо гаварылі супраць ГОСПАДА і супраць цябе. Маліся да ГОСПАДА, каб забраў Ён ад нас гэтых зьмеяў». І маліўся Майсей за народ.

8 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Зрабі палючага і падымі яго як сьцяг. Кожны ўкушаны, калі гляне на яго, будзе жыць».

9 І зрабіў Майсей зьмея мядзянага, і ўзьняў яго як сьцяг, і сталася, што калі зьмей укусіў чалавека, а ён глянуў на зьмея мядзянага, дык заставаўся жыць.

10 І выйшлі сыны Із­раіля, і сталі табарам у Абоце.

11 І выйшлі з Аботу, і сталі табарам пад Іе-Абарымам у пустыні, якая на ўсход ад Мааву.

12 Адтуль выйшлі і сталі табарам каля ручая Зарэд.

13 Адтуль выйшлі і сталі табарам за Арнон, якая цячэ праз пустыню з межаў Амарэйцаў, бо Арнон — мяжа між Мааўлянамі і Амарэйцамі.

14 Таму сказана ў Кнізе войнаў ГОСПАДА: «Вагэў каля Суфа і ручаёў Арнону.

15 Схіл ручаёў сягае аж да мясцовасьці Ар і прылягае аж да межаў Мааву».

16 Адтуль ў Бээр. Гэта тая студня, пра якую сказаў ГОСПАД Майсею: «Зьбяры народ, і Я дам яму вады».

17 Тады засьпяваў Ізраіль гэты сьпеў: «Напаўняйся, студня, сьпявайце пра яе!

18 Студня, якую выкапалі князі, начальнікі народу капалі скіпетрамі і кіямі сваімі». З пустыні яны ў Матану,

19 з Матаны — у Нахаліэль, з Нахаліэлю — у Бамот,

20 з Бамоту — у лагчыну, якая на полі Мааву, каля вяршыні гары Пісга, што ўзвышаецца перад абліччам бязьлюднай.

21 І паслаў Ізраіль пасланцоў да Сыгона, валадара Амарэйцаў, кажучы:

22 «Дазволь мне прайсьці праз зямлю тваю; ня збочым мы на палі і на вінаграднікі, ня будзем піць са студняў, пойдзем шляхам валадарскім, пакуль ня пройдзем межы твае».

23 Але Сыгон не дазволіў Ізраілю прайсьці праз межы свае, і сабраў Сыгон увесь народ свой, і пераняў Ізраіля ў пустыні, і прыйшоў у Ягцу, і напаў на Ізраіля.

24 І перамог яго Ізраіль вострывам мяча, і заняў зямлю ягоную ад Арнону аж да Ябоку, аж да сыноў Амона, бо моцнымі былі межы сыноў Амона.

25 І авалодаў Ізраіль усімі гарадамі тымі, і абжыўся Ізраіль у гарадах Амарэйцаў, у Хешбоне і ў-ва ўсіх ваколіцах ягоных.

26 Хешбон горадам Сыгона, валадара Амарэйцаў, які ваяваў з папярэднім валадаром Мааву і забраў з рукі ягонай ўсю зямлю аж да Арнону.

27 Таму гаворыцца ў прыказцы: «Ідзіце ў Хешбон! Няхай будзе адбудаваны і ўмацаваны горад Сыгона!

28 Бо агонь выйшаў з Хешбону, полымя з гораду Сыгона, спаліў Ар-Мааў і ўладароў узгорышчаў Арнону.

29 Гора табе, Мааў; прапаў ты, народ Хамоша! Змусіў ён сыноў тваіх да ўцёкаў, а дочак тваіх у палон Сыгону, валадару Амарэйцаў.

30 Пусьцілі мы ў іх, загінуў Хешбон аж да Дыбону. Зьнішчылі мы аж да Нофы і аж да Мэдэвы».

31 І абжыўся Ізраіль у зямлі Амарэйцаў.

32 І паслаў Майсей выведчыкаў у Язэр. І яны здабылі яго і ваколіцы ягоныя, і выгналі Амарэйцаў, якія там.

33 І яны павярнулі, і пайшлі па шляху ў Башан. І выйшаў Ог, валадар Башану, насустрач ім на бітву з усім народам сваім у Эдрэі.

34 І ГОСПАД сказаў Майсею: «Ня бойся яго, бо Я аддаў ў рукі твае яго і ўвесь народ ягоны, і зямлю ягоную, і ты зробіш з ім так, як зрабіў з Сыгонам, валадаром Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне».

35 І яны пабілі яго і сыноў ягоных, і ўвесь народ ягоны, аж нікога не засталося з іх, і авалодалі зямлёй ягонай.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help