БЫЦЬЦЁ 49 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Бц 49

1 I паклікаў Якуб сыноў сваіх, і сказаў: «Зьбярыцеся, і я паведамлю вам, што спаткае вас у пазьнейшыя дні.

2 Зыйдзіцеся і паслухайце, сыны Якуба, паслухайце Ізраіля, бацьку свайго.

3 Рубэн, першародны мой, ты — моц мая і пачатак сілы маёй, перавышаеш годнасьцю і перавышаеш магутнасьцю.

4 Ты пеніўся, як вада, і ня будзеш узвышаны, бо ты ўзыйшоў на ложак бацькі свайго; тады ты зьняважыў пасьцель маю, узыйшоўшы.

5 Сымон і Левій, браты, зброя іхняя — прылада гвалту.

6 У нараду іхнюю ня ўвойдзе душа мая, і да супольнасьці іхняй не далучыцца слава мая, бо ў гневе сваім яны забілі мужа і ў свавольстве сваім скалечылі вала.

7 Пракляты гнеў іхні, бо моцны, і лютасьць іхняя, бо заядлая. Падзялю іх у Якубе і расьцярушу іх у Ізраілі.

8 Юда, цябе выслаўляць будуць браты твае. Рука твая — на карку ворагаў тваіх; паклоняцца табе сыны бацькі твайго.

9 Юда — малады леў; ад здабычы, сыне мой, ты падымаешся. Прыхіліўся, лёг, як леў і як ільвіца, хто падыме яго?

10 Ня будзе адняты скіпетр ад Юды і заканадаўца — ад ног ягоных, аж пакуль ня прыйдзе Той, чыё яно, і Яму — паслухмянасць народаў.

11 Ён прывяжа да вінаграднай лазы асла свайго і да парастка выборнага вінаграду — асьлянятка асьліцы сваёй. Ён абмые ў віне шаты свае і ў крыві вінаграду — адзеньне сваё.

12 Вочы чырванейшыя за віно, а зубы — бялейшыя за малако.

13 Завулён на беразе мора будзе жыць і каля прыстані караблёў, і межы ягоныя — да Сідону.

14 Ісахар — асёл касьцісты, што ляжыць паміж загарадаў.

15 I ўбачыў ён супачынак, што добры, і зямлю, што прыемная, і нахіліў плечы свае насіць цяжары і стаў слугою паднявольным.

16 Дан будзе судзіць народ свой, як адзін з родаў Ізраіля.

17 Будзе Дан зьмеем на дарозе, гадзюкай на сьцежцы, якая кусае пяты каня, і валіцца вершнік ягоны назад.

18 На збаўленьне Тваё спадзяюся, ГОСПАДЗЕ!

19 Гад — войскі будуць перамагаць яго, але ён пераможа пяты.

20 Пра Асэра — тлусты хлеб ягоны, і ён будзе даваць прысмакі валадарскія.

21 Нэфталі — ланя, выпушчаная, што дае прыгожыя словы.

22 Галіна плодная Язэп, галіна плодная над крыніцаю, галіны ягоныя пнуцца па муры.

23 І засмучалі яго, і стралялі ў яго, і ненавідзелі яго стральцы.

24 I застаўся моцным лук ягоны, і ўмацаваліся рамёны рук ягоных — ад рук Магутнага Якубавага, адтуль Пастыр, Скала Ізраіля;

25 ад Бога бацькі твайго, і Ён дапаможа табе, і ад Усемагутнага, і Ён дабраславіць цябе дабраславеньнямі неба згары і дабраславеньнямі бяздоньня, што ляжыць унізе, дабраславеньнямі грудзей і ўлоньня.

26 Дабраславеньні бацькі твайго перавышаюць дабраславеньні бацькоў маіх, яны аж да вяршыняў узгоркаў адвечных. Няхай будуць яны на галаве Язэпа і на цемені выбранага між братамі сваімі.

27 Бэн’ямін — воўк драпежны, раніцаю будзе есьці здабычу і ўвечары будзе дзяліць прыбытак».

28 Усіх гэтых родаў Ізраіля — дванаццаць, і гэта тое, што прамаўляў ім бацька іхні; і дабраславіў іх, і кожнага паводле дабраславеньня ягонага дабраславіў.

29 I загадаў ён ім, і сказаў ім: «Я буду далучаны да народу майго. Пахавайце мяне каля бацькоў маіх, у пячоры, якая на полі Эфрона Хета,

30 у пячоры, што на полі Махпэля, якое насупраць Мамрэ ў зямлі Ханаан, якую купіў Абрагам разам з полем Эфрона Хета на ўласнасьць для пахаваньня.

31 Там пахавалі Абрагама і Сару, жонку ягоную, там пахавалі Ісаака і Рэбэку, жонку ягоную; і там я пахаваў Лею.

32 Набытыя гэтае поле і пячора, якая на ім, у сыноў Хета».

33 I скончыў Якуб загадваць сынам сваім, і палажыў ногі свае на ложак, і сканаў, і быў далучаны да народу свайго.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help