1 ВАЛАДАРОЎ 14 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

1 Вал 14

1 У той час захварэў Абія, сын Ерабаама.

2 І сказаў Ерабаам жонцы сваёй: «Устань і зьмяні выгляд свой, каб не пазналі, што ты — жонка Ерабаама, і ідзі ў Шыло. Вось, там Ахія прарок, які сказаў мне, што я буду валадаром над народам гэтым.

3 І вазьмі ў руку тваю дзе­сяць хлябоў, печыва і збан мёду, і ідзі да яго. Ён паведаміць табе, што станецца з хлопцам».

4 І зрабіла так жонка Ерабаама. І ўстала яна, і пайшла ў Шыло, і прыйшла ў дом Ахіі. А Ахія ня мог бачыць, бо сьцямнелі вочы ягоныя дзеля старасьці.

5 І сказаў ГОСПАД Ахіі: «Вось, прыходзіць жонка Ерабаама, каб шукаць слова адносна сына свайго, які хварэе. Гэта і гэта прамовіш да яе. Калі яна прыйдзе, яна будзе пераапранутая».

6 І сталася, што Ахія пачуў шоргат ног ейных, калі яна ўваходзіла, і сказаў: «Ува­ходзь, жонка Ерабаама. Чаму ты пераапранулася? Я — суворы пасланьнік для цябе.

7 Ідзі і скажы Ерабааму: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. За тое, што Я ўзвысіў цябе спасярод народу, і зрабіў цябе правадыром над народам Маім, Ізраілем,

8 і адарваў валадарства ад дому Давіда, і даў яго табе, але ты ня быў такі, як слуга Мой Давід, які захоўваў прыказаньні Мае і хадзіў за Мною ўсім сэрцам сваім, робячы толькі слушнае ў вачах Маіх,

9 і рабіў ты горш за ўсіх, якія былі перад табой, і пайшоў, і зрабіў сабе багоў чужых і літых, каб гнявіць Мяне, а Мяне адкінуў за плечы свае,

10 дзеля гэтага, вось, Я навяду на дом Ерабаама ліха, і выб’ю з Ерабаама ўсіх, хто мочыцца на сьцяну, ад нявольніка да вольнага ў Ізраілі, і вымяту рэшткі дому Ерабаама, як вымятаецца сьмецьце, аж да канца.

11 Хто ў Ерабаама памрэ ў горадзе, таго зьядуць сабакі, а хто памрэ ў полі, таго будуць жэрці птушкі паднебныя, бо гэта прамовіў ГОСПАД”.

12 А ты ўстань і вяртайся ў дом твой, і калі ногі твае ўвойдуць у горад, памрэ дзіцятка,

13 і будзе плакаць над ім увесь Ізраіль, і пахаваюць яго, бо толькі ён з Ерабаама ўвойдзе ў магілу, бо ў доме Ерабаама толькі ў ім знайшлося нешта добрае перад ГОСПАДАМ, Богам Ізраіля.

14 І паставіць ГОСПАД Сабе валадара над Ізраілем, які выгубіць дом Ерабаама ў той дзень. І ўжо цяпер.

15 І ўдарыць ГОСПАД Ізраіля, што ён захістаецца як трысьнёг на вадзе, і выганіць Ізраіля з гэтай добрай зямлі, якую Ён даў бацькам іхнім, і расьцярушыць іх за ракою за тое, што яны зрабілі Астартаў сваіх, каб гнявіць ГОСПАДА.

16 І пакіне ГОСПАД Ізраіля дзеля грахоў Ерабаама, які сам грашыў і ўвёў у грэх Ізраіля».

17 І ўстала жонка Ерабаама, і пайшла, і прыйшла ў Тырцу. І калі яна пераступала парог дому, памёр хлопец.

18 І пахавалі яго, і галасіў над ім увесь Ізраіль паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў праз слугу Свайго Ахію прарока.

19 А іншыя дзеяньні Ерабаама, як ён ваяваў і як валадарыў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.

20 А дзён, калі валадарыў Ерабаам, дваццаць два гады. І супачыў ён з бацькамі сваімі, і заваладарыў Надаў, сын ягоны, пасьля яго.

21 А Рэхабаам, сын Салямона, быў валадаром у Юдзе. Сорак адзін год было Рэхабааму, калі ён пачаў валадарыць, і сямнаццаць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме, у горадзе, які выбраў ГОСПАД з усіх каленаў Ізраіля, каб там было імя Ягонае. Імя маці ягонай — Наама Аманянка.

22 І рабіў Юда ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і гнявілі яны Яго больш, чым бацькі іхнія, у грахах сваіх, якімі грашылі.

23 І будавалі яны сабе ўзгоркі, слупы і Астартаў на кожным узгорку высокім і пад кожным дрэвам зялёным.

24 І была таксама распуста ў зямлі, і чынілі яны ўсякую брыдоту народаў, якіх выгнаў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля.

25 І сталася ў пятым годзе валадара Рэхабаама, пайшоў суп­раць Ерусаліму Шышак, валадар Эгіпту.

26 Ён зрабаваў скарбы Дому ГОСПАДА і скарбы дому валадара, і ўсё забраў, і забраў усе шчыты залатыя, якія зрабіў Салямон.

27 Замест іх валадар Рэхабаам зрабіў шчыты мядзяныя і перадаў іх у рукі начальнікаў варты, якая пільнавала ўваход у дом валадара.

28 І сталася, што кожны раз, калі валадар уваходзіў у Дом ГОСПАДА, уносіла іх варта, а адносіла іх у збраёўню варты.

29 Іншыя дзеяньні Рэхабаама і ўсё, што ён рабіў, заспісана ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.

30 А вайна паміж Рэхабаамам і Ерабаамам была ўсе дні.

31 І супачыў Рэхабаам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў гора­дзе Давіда. А імя маці ягонай — Наама Аманянка. А пасьля яго валадаром стаў Абіям, сын ягоны.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help