1 САМУЭЛЯ 14 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

1 Сам 14

1 Аднаго дня Ёнатан, сын Саўла, сказаў юнаку, які насіў зброю ягоную: «Хадзем, падыйдзем да варты Філістынцаў, якая насупраць». А бацьку свайму не сказаў пра гэта.

2 А Саўл сядзеў каля мяжы Гівы пад дрэвам гранатовым у Мігроне. Пры ім быў народ у ліку шэсьцьсот чалавек.

3 І Ахія, сын Ахітува, брата Іхавода, сына Пінхаса, сына Гэлія, сьвятара ГОСПАДА ў Шыло, насіў тады эфод. А народ ня ведаў, што Ёнатан пайшоў.

4 Паміж узвышшамі, якія хацеў прайсьці Ёнатан, каб дабрацца да варты Філістынцаў, на адным і другім баку былі скалы, з якіх адна называлася Бацэц, а другая Сэннэ.

5 Адна скала ўзьнімалася на поўначы насупраць Міхмашу, а другая — на поўдні насупраць Гівы.

6 І сказаў Ёнатан юнаку, збраяносцу свайму: «Хадзем, падыйдзем да варты гэтых неабрэзаных. Можа, ГОСПАД дапаможа нам, бо ГОСПАДУ ня цяжка ратаваць праз многіх ці праз некалькіх».

7 Збраяносец сказаў яму: «Рабі ўсё, што ў сэрцы тваім. Ідзі, куды хочаш, вось, я з табою паводле намеру сэрца твайго».

8 Кажа яму Ёнатан: «Вось, мы падыйдзем да гэтых людзей і пакажамся ім.

9 Калі яны скажуць нам: “Стойце, пакуль мы падыйдзем да вас”, мы будзем стаяць на месцы сваім і ня будзем падыходзіць да іх.

10 А калі яны скажуць: “Хадзіце да нас”, мы пойдзем, бо выдаў іх ГОСПАД у рукі нашыя. Гэта будзе нам знакам».

11 І паказаліся яны абодва варце Філістынцаў. І сказалі Філістынцы: «Вось, Гебраі выходзяць з пячораў, у якіх яны схаваліся».

12 І людзі з варты зьвярнуліся да Ёнатана і слугі ягонага, кажучы: «Хадзіце да нас, скажам вам нешта». І сказаў Ёнатан слузе свайму: «Ідзі за мною, бо ГОСПАД аддаў іх у рукі Ізраіля».

13 І так узлазіў Ёнатан, чапляючыся рукамі і нагамі, а збраяносец ягоны за ім. І падалі ворагі перад Ёнатанам, а збраяносец ягоны дабіваў іх, ідучы за ім.

14 І была гэта першая параза, калі Ёнатан і збраяносец ягоны забілі каля дваццаці чалавек на палове палетка, які за дзень заарэ.

15 І ахапіў страх табар у полі і ўвесь народ; варта і аддзелы, што ішлі, каб пустошыць, аслупянелі. І задрыжэла зямля, і ахапіў іх страх вялікі.

16 І вартаўнікі Саўла, якія былі ў Гіве Бэн’яміна, убачылі, што мноства людзей кідаліся туды і сюды, уцякаючы.

17 І Саўл загадаў людзям, што з ім былі: «Праверце і паглядзіце, каго ў нас не хапае?» І праверылі, і вось, няма Ёнатана і збраяносца ягонага.

18 І сказаў Саўл Ахію: «Прынясі Каўчэг Божы». Бо быў Каўчэг Божы ў той дзень у сыноў Ізраіля.

19 І калі Саўл размаўляў са сьвятаром, у табары Філістынцаў замяшаньне яшчэ больш узрастала і пашыралася. І сказаў Саўл сьвятару: «Апусьці руку тваю».

20 І склікаў Саўл усіх лю­дзей, якія з ім, і яны пайшлі на бою. І вось, меч кожнага быў зьвернуты супраць бліжняга свайго, і замяшаньне было вялікае.

21 І Гебраі, якія былі з Філістынцамі ўчора і пазаўчора і якія прыйшлі з імі ў табар з ваколіцаў, папераходзілі да Ізраільцянаў, якія былі з Саўлам і Ёнатанам.

22 І ўсе іншыя Ізраільцяне, якія хаваліся на гары Эфраіма, чуючы, што Філістынцы ўцякаюць, далучыліся да сваіх у баі.

23 І збавіў ГОСПАД у той дзень Ізраіля. А бой ішоў аж да Бэт-Авэну.

24 І былі Ізраільцяне змучаныя ў той дзень, а Саўл запрысяг народ, кажучы: «Няхай будзе пракляты чалавек, які будзе есьці хлеб перад вечарам, пакуль я не адпомшчу ворагам сваім!» І ўвесь народ не пакаштаваў хлеба.

25 І ўвесь народ увайшоў у лес, а там быў мёд на паляне.

26 І ўвайшоў народ у лес, і вось, сьцякае мёд, але ніхто ня выцягнуў рукі сваёй да вуснаў сваіх, бо баяўся народ прысягі.

27 А Ёнатан ня чуў, як бацька ягоны зьвязаў народ прысягай. І выцягнуў ён канец кія, які у руцэ ягонай, і ткнуў ім у плястар мёду, і паднёс да вуснаў рукою сваёю, і вочы ягоныя заясьнелі.

28 І адказаў з народу, і сказаў: «Бацька твой запрысяг народ, кажучы: “Пракляты чалавек, які сёньня будзе есьці хлеб”. А народ вельмі змучаны».

29 І сказаў Ёнатан: «Замучыў бацька мой зямлю! Бачыце, як заясьнелі вочы мае, калі я крыху пакаштаваў мёду гэтага.

30 Калі б народ падсілкаваўся сёньня са здабычы ворагаў сваіх, якую здабыў, большай была б параза Філістынцаў».

31 У той дзень білі яны Філістынцаў ад Міхмашу аж да Аялону, хоць народ быў вельмі змучаны.

32 І кінуўся народ на здабычу, і набраў авечак, валоў і цялят, і рэзалі іх на зямлі, і елі разам з крывёю.

33 І паведамілі Саўлу, кажучы: «Народ грашыць перад ГОСПАДАМ, ядучы з крывёю» Ён сказаў: «Вы дапусьціліся ліхоты. Прыкаціце да мяне вялікі камень».

34 І сказаў Саўл: «Разый­дзіцеся між людзей і скажыце ім: “Няхай прывядзе да мяне кожны вала свайго або барана і заб’е яго на гэтым камяні, і будзе есьці, і ня будзе грашыць перад ГОСПАДАМ, ядучы разам з крывёю”». І ўвесь народ прыводзіў, што меў у руцэ сваёй у тую ноч, і забівалі там.

35 І пабудаваў Саўл ахвярнік ГОСПАДУ. Гэта быў першы ахвярнік, які ён пабудаваў ГОСПАДУ.

36 І сказаў Саўл: «Нападзем на Філістынцаў уначы, і зьні­шчым іх да сьвятла раніцы, і не пакінем з іх аніводнага». І сказаў: «Усё, што добрае ў вачах тваіх, рабі». А сьвятар сказаў: «Наблізімся тут да Бога».

37 І пытаўся Саўл у Бога: «Ці ісьці ў пагоню за Філістынцамі? Ці Ты аддасі іх у рукі Ізраіля?» І не адказаў яму у той дзень.

38 І сказаў Саўл: «Зьбярыцеся сюды, усе начальнікі народу, і даведайцеся, і пабачце, хто ўчыніў грэх у гэты дзень.

39 Бо, як жывы ГОСПАД, Збаўца Ізраіля, хоць бы праз Ёнатана, сына майго, сталася гэта, няхай сьмерцю памрэ». І ніхто з усяго народу не запярэчыў яму.

40 І сказаў ён усяму Ізраілю: «Вы станьце з аднаго боку, а я і Ёнатан, сын мой, станем з другога». І сказаў народ Саўлу: «Што добрае ў вачах тваіх, рабі».

41 І сказаў Саўл ГОСПАДУ: «Божа Ізраіля, пакажы беззаганнага». І выяўлены былі Ёнатан і Саўл, а народ выйшаў.

42 І сказаў Саўл: «Кідайце жэрабя паміж мною і сынам маім Ёнатанам». І жэрабя выпала на Ёнатана.

43 І сказаў Саўл Ёнатану: «Скажы мне, што ты зрабіў?» І Ёнатан адказаў, і сказаў: «Я пакаштаваў канцом кія, які ў руцэ маёй, крыху мёду, і вось, мушу памерці».

44 І сказаў Саўл: «Няхай гэта зробіць мне Бог, і тое дадасьць, ты павінен памерці, Ёнатане».

45 І сказаў народ Саўлу: «Ці ж мусіць памерці Ёнатан, які даў такую вялікую перамогу Ізраілю? Няхай гэта будзе далёка! Як жывы ГОСПАД, не спадзе на зямлю і волас з галавы ягонай, бо ён сёньня дзейнічаў з Богам». І народ абараніў Ёнатана, і ён не памёр.

46 І вярнуўся Саўл з пагоні за Філістынцамі, і яны пайшлі ў сядзібы свае.

47 А Саўл, умацаваў валадараньне сваё над Ізраілем і ваяваў наўкола з усімі ворагамі сваімі: з Маавам, з сынамі Амона, з Эдомам, з валадаром Цобы і Філістынцамі. І куды толькі ён паварочваўся, усюды перамагаў.

48 І ён дзейнічаў мужна, і пабіў Амалека, і выратаваў Ізраіля з рук тых, якія рабавалі яго.

49 Саўл меў сыноў: Ёнатана, Ішві і Малькішуа. А імёны дзьвюх дочак ягоных: імя старэйшай — Мэраб, а імя малодшай — Міхаль.

50 А імя жонкі Саўла — Ахіноам, дачка Ахімааца. А імя начальніка войска ягонага — Абнэр, сын Нэра, дзядзькі Саўла.

51 А Кіш, бацька Саўла, і Нэр, бацька Абнэра, сынамі Абіэля.

52 І ў-ва ўсе дні Саўла ішла зацятая вайна з Філістынцамі. І калі бачыў Саўл нейкага магутнага чалавека, здольнага да бою, забіраў яго да сябе.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help