БЫЦЬЦЁ 47 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Бц 47

1 І прыйшоў Язэп, і паведаміў фараону, і сказаў: «Бацька мой, і браты мае, і авечкі іхнія, і валы іхнія, і ўсё, што ў іх, прыйшлі з зямлі Ханаан, і вось, яны ў зямлі Гашэн».

2 I спаміж братоў сваіх ён узяў пяць чалавек, і паставіў іх перад фараонам.

3 I сказаў фараон братам ягоным: «Які ваш занятак?» І яны сказалі фараону: «Пастухі авечак слугі твае, і мы, і бацькі нашыя».

4 I сказалі яны фараону: «Вандраваць у зямлі гэтай мы прыйшлі, бо няма пашы для авечак слугаў тваіх, бо вялікі голад у зямлі Ханаан. І цяпер, просім, дазволь пасяліцца слугам тваім у зямлі Гашэн».

5 I сказаў фараон Язэпу, кажучы: «Бацька твой і браты твае прыйшлі да цябе.

6 Зямля Эгіпецкая перад абліччам тваім. У найлепшым месцы зямлі пасялі бацьку свайго і братоў сваіх. Няхай жывуць яны ў зямлі Гашэн. I калі ведаеш, што ёсьць паміж імі здольныя людзі, пастаў іх даглядчыкамі над статкамі, якія ў мяне».

7 I прывёў Язэп Якуба, бацьку свайго, і паставіў яго перад абліччам фараона. І дабраславіў Якуб фараона.

8 I сказаў фараон Якубу: «Колькі дзён гады жыцьця твайго?»

9 I сказаў Якуб фараону: «Дзён гадоў вандраваньня майго — сто трыццаць гадоў. Кароткія і ліхія былі дні гадоў жыцьця майго, і не дасягнулі яны да дзён гадоў жыцьця бацькоў маіх у днях вандраваньня іхняга».

10 I дабраславіў Якуб фараона, і выйшаў ад аблічча фараона.

11 I пасяліў Язэп бацьку свайго і братоў сваіх, і даў ім уласнасьць у зямлі Эгіпецкай, у найлепшай частцы зямлі той, у зямлі Рамсэс, як загадаў фараон.

12 I жывіў Язэп бацьку свайго і братоў сваіх, і ўвесь дом бацькі свайго хлебам адпаведна дзяцей.

13 А хлеба не было на ўсёй зямлі, бо голад быў вельмі цяжкі, і была вычарпаная зямля Эгіпецкая і зямля Ханаанская з прычыны голаду.

14 I сабраў Язэп усё срэбра, якое знайшлося ў зямлі Эгіпецкай і ў зямлі Ханаанскай, за збожжа, якое куплялі, і прынёс Язэп срэбра ў дом фараона.

15 I скончылася срэбра ў зямлі Эгіпецкай і ў зямлі Ханаанскай. I прыйшоў увесь Эгіпет да Язэпа, кажучы: «Дай нам хлеба! Навошта мы маем памерці перад табою, бо скончылася срэбра».

16 І сказаў Язэп: «Дайце статак ваш, і я буду даваць вам за статак ваш, калі скончылася срэбра».

17 I яны прыводзілі статак свой да Язэпа, і даваў ім Язэп хлеб за коней, і за статкі авечак, і за статкі валоў, і за аслоў; і жывіў іх хлебам за ўвесь статак іхні ў той год.

18 I скончыўся той год; і прыйшлі да яго ў наступным годзе, і сказалі яму: «Ня ўтоім ад пана нашага, што скончылася срэбра, і статкі скаціны нашай — у пана нашага. Не засталося нічога ў нас перад абліччам пана нашага, акрамя целаў нашых і грунтоў нашых.

19 Навошта маем памерці перад вачыма тваімі, і мы, і грунты нашыя? Купі нас і грунты нашыя за хлеб; і будзем мы і грунты нашыя нявольнікамі фараона, а ты дай нам зерня, і мы будзем жыць, і не памрэм, і грунты не спусьцеюць».

20 I набыў Язэп усе грунты ў Эгіпце для фараона, бо прадалі Эгіпцяне кожны поле сваё, бо прыціснуў іх голад. I зямля стала фараонавай.

21 А народ ён перавёў у гарады ад канца мяжы Эгіпту аж да канца яго.

22 Толькі грунты сьвятароў не набыў, бо частка сьвятароў ад фараона, і яны жывіліся са сваёй часткі, якую даў ім фараон; таму яны і не прадалі грунты свае.

23 I сказаў Язэп народу: «Вось, я купіў сёньня вас і грунты вашыя для фараона. Вось вам зерне, і засявайце зямлю.

24 І калі будзе жніво, давайце пятую частку фараону, а чатыры часткі застануцца вам засеяць поле і на харчаваньне вам і тым, хто ў дамах вашых, і на харчаваньне дзецям вашым».

25 А яны сказалі: «Ты захаваў нам жыцьцё. Няхай мы знойдзем ласку ў вачах пана нашага, і будзем слугамі фараону».

26 I паставіў гэта Язэп як пастанову, якая дагэтуль у зямлі Эгіпецкай, што для фараона пятая частка, толькі грунты сьвятароў ім самім, ня сталі яны фараонавымі.

27 I жыў Ізраіль у зямлі Эгіпецкай, у зямлі Гашэн, і мелі ўласнасьць у ёй, і пладзіліся, і памножыліся вельмі.

28 I жыў Якуб у зямлі Эгіпецкай сямнаццаць гадоў; і было дзён Якуба, гадоў жыцьця ягонага — сто сорак сем гадоў.

29 I наблізіліся дні Ізраілю, каб памерці, і паклікаў ён сына свайго Язэпа, і сказаў яму: «Калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, прашу, палажы руку сваю пад сьцягно маё і зрабі мне міласэрнасьць і праўду, што не пахаваеш мяне ў Эгіпце.

30 Але буду я ляжаць з бацькамі сваімі. Вынясі мяне з Эгіпту і пахавай мяне ў магіле іхняй». I той сказаў: «Зраблю паводле слова твайго».

31 I сказаў: «Прысягні мне». I прысягнуў яму. I схіліўся Ізраіль на верх ложка.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help