АДКРЫЦЬЦЁ 19 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Адкр 19

1 І пасьля гэтага пачуў я голас вялікі мноства народу ў небе, які казаў: «Альлелюя! Збаўленьне, і слава, і пашана, і моц Госпаду, Богу нашаму!

2 Бо слушныя і справядлівыя суды Ягоныя, бо засудзіў Ён вялікую распусьніцу, якая паганіла зямлю распустаю сваёю, і адпомсьціў за кроў слугаў Сваіх ад рукі яе».

3 І другі раз сказалі: «Альлелюя! І дым яе ўзьнімаецца на вякі вякоў».

4 І ўпалі дваццаць чатыры старосты і чатыры жывёлы, і пакланіліся Богу, Які сядзіць на пасадзе, кажучы: «Амэн! Альлелюя!»

5 І выйшаў голас з пасаду, які казаў: «Хваліце Бога нашага, усе слугі Ягоныя і тыя, хто баіцца Яго, і малыя, і вялікія!»

6 І пачуў я быццам голас шматлікага натоўпу, і быццам голас мноства водаў, і быццам гук грымотаў моцных, які казаў: «Альлелюя! Бо заваладарыў Госпад, Бог Усеўладны!

7 Узрадуемся, і ўзьвесялімся, і дамо славу Яму, бо прыйшло вясельле Ягняці, і жонка Ягоная падрыхтавала сябе».

8 І дадзена ёй, каб апранулася ў вісон чысты і сьветлы; вісон жа — гэта праведнасьць сьвятых.

9 І кажа мне: “Напішы: «Шчасьлівыя тыя, якія пакліканыя на вячэру вясельную Ягняці». І кажа мне: «Гэта ёсьць праўдзівыя словы Божыя».

10 І я ўпаў да ног ягоных, каб пакланіцца яму, і ён кажа мне: «Глядзі, не! Я — таварыш твой і братоў тваіх, якія маюць сьведчаньне Ісуса. Богу пакланіся, бо сьведчаньне Ісуса ёсьць дух прароцтва».

11 І ўбачыў я неба адчыненае, і вось, конь белы, і Вершнік на ім, называны Верным і Праўдзівым, і Ён паводле справядлівасьці судзіць і ваюе.

12 А вочы Ягоныя — як полымя агню, і на галаве Ягонай шмат дыядэмаў. Ён мае імя напісанае, якога ніхто ня ведае, апрача Яго Самога.

13 І Ён апрануты ў шату акрываўленую, і імя Ягонае называецца: «Слова Божае».

14 І ішлі за Ім войскі нябесныя на белых конях, апранутыя ў вісон белы і чысты.

15 І з вуснаў Ягоных выходзіць меч востры, каб ім біць народы, і Ён будзе пасьвіць іх кіем жалезным. І Ён топча тоўчню віна ярасьці і гневу Бога Ўсеўладнага.

16 І мае на шатах і на сьцягне Сваім напісанае імя: «Валадар валадароў і Пан паноў».

17 І ўбачыў я аднаго анёла, які стаяў на сонцы. І крыкнуў ён голасам вялікім, кажучы да ўсіх птушак, якія лёталі па сярэдзіне неба: «Хадземце, зьбірайцеся на вячэру Вялікага Бога,

18 каб есьці целы валадароў, і целы тысячнікаў, і целы дужых, і целы коней і вершнікаў на іх, і целы ўсіх свабодных, і слугаў, і малых, і вялікіх».

19 І ўбачыў я зьвера, і валадароў зямных, і войскі іхнія, сабраныя дзеля вайны з Тым, Які сядзіць на кані, і з войскам Ягоным.

20 І быў схоплены зьвер, і з ім — фальшывы прарок, які рабіў знакі перад ім, якімі падманваў тых, што атрымалі пазнаку зьвера і пакланяліся вобразу ягонаму. Абодва жыўцом былі кінутыя ў возера агню, якое палае серкаю.

21 І рэшта была забітая мячом, што выходзіў з вуснаў Таго, Які сядзеў на кані. І ўсе птушкі насыціліся целамі іхнімі.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help