2 САМУЭЛЯ 24 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Сам 24

1 І зноў узгарэўся гнеў ГОСПАДА на Ізраіля, і намовіў Давіда супраць, кажучы: «Ідзі і палічы Ізраіля і Юду».

2 І сказаў валадар Ёаву, начальніку войска, які быў пры ім: «Абыйдзі ўсе калены Ізраіля ад Дану аж да Бээр-Шэвы і палічы народ, каб я ведаў лік народу».

3 І сказаў Ёаў валадару: «Няхай ГОСПАД, Бог твой, да­дасьць столькі, колькі ёсьць, і яшчэ сто разоў столькі, і няхай вочы гаспадара майго, валадара, убачаць гэта! Але навошта, гаспадару мой, валадар, ты захацеў зрабіць гэта?»

4 Але слова валадара было мацнейшым за Ёава і начальнікаў войска. І выйшлі Ёаў і начальнікі войска ад аблічча валадара, каб палічыць народ Ізраіля.

5 І пераправіліся яны праз Ярдан, і разлажыліся табарам у Араэры, на поўдзень ад гораду, які на сярэдзіне лагчыны Гад, у бок Язэру.

6 І пайшлі яны ў Гілеад і ў зямлю Тахтыль-Хадшы, і пайшлі ў Дан-Яан, і павярнулі ў бок Сідону.

7 І прыйшлі яны ў крэпасьць Тыр, і ў-ва ўсе гарады Хівеяў і Хананейцаў, і накіраваліся ў Нэгеў Юды і ў Бээр-Шэву.

8 І абыйшлі яны ўсю зямлю, і праз дзевяць месяцаў і дваццаць дзён вярнуліся ў Ерусалім.

9 І Ёаў перадаў валадару лік перапісанага народу. І было ў Ізраілі васемсот тысячаў ваяроў, узброеных мячом, а ў Юдзе — пяцьсот тысячаў.

10 І задрыжэла сэрца Давіда пасьля таго, як ён палічыў народ, і сказаў Давід ГОСПАДУ: «Цяжка саграшыў я гэтым учынкам. І цяпер, ГОСПАДЗЕ, прашу, даруй віну слугі твайго, бо вельмі я неразумна зрабіў».

11 І ўстаў Давід раніцаю, і было слова ГОСПАДА да прарока Гада, відушчага Давіда, кажучы:

12 «Ідзі і скажы Давіду: “Гэта кажа ГОСПАД. Тры Я кладу перад табою. Выберы сабе адну з іх, і Я зраблю табе гэта”».

13 І пайшоў Гад да Давіда, і паведаміў яму, і сказаў яму: «Ці будзе панаваць голад тры гады ў зямлі тваёй, або тры месяцы ты будзеш уцякаць перад абліччам ворагаў тваіх, якія будуць перасьледаваць цябе, або тры дні будзе пана­ваць пошасьць у зямлі тваёй. І цяпер падумай і ўбач, які адказ мне занесьці Таму, Які мяне паслаў».

14 І сказаў Давід Гаду: «Я ў уціску вялікім! Але патрапіць у рукі ГОСПАДА, бо вялікая міласэрнасьць Ягоная, а ў рукі чалавека не трапляць!»

15 І спаслаў ГОСПАД заразу на Ізраіля ад раніцы да вызначанага часу. І памерла тады, пачынаючы ад Дану да Бээр-Шэвы семдзясят тысячаў чалавек.

16 І выцягнуў анёл руку сваю на Ерусалім, каб яго зьнішчыць, але ГОСПАД зьлітаваўся дзеля няшчасьця і сказаў анёлу, што нішчыў народ: «Досыць, цяпер спыні руку тваю!» А быў анёл ГОСПАДА каля току Араўны Евусэя.

17 І сказаў Давід ГОСПАДУ, калі ўбачыў анёла, які забіваў народ: «Вось, я саграшыў, я вінаваты, але гэтыя авечкі, што яны зрабілі? Прашу, няхай рука Твая будзе супраць мяне і супраць дому бацькі майго!»

18 У той дзень прыйшоў Гад да Давіда і сказаў яму: «Ідзі і пастаў ахвярнік ГОСПАДУ на таку Араўны Евусэя».

19 І пайшоў Давід паводле слова Гада, як загадаў ГОСПАД.

20 І глянуў Араўна, і ўбачыў валадара і слугаў ягоных, што ідуць да яго. І выйшаў ён, і пакланіўся валадару абліччам сваім да зямлі,

21 і сказаў Араўна: «Што за прычына, што прыходзіць гаспадар мой, валадар, да слугі свайго?» І сказаў Давід: «Каб купіць у цябе ток і пабуда­ваць на ім ахвярнік ГОСПАДУ, і тады спыніцца пляга, якая ў народзе».

22 І сказаў Араўна Давіду: «Няхай бярэ гаспадар мой, валадар, і складае ў ахвяру тое, што добрае ў вачах ягоных. Вось, валы на цэласпаленьне, вось, малатарні і ёрмы валовыя на дровы.

23 Усё аддае Араўна валадару валадароў!» І сказаў Араўна валадару: «Няхай ГОСПАД, Бог твой, мае да цябе ласку!»

24 І сказаў валадар Араўне: «Не! Я, купляючы, куплю за грошы ў цябе і не складу для ГОСПАДА, Бога майго, цэласпаленьне, якое задарма». І купіў Давід ток і валоў за пяцьдзясят сыкляў срэбра.

25 І пабудаваў Давід там ахвярнік ГОСПАДУ, і склаў цэласпаленьні і ахвяры мірныя. І зьлітаваўся ГОСПАД над зямлёю, і спыніў плягу для Ізраіля.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help