ЯРЭМІЯ 23 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Яр 23

1 «Гора пастырам, якія губяць і разганяюць авечак статку Майго, кажа ГОСПАД.

2 Дзеля гэтага так кажа ГОС­ПАД, Бог Ізраіля пра пастыраў, якія пасьвяць народ Мой: “Вы расьцярушылі авечак Маіх, і разагналі іх, і ня рупіліся пра іх. Вось, Я наведаю вас за ліхоту ўчынкаў вашых, кажа ГОСПАД.

3 І Я зьбяру рэшту авечак Маіх з усіх земляў, у якія Я выгнаў іх, і вярну іх на пашы іхнія, і будуць яны расьці, і памножацца.

4 І Я пастаўлю над імі пастыраў, і яны будуць пасьвіць іх; і ня будуць яны больш палохацца і баяцца, і ня будуць загубленыя, кажа ГОСПАД.

5 Вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я вырашчу Давіду Парастак праведны, і будзе валадарыць Валадар, і Ён будзе справядлівы, і Ён будзе чыніць суд і праведнасьць на зямлі.

6 У дні Ягоныя будзе збаўлены Юда, і Ізраіль будзе жыць бясьпечна. А гэта імя Ягонае, якім назавуць Яго: "ГОСПАД — праведнасьць нашая".

7 Дзеля гэтага вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і ня будуць больш казаць: "Як жывы ГОСПАД, Які вывеў сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай!",

8 але: "Як жывы ГОСПАД, Які вывеў і прывёў насеньне дому Ізраіля з зямлі паўночнай і з усіх земляў, у якія выгнаў іх, і будуць яны жыць у зямлі сваёй"”».

9 Пра прарокаў. «Разрываецца сэрца маё ў нутры маім, дрыжаць усе косткі мае. Я стаўся, як п’яны, як муж, які перапоўнены віном з прычыны ГОСПАДА і сьвятых словаў Ягоных.

10 Бо зямля напоўнена чужаложнікамі, бо з прычыны праклёну ў жалобе ўся зямля, высахлі пашы ў пустыні, і хада іхняя сталася ліхой, і сіла іхняя — у няправасьці.

11 Бо і прарок, і сьвятар сапсаваныя, і нават у Доме Маім знайшоў Я ліхоту іхнюю, кажа ГОСПАД.

12 Дзеля гэтага шлях іхні будзе сьлізкі для іх, у цемры будуць спатыкацца і ўпадуць, бо Я прывяду на іх ліха ў год наведваньня іхняга, кажа ГОСПАД.

13 І сярод прарокаў Самарыі Я бачыў бязглуздасьць, яны прарочылі ў Баала і падманвалі народ Мой, Ізраіля.

14 І ў прарокаў Ерусаліму Я бачыў брыдоту, чужалоства і хаджэньне ў хлусьні, яны ўмацоўваюць рукі злачынцаў, каб ніхто не навярнуўся ад ліхоты сваёй. Сталіся яны ўсе для Мяне, як Садом, і жыхары ягоныя, як Гамора.

15 Дзеля гэтага так кажа ГОС­ПАД Магуцьцяў пра прарокаў гэтых: “Вось, Я накармлю іх палыном і напаю іх вадою атрутнаю, бо ад прарокаў Ерусалімскіх выйшла бязбожнасьць на ўсю зямлю гэтую”.

16 Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Ня слухайце словаў прарокаў, якія прарочаць вам. Яны зводзяць вас; прамаўляюць прыдумкі сэрца свайго, а ня з вуснаў ГОСПАДА.

17 Яны, кажучы, кажуць тым, якія абражаюць Мяне: “Прамовіў ГОСПАД. Будзе мір вам”. І кожнаму, хто ходзіць у зацьвярдзеласьці сэрца свайго, кажуць: “Ня прыйдзе да вас зло”.

18 Бо хто стаяў на нарадзе ў ГОСПАДА, і бачыў, і чуў словы Ягоныя? Хто прыслухоўваўся да слова Ягонага і пачуў?

19 Вось, бура ад ГОСПАДА, лютасьць выходзіць, і віхор шалее і спадае на галаву бязбожнікаў.

20 Ня вернецца гнеў ГОСПАДА, пакуль Ён ня зьдзейсьніць і пакуль ня выканае намераў сэрца Свайго. У апошнія дні зразумееце гэта ў поўні.

21 Я не пасылаў прарокаў гэтых, а яны пабеглі. Я не прамаўляў да іх, а яны прарочаць.

22 Калі б яны стаялі на нарадзе Маёй, яны б абвесьцілі словы Мае народу Майму і адвярнулі б іх ад ліхога шляху іхняга і ад ліхоты ўчынкаў іхніх.

23 Ці ж Я — Бог, блізка, кажа ГОСПАД, а ня Бог, далёка?

24 Калі чалавек схаваецца ў схове, ці ж Я ня ўбачу яго? — кажа ГОСПАД. Ці ж Я не напаўняю неба і зямлю? — кажа ГОСПАД.

25 Я чуў, што кажуць прарокі, прарочачы ў імя Маё хлусьню і кажучы: “Меў я сон, меў я сон”.

26 Як доўга будзе ў сэрцы прарокаў, якія прарочаць хлусьню і праракуюць прыдумкі сэрца свайго?

27 Яны задумалі зрабіць, каб праз сны іхнія, якія яны распавядаюць адзін аднаму, народ Мой забыўся на імя Маё, як забыліся бацькі іхнія на імя Маё з прычыны Баала.

28 Прарок, які мае сон, няхай распавядае сон, а хто мае слова Маё, той няхай абвяшчае слова Маё праўдзіва! Што салома з зернем? — кажа ГОСПАД.

29 Ці ж словы Мае ня ёсьць, як агонь, кажа ГОСПАД, і быццам молат, які крышыць скалу?

30 Дзеля гэтага Я — супраць прарокаў, кажа ГОСПАД, якія крадуць адзін у аднаго слова Маё.

31 Вось, Я — супраць прарокаў, кажа ГОСПАД, якія карыстаюцца языком сваім і прарочаць, нібы кажа.

32 Вось, Я — супраць прарокаў са снамі фальшывымі, кажа ГОСПАД, яны распавядаюць іх і падманваюць народ Мой хлусьнёй сваёй і махлярствам сваім. Я не пасылаў іх і не загадваў ім; і няма ад іх карысьці для народу гэтага, кажа ГОСПАД.

33 Калі народ гэты, або прарокі, або сьвятар спытаюцца ў цябе, кажучы: “Які цяжар ад ГОСПАДА?”, адкажаш ім: “Вы — цяжар, і Я адкінуў вас, кажа ГОСПАД”.

34 І прарока, і сьвятара, і народ гэты, які кажа: “Цяжар ад ГОСПАДА”, Я пакараю, і яго самога, і дом ягоны.

35 Гэта будзе казаць кожны бліжняму свайму і кожны брату свайму: “Што адказаў ГОСПАД?”, або: “Што прамовіў ГОСПАД?”

36 І ня ўзгадвайце больш пра “цяжар ад ГОСПАДА”, бо станецца цяжарам кожнае слова ягонае, бо вы перакруцілі словы Бога жывога, ГОСПАДА Магуцьцяў, Бога нашага.

37 Гэтак скажаш прароку: “Што адказаў табе ГОСПАД?”, і: “Што прамовіў ГОСПАД?”

38 А калі вы скажаце “Цяжар ад ГОСПАДА”, тады гэта кажа ГОСПАД: “За тое, што вы кажаце слова гэтае “Цяжар ад ГОСПАДА”, а Я паслаў да вас, кажучы: “Не кажыце: "Цяжар ГОСПАДА"”,

39 вось, Я падымаючы, падыму вас і выкіну ад аблічча Майго вас і горад, які Я даў вам і бацькам вашым,

40 і аддам вас на сорам вечны і на ганьбу вечную, якая ня будзе забытая”».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help